«На здароўе не наракае, рыхтуецца да калоніі». Вярхоўны суд адмовіўся мяняць вырак журналісту Ігару Карнею


Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд журналісту Ігару Карнею: 3 гады калоніі і 20 тысячаў рублёў штрафу, пішуць радыё «Свабода» і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Карнея абвінавацілі ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

Журналіст Ігар Карней.
Крыніца: «Вясна» / spring96.org

Вярхоўны суд 7 чэрвеня разгледзеў скаргу журналіста-фрылансера Ігара Карнея на вырак суддзі Менскага гарадскога суда Сяргея Кацара і пакінуў прысуд без зменаў: 3 гады калоніі і 20 тысячаў рублёў штрафу.

Раней паведамлялася, што апеляцыю будзе вывучаць судовая калегія пад старшынёўствам суддзі Аляксандра Саўчука, ці адбыліся ў складзе нейкія змены, невядома.

Карнея абвінавацілі ва «удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Ён нібыта меў супрацу з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якой цяперашнія ўлады летась надалі «экстрэмісцкі» статус.

Разгляду апеляцыйнай скаргі журналіст чакаў у Магілёўскім СІЗА. Неўзабаве яго этапуюць у калонію.

Hавiны
Журналісту Ігару Карнею прысудзілі 3 гады калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»
2024.03.22 13:03

У лістах на волю спадар Ігар не здароўе не скардзіцца, паведамляе радыё «Свабода»:

«Харчаванне сярэдняе, вагі не набярэш, але руху не хапае, таму не схуднеў. Скардзіцца толькі на цыгарэтны дым у камеры. Камера разлічаная на 18 чалавек, з іх, акрамя яго, толькі адзін не курыць. Праз гэта наскрозь прапах нікацінам».

За кратамі, як апавядаюць сваякі, журналіст «адукоўвае сукамернікаў, бо бальшыня не тое што ўніверсітэтаў, школы не заканчвалі»:

«Размаўляе з імі на беларускай мове. Наракае на беднасць турэмнай бібліятэкі, але адзначае, што ўсё ж ёсць шмат беларускай класікі. Чытае Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанку, Янку Купалу. Настрой бадзёры, нягледзячы на ўмовы. Рыхтуецца да калоніі – вучыцца гуляць у нарды. Кажа, што там гэта прыдасца».

56-гадовага Ігара Карнея затрымалі ў ліпені летась пасля ператрусу ў ягонай кватэры. Спачатку журналісту прызначылі адміністратыўны арышт, але на волю ён не выйшаў – з Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА.

У сакавіку сёлета быў прызнаны палітвязнем.

Ігар Карней – былы карэспандэнт радыё «Свабода», сярод іншага вядомы як аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і трэвэл-блогер.

Hавiны
«Карыфей журналістыкі». Што вядома пра Ігара Карнея, якому пагражае 6 гадоў няволі
2024.03.19 20:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў