Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі 378-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец стаіць перад зенітным кулямётам у Сіверску, Данецкая вобласць, Украіна. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

Цягам апошніх содняў вайны Узброеныя сілы РФ працягвалі наступаць на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках на ўсходзе Украіны.

У сваю чаргу сілы абароны адбілі больш на 100 атак на вышэйзгаданых кірунках.

Паводле ўкраінскага камандавання, на купянскім і ліманскім кірунках – паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай – расейцы праводзілі наступальныя дзеянні ў ваколіцах населеных пунктаў Гранікаўка, Белагораўка, Спірнае, Выемка, Невельскае і Фёдараўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што войскі РФ прасунуліся ад Дзібровы ў бок Зарэчнага.

Праект Deepstate фіксуе працяг баёў у лясах пад Крэмінной, каля Макееўкі і Плашчанкі. Прычым у ваколіцах апошняга населенага пункту адзначаецца частковы поспех расейцаў.

На бахмуцкім кірунку Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны адзначае няўдалыя наступы праціўніка каля Бярхоўкі, Дубова-Васільеўкі, Арэхава-Васільеўкі, Багданаўкі, Іванаўскага і Кляшчэеўкі. У гэты ж час працягваецца штурм самога Бахмуту.

Deepstate фіксуе захоп раёну Ільінаўка, а таксама працяг прасоўвання войскаў РФ ва ўсходняй частцы гораду.

Між тым кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўгеній Прыгожын заявіў, што ягоныя войскі цалкам захапілі ўсходнюю частку Бахмуту (на ўсход ад ракі Бахмутка).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сваякі развітваюцца з 29-гадовай Янай Рыхліцкай, медыкам украінскай арміі, забітай у раёне Бахмута. Вінніца, Украіна. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Thibault Camus / AP Photo / East News

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што Збройныя сілы Украіны паступова адыходзяць з гораду. Пры гэтым праводзяцца контратакі з ваколіцаў Багданаўкі, Іванаўскага і Хромава дзеля захавання наземнага калідору з Бахмуту ў Часаў Яр і Канстанцінаўку.

На аўдзееўскім і шахцёрскім кірунках у Данецкай вобласцяў расейцы наступалі ў бок населеных пунктаў Александропаль, Камянка, Севернае, Вадзяное, Мар’інка і Новаміхайлаўка.

Разам з тым Узброеныя сілы РФ захапілі сяло Вясёлае (Каля Аўдзееўкі) і цяпер намагаюцца палепшыць сваё тактычнае становішча. Таксама праціўнік мае поспех на поўначы ад Вадзянога.

Агулам цяпер на гэтых кірунках расейцы намагаюцца захапіць Мар’інку і Вуглядар, а таксама атачыць Аўдзееўку.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца адносна стабільнай.

Паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў вайны было знішчана каля 700 расейскіх вайскоўцаў, пасля чаго агульныя беззваротныя страты РФ перавысілі 155 тысяч чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў