«Свабода»: Украіна магла перадаць Расеі ўзятага ў палон супрацоўніка КДБ Беларусі


Асуджаны ва Украіне грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык з вялікай імавернасцю ўвайшоў у лік 90 палонных расейскіх вайскоўцаў, якіх Украіна перадала 7 сакавіка Расеі ў абмен на 130 сваіх вайскоўцаў. Да такой высновы прыйшлі журналісты радыё «Свабода», якія апазналі яго на відэа ад Міністэрства абароны РФ.

Паводле «Нашай нівы», на фота – грамадзянін Беларусі Максім Зязюльчык, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон ва Украіне.
Фота: nashaniva.com

Абмен адбываўся на мяжы Украіны з Белгародскай вобласцю. Максім Зязюльчык знаходзіўся ў аўтобусе разам з расейцамі. У Расеі былым палонным перадалі пакеты з рэчамі, тэлефоны для сувязі са сваякамі і гумавыя боты.

Грамадзяніну Беларусі Зязюльчыку 22 гады. Пасля каледжу адслужыў тэрміновую службу ў адной з частак сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі. Затым, паводле СБУ, мужчына ў снежні 2020 года паступіў на службу ў 2-і антытэрарыстычны аддзел КДБ на пасаду выведніка.

Ва Украіну прыбыў 21 ліпеня 2022 года, атрымаў зброю на пасадзе кулямётчыка ў горадзе Ізюм Харкаўскай вобласці. Служыў у падраздзяленні «Ветэраны» кулямётчыкам-рэтранслятарам у ПВК «Рэдут». 19 верасня яго ўзялі ў палон недалёка ад Сватава Луганскай вобласці.

Зязюльчык быў асуджаны 18 студзеня ў Кіеве на 10 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у якасці найміта ў баявых дзеяннях ва Украіне. Служба бяспекі Украіны 21 студзеня заявіла, што ён быў супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Сярод ягоных асноўных задачаў быў збор выведных звестак пра ўзоры замежнага ўзбраення, якія паступаюць ЗСУ ад заходніх партнёраў. Таксама ён спрабаваў даведацца планы магчымага ўдзелу расейскіх ПВК у спробах адхілення ад улады Лукашэнкі.

2 сакавіка Украіна дадала яго ў спіс для перадачы Расеі ў межах абмену палоннымі. Адпаведнае рашэнне ўхваліў украінскі суд.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў