Абвастрэнне, якое чакалася. Што трэба ведаць пра новую хвалю паветранага тэрору супраць Украіны


У канцы снежня 2023 году Расея распачала новую кампанію паветранага тэрору супраць гарадоў Украіны. Серыю ўдараў, якую агрэсар ладзіў у апошнія два тыдні, ужо можна лічыць адной з найбольш інтэнсіўных і магутных за ўсю вайну. Навошта Расея актывізавала ракетныя абстрэлы і якія наступствы гэта будзе мець?

Пажарныя тушаць агонь у шматпавярховым доме, разбураным у выніку ракетнага абстрэлу Кіева, Украіна. 2 студзеня 2024 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

«Столькі цэляў мы яшчэ не бачылі»

Старт новай кампаніі паветранага тэрору быў дадзены ноччу і раніцай 29 снежня, калі расейцы зладзілі масаваную камбінаваную атаку на Украіну адразу з некалькіх кірункаў. Усяго ў той дзень расейцы запусцілі каля 110 ракетаў і некалькі дзясяткаў дронаў-камікадзэ – па Кіеву, Львову, Харкаву, Дняпру, Запарожжу і Адэсе. «Столькі цэляў адначасова на нашым маніторы мы яшчэ не бачылі», – прызнаваліся ў Паветраных сілах ЗСУ.

Гэта была адна з найбольш жахлівых паветраных атак за ўвесь час вайны: загінулі 53 чалавекі, а каля 170 атрымалі раненні. Мэтай агрэсара была сацыяльная і крытычнай інфраструктура. Пад ударам апынуліся жылыя дамы і навучальныя ўстановы, радзільня, гандлёвы цэнтр, складскія памяшканні і паркоўкі.

Удары па цывільных аб’ектах і інфраструктуры працягваліся ў наступныя дні, найбольш магутныя з іх адбыліся 2 і 8 студзеня.

30 снежня каля трох дзясяткаў чалавек атрымалі раненні ў выніку ракетнага ўдару па Харкаву. Расейцы масава запускалі дроны-камікадзэ ў ноч на 31 снежня і ў навагоднюю ноч, некалькі чалавек загінулі.

2 студзеня расейская армія запусціла па Украіне 99 ракетаў: агрэсар цэліўся ў цывільную і крытычную інфраструктуру, прамысловыя і вайсковыя аб’екты, у асноўным у Кіеве і Харкаве. Агулам загінулі 6 чалавек, больш за 90 атрымалі раненні.

Hавiны
Расею падазраюць у выкарыстанні супраць Украіны ракетаў, атрыманых ад КНДР
2024.01.05 22:43

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі канстатаваў, што ўсяго цягам пяці дзён (29 снежня – 2 студзеня) расейцы запусцілі па Украіне каля 500 паветраных цэляў – ракетаў і беспілотнікаў.

5-7 студзеня РФ зноў атакавала Украіну дронамі-камікадзэ «Shahed». 6 студзеня ў выніку ракетнага ўдару па гораду Пакроўск загінулі 11 чалавек, у тым ліку 5 дзяцей. У ноч на 8 студзеня расейцы запусцілі 51 ракету і 8 беспілотнікаў па розных аб’ектах у Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай і Хмельніцкай абласцях. Мінімум чатыры чалавека загінулі і 33 атрымалі раненні.

Абноўлена
Расейцы масавана атакавалі раніцай Украіну. Ёсць разбурэнні, пацярпелыя і загінулыя
2024.01.08 09:53

Чаму Расея актывізавала ўдары?

У медыях часта звяртаюць увагу на тое, што новая хваля паветранага тэрору распачалася неўзабаве пасля таго, як ЗСУ патапілі вялікі дэсантны карабель Чарнаморскага флоту «Навачаркаск». Пасля гібелі расейскага карабля Z-каналы шмат пісалі пра неабходнасць «удара адплаты». Але насамрэч лічыць апошнія абстрэлы помстай за «Навачаркаск» не выпадае. Масавасць удараў указвае на тое, што расейцы рыхтаваліся да іх доўга і мэтанакіравана.

Расея не мае магчымасці пастаянна падтрымліваць высокую інтэнсіўнасць паветраных удараў па Украіне. Запасы ракетаў у агрэсара абмежаваныя, як і здольнасці вайсковай прамысловасці гэтыя запасы папаўняць. Таму звычайна перыяды актывізацыі паветранай вайны змяняюцца перыядамі адноснага зацішша, падчас якога расейцы зноў назапашваюць рэзервы.

Гэтак у кастрычніку 2022 года Расея распачала маштабную кампанію знішчэння цывільнай энергетычнай інфраструктуры Украіны, пакідаючы насельніцтва без святла, цяпла і вады. У лістападзе-снежні энергетычны крызіс дасягнуў свайго піку. Але ў канцы студзеня 2023 года сітуацыя стабілізавалася: з аднаго боку, расейцы адчулі дэфіцыт ракетаў, з іншага боку ўкраінцы пачала атрымоўваць заходнія сістэмы СПА і ўсё больш эфектыўна абаранялі свае гарады. Як вынік, масавыя абстрэлы сталі адбывацца значна радзей.

Людзі схаваліся на станцыі метро падчас чарговай паветранай трывогі з-за масіраванага ракетнага абстрэлу Украіны. Кіеў, Украіна. 29 снежня 2023 года.
Фота: Sergei Chuzavkov / AFP / East News

У другой палове вясны 2023 году інтэнсіўнасць удараў па ўкраінскіх гарадах рэзка вырасла – імаверна, такім чынам расейцы разлічвалі сарваць падрыхтоўку контрнаступу ЗСУ. Потым у паветранай вайне зноў наступіла адноснае зацішша.

Сама логіка падзеяў падказвала, што гэта зацішша перад чарговай бурай. У лістападзе ўкраінскія вайскоўцы казалі пра тое, што Расея паступова назапашвае рэсурсаў для ўдараў па крытычнай інфраструктуры Украіны зімой і мае ў рэзерве ўжо каля 800-900 высокадакладных ракетаў. Праўда, у ЗСУ пры гэтым заяўлялі, што восенню 2022-га, перад пачаткам серыі атакаў на энергетычную інфраструктуру, расейцы мелі ў сваім арсенале значна больш – 1600 ракетаў.

Сама па сабе кампанія па знішчэнню цывільнай энергетычнай інфраструктуры Украіны выглядала неад’емнай часткай вайны на знясілення, на якую робіць стаўку Уладзімір Пуцін. Акрамя таго, ракетныя атакі важны для Крамля ва ўнутрыпалітычным сэнсе: навіны пра «ўдары па цэнтрам прыняцця рашэнняў» павінны кампенсаваць адсутнасць перамогаў на фронце, дзе расейская армія працягвае таптацца на месце. Па сутнасці, паветраны тэрор цяпер адзіная магчымасць распальваць ура-патрыятычныя настроі сярод той часткі грамадства, якая мае вострую патрэбу ў дэманстрацыі «сілы расейскай зброі».

Аналітыка
Расея атакуе, але выйсці з пазіцыйнага тупіка не можа. Тлумачым, што адбываецца на фронце
2023.12.27 19:15

Таму актывізацыя ракетных удараў фактычна была непазбежнай і ўсе гэта разумелі.

«Зіма будзе цяжкай», – папярэджваў Зяленскі ў лістападзе.

Поспехі, няўдачы і наступствы

Мяркуючы па ўсім, эфектыўнасць новай кампаніі па знішчэнню цывільнай інфраструктуры Украіны пакуль значна ніжэй, чым была ў 2022 годзе. Тады ракетныя ўдары з самалётаў, наземных установак і караблёў, а таксама масавае выкарыстанне танных дронаў-камікадзэ прывялі да таго, што сітуацыя з электраэнергіяй стала крытычнай. У другой палове лістапада 2022 года ўкраінскі ўрад прызнаваў, што акупанты знядзеілі амаль 50 % энергасістэмы Украіны.

Цяпер паветраныя атакі таксама прыводзяць да пашкоджання аб’ектаў энергасістэмы, часовага знікнення святла і цяпла. Напрыклад, у выніку атакі 2 студзеня на некалькі гадзінаў засталіся без электраэнергіі амаль 250 тысяч чалавек. Аднак гэтыя праблемы маюць лакальны характар і не ідуць ні ў якое параўнанне з сітуацыяй 2022 году.

Нацыянальная энергетычная кампанія «Укренерго» сцвярджае, што атакі апошняга часу «не неслі крытычнай пагрозы». Улады пакуль не бачаць неабходнасці ў надзвычайных захадах. Мяркуючы па афіцыйнай інфармацыі, энергасістэма Украіны цяпер больш пакутуе ад дрэннага надвор’я, чым ад абстрэлаў.

У пачатку 2024 году Украіна выглядае значна больш падрыхтаванай да паветраных удараў па інфраструктуры, чым гэта было ў 2022 годзе. Працаўнікі энергетычнай галіны маюць досвед і даўно адпрацавалі алгарытмы дзеянняў у крызісных умовах.

«Мы гэта праходзілі каля 20 разоў. Гэта, канешне, створыць нам дадатковыя праблемы. Але я ўпэўнены, што гэта будзе пытанне працягласці магчымых перабояў у энергазабеспячэнні з-за пашкоджання некаторых абʼектаў, але калапсу энергасістэмы не адбудзецца. Вораг гэтага не дасягне», – упэўнена заявіў кіраўнік праўлення «Укренерго» Уладзімір Кудрыцкі.

Неба над украінскімі гарадамі цяпер абаронены значна лепш у параўнанні з 2022 годам – тады ЗСУ яшчэ не мелі на ўзбраенні заходніх сістэмаў СПА і не ведалі, як эфектыўна супрацьстаяць масаваму запуску дронаў-камікадзэ.

Масаваныя ракетныя ўдары па крытычнай інфраструктуры ў канцы 2022 года не дапамаглі Расеі дасягнуць карэннага пералому ў вайне і цяпер, у 2024 годзе, расейцы мае яшчэ менш шанцаў дамагчыся гэтага. Праўда, наўрад ці Масква ў прынцыпе ставіць такія звышзадачы: як элемент вайны на знясілення паветраны тэрор каштоўны для агрэсара сам па сабе.

Цяпер Расея імкнецца перагрузіць сістэму СПА Украіны. Расейцы камбінуюць запускі ракетаў і дронаў з розных кірунках, выкарыстоўваюць розныя маршруты і траекторыі, каб заблытаць украінскіх зенітчыкаў. Акрамя таго, агрэсар хоча скарыстацца тым, што заходніх сістэмаў СПА ў ЗСУ яшчэ недастаткова, каб аднолькава эфектыўна абараняць усю тэрыторыю краіны. Менавіта таму геаграфія ракетных удараў настолькі шырокая: ад Львова да Харкава, ад Адэсы да Кіева.

Ратавальнікі і мясцовыя жыхары разбіраюць завалы пасля расейскіх удараў у Зміеве, Харкаўская вобласць, Украіна. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Sergey Bobok / AFP / East News

Наступствы «перагрэву» украінскай СПА можна заўважыць нават па афіцыйных справаздачах. Напрыклад, 8 студзеня з 58 паветраных цэляў (51 ракета і 8 дронаў) ЗСУ знішчылі толькі 26 (18 і 8 адпаведна). То бок збіць атрымалася менш за палову цэляў. Пры тым, што ў 2023 годзе ў сярэднім украінскія СПА дэманстравалі эфектыўнасць на ўзроўні каля 90%, а ў асобныя дні нават даходзіла да паказнікаў у 95-100%.

Як і падчас мінулых перыядаў эскалацыі, адкрытым застаецца пытанне, хто першым вычарпае рэсурсы: расейцы або ўкраінцы. У мінулыя разы кампаніі паветранага тэрору сканчаліся не таму, што агрэсар дасягаў сваіх мэтаў, а таму што расейскае войска проста зазнавала «ракетны голад».

Цяперашняе ўзмацненне паветранага тэрору мае наступствы не толькі для Украіны, але і для Расеі. Пасля 29 снежня пад абстрэлы ўсё часцей сталі трапляць расейскія паселішчы, у першую чаргу Белгарад. Паводле звестак уладаў РФ, 30 снежня ў выніку абстрэлу Белгараду загінулі 25 чалавек і каля 100 атрымалі раненні.

5 студзеня губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ўлады распачалі эвакуацыю жыхароў Белгараду, якім страшна заставацца ў горадзе. Падзею можна лічыць знакавай: упершыню з-за вайны ва Украіне расейскія ўлады вырашылі вывозіць жыхароў аднаго са сваіх абласных цэнтраў. Раней расейцы ладзілі эвакуацыі толькі з акупаваных тэрыторыяў, а таксама з Шабекінскай і Грайваронскай акругаў Белгародскай вобласці.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў