Расейскія ракеты трапілі ў радзільны дом і ў ГЦ у Дняпры, у жылыя дамы ў Кіеве і Львове


Масаваная расейская паветраная атака на гарады Украіны, што распачалася ўначы, працягнулася раніцаю. Падобна, гэта адна з самых моцных атак за ўвесь час вайны.

У Дняпры ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр.

Тэлеграм-канал «Дніпро Оперативний» піша пра пашкоджанне радзільнага дому і медычнага складу.

Інфармацыю пра ракетны ўдар па радзільні і ГЦ у Дняпры афіцыйна пацвердзіў прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.

Паводле кіраўніка Днепрапятроўскай АДА Сяргея Лысака, раненні атрымалі 15 чалавек, загінулі мінімум чацвёра.

Вынікі ракетнага ўдару па Дняпры, 29 снежня 2023 года.
Фота: dnipropetrovskaODA / Telegram
Вынікі ракетнага ўдару па Дняпры, 29 снежня 2023 года.
Фота: dnipropetrovskaODA / Telegram
Вынікі ракетнага ўдару па Дняпры, 29 снежня 2023 года.
Фота: dnipropetrovskaODA / Telegram

Тэлеграм-каналы публікуюць відэа трапляння ў жылы дом у Кіеве.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведамляе пра шпіталізацыю сямёх жыхароў гораду на 9:46. Шасцёра з іх – у Шаўчэнаўскім раёне, там пашкоджаны жылы будынак. Таксама гарэлі гаражы і складскія памяшканні. Пад заваламі ёсць людзі.

Кіеўская гарадской вайсковая адміністрацыя (КГВА) паведамляе пра ўзгаранне шматпавярховага, але незаселенага будынку ў Святошынскім раёне. У іншых месцах раёну гараць аўтамабілі. Ёсць адзін пацярпелы.

Ва ўкраінскай сталіцы пашкоджаны будынак станцыі метро «Лукʼянаўская». Гараць складскія памяшканні ў Падольскім раёне.

«Шмат параненых, колькасць удакладняецца. Шукаюць пацярпелых», – паведамляюць у КГВА.

Акрамя таго, пашкоджаны будынак у прыватным сектары ў Дарныцкім раёне Кіева.

На 10:48 КГВА заяўляла, што агулам у сталіцы атрымалі раненні 17 чалавек. А 10:52 Клічко паведаміў, што з-пад завалаў у Шаўчэнкаўскім раёне дасталі цела загінулага.

Мэр Львова Андрэй Садавы паведаміў пра траплянні ў жылы будынак і пажар у адным з львоўскіх ліцэяў.

Кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі паведамляе, што ракета трапіла ў жылы будынак на вуліцы Хаткевіча. Адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненні.

Пазней Андрэй Садавы паведаміў, што агулам атрымалі раненні ў Львове васьмёра чалавек. Пашкоджаныя тры школы і дзіцячы садок.

У Львове ў выніку ракетнага ўдару пашкоджаныя школы.
Фота: andriysadovyi / Telegram

Харкаўская абласная вайсковая адміністрацыя паведамляе, што ў выніку ракетнай атакі загінуў 35-гадовы мужчына. Пашкоджаны абʼекты цывільнай інфраструктуры: медычныя ўстановы, прадпрыемствы.

Кіраўнік Адэскай АДА Аляксандр Харлоў заявіў, што ў Адэскай вобласці загінулі два чалавекі і 10 атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей.

Паведамляюць пра выбухі ў Запарожжы і Хмяльніцкай вобласці.

Спікер Паветраных сілаў Юрый Ігнат заявіў, што расейцы запускалі ракеты Х-22 і Х-32, Х-101/Х-555, «Кінжал», С-300 і дроны-камікадзэ «Shahed-136». «Столькі цэляў адначасова на нашым маніторы мы яшчэ не бачылі», – канстатаваў ён.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў