«Нам страшна». Расейскія ўлады распачалі эвакуацыю жыхароў Белгараду


Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ўлады гатовыя дапамагчы з эвакуацыяй тым, хто не адчувае сябе ў бяспецы ў Белгарадзе. Летась у Белгарадзе пражывала больш за 340 тысяч чалавек.

Вынікі абстрэлу Белгараду, 5 студзеня 2023 году.
Фота: vvgladkov / Telegram

Гладкоў заявіў, што па стане на 5 студзеня «сітуацыя ў Белгарадзе працягвае заставацца няпростай», ноччу горад зноў трапіў пад абстрэл.

«Бачу некалькі зваротаў у сацыяльных сетках, дзе пішуць: «Нам страшна, дапамажыце нам выехаць у бяспечнае месца». Вядома, дапаможам! Ужо некалькі семʼяў перавезлі. Усё, што ад нас залежыць, мы робім», – падкрэсліў ён.

Гладкоў раіць звяртацца ў прыёмную губернатара Белгарадскай вобласці, у прыёмную мэра гораду ці па тэлефонах тэрміновых службаў.

«Трэба паведаміць аб тым, што вы гатовыя выехаць. Ужо сёння мы гатовы вас перавезці ў Стары Аскол і Губкін, дзе вы будзеце знаходзіцца ў дастаткова камфортных умовах, у цёплых і бяспечных нумарах. Вы будзеце знаходзіцца там столькі часу, колькі гэта будзе неабходна. Не хопіць месцаў у нашых пунктах часовага размяшчэння на тэрыторыі нашага рэгіёну, значыць, буду звяртацца да сваіх калег, губернатараў іншых рэгіёнаў, каб яны аказалі нам дапамогу», – растлумачыў ён.

Выданне «Агентство» звяртае ўвагу, што ўпершыню з-за вайны ва Украіне расейскія ўлады вырашылі вывозіць жыхароў рэгіянальнай сталіцы ў міжнародна прызнаных межах Расеі. Раней улады РФ ладзілі эвакуацыі толькі з акупаваных тэрыторыяў, а таксама з Шабекінскай і Грайваронскай акругаў Белгародскай вобласці.

Фота
Языкі полымя ў Кіеве ды разбурэнні ў Харкаве. Наступствы авіяўдараў па Украіне
2024.01.02 16:52

Нагадаем, у канцы снежня 2023 году Расея распачала новую кампанію паветранага тэрору супраць гарадоў Украіны: ахвярамі масаваных ракетных удараў сталі дзясяткі мірных жыхароў. Толькі ў выніку атакі 29 снежня па ўсёй Украіне загінулі 53 чалавекі, а каля 170 атрымалі раненні. Удары па цывільных аб’ектах і інфраструктуры ў наступныя дні таксама прыводзілі да гібелі мірных жыхароў.

Аб’ектыў
Ва Украіне на Новы год жалоба пасля масаваных расейскіх абстрэлаў
2023.12.30 22:32

Пасля гэтага пад абстрэлы ўсё часцей сталі трапляць расейскія паселішчы, у першую чаргу Белгарад. Паводле звестак уладаў РФ, 30 снежня ў выніку абстрэлу Белгараду загінулі 25 чалавек і каля 100 атрымалі раненні.

Аб’ектыў
Расея працягвае тэрор
2024.01.02 20:48

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў