Ва Украіне на Новы год жалоба пасля масаваных расейскіх абстрэлаў


Колькасць загінулых у Кіеве ўзрасла да 16 чалавек. Па ўсёй Украіне – 39. Ракетная атака Расеі на ўкраінскую сталіцу, здзейсненая ўчора, была найбуйнейшай паводле колькасці ахвяраў сярод мірных жыхароў за ўвесь час вайны. Мэр Кіева Віталь Клічко абвесціў 1-га студзеня днём жалобы.

«На жаль, 2023 год заканчваецца гэтак жа, як і пачаўся: разбуральным гвалтам супраць народу Украіны. Украінцы зноў вымушаныя праводзіць канікулы ў пошуках бамбасховішчаў, расчышчаючы завалы і хаваючы загінулых пры мінусавай тэмпературы. У новым годзе ў надзеі пазбегчы далейшай эскалацыі мы ўзгадваем заклік генеральнага сакратара да ўсіх зацікаўленых бакоў зрабіць свой унёсак, каб дапамагчы закласці аснову для ўстойлівага міру ва Украіне ў адпаведнасці са Статутам ААН, міжнародным правам і рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі».

Такімі словамі памочнік генеральнага сакратара ААН Халед Хіяры адкрыў экстраннае паседжанне Рады бяспекі, прысвечанае масавым абстрэлам цывільнай інфраструктуры ва Украіне. Саюзнікі Кіева, сярод якіх ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя, выказалі заклапочанасць. Канкрэтыкі наконт таго, як спыніць Пуціна, не прагучала.

«Зло, якое не пакаранае, яно кратна павялічваецца. І цалкам відавочна, што такая імпатэнтная пазіцыя ключавых палітычных лідараў нашага свету яна, уласна кажучы, усяляк правакуе Пуціна на здзяйсненне іншых актаў генацыду і тэрору», – заявіў вайсковы аглядальнік, экс-спікер Генштабу ЗСУ Уладзіслаў Селязнёў.

На Радзе бяспекі ААН выступіў і прадстаўнік Польшчы. Ён расказаў прысутным пра інцыдэнт, калі падчас расейскага абстрэлу Украіны адна з ракетаў заляцела ў паветраную прастору Польшчы на глыбіню да 40 кіламетраў.

«Я інфармую Раду бяспекі пра гэты інцыдэнт, бо мы выразна бачым у ім элемент сітуацыі, створанай апошняю хваляю расейскіх нападаў. Мы просім у Расеі тлумачэнняў адносна парушэння паветранай прасторы Польшчы і заклікаем Расею неадкладна спыніць такога кшталту дзейнасць і правакацыі!», – заявіў прадстаўнік Польшчы пры ААН Кшыштаф Шчэрскі.

Учора ўвечары ў МЗС Польшчы выклікалі часовага паверанага ў справах Расеі ў Варшаве Андрэя Ардаша. Яму ўручылі ноту пратэсту.

«Рэакцыя ўрада Польшчы з’яўляецца недастатковай! Здзейснены акт узброенай агрэсіі. Расейская ракета заляцела на тэрыторыю рэспублікі Польшча. Гэта фактычна акт агрэсіі, які павінен адпаведным чынам камунікавацца. У мяне няма абсалютнай упэўненасці ў тым, што нашыя польскія сябры гатовыя задзейнічаць увесь механізм і палітычных і вайсковых варыянтаў, для таго, каб спыніць акт агрэсіі», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

У адказ на шырокамаштабныя абстрэлы Украіны ЗСУ сёння ў абед ударылі па вайсковых абʼектах расейцаў у Белгародскай вобласці. Пасля працы расейскай супрацьпаветранай абароны ў цэнтры Белгараду ўпалі аскепкі. На момант рыхтавання гэтага матэрыялу мясцовыя ўлады паведамілі пра 15 загінулых і 100 параненых.

Агляд
Пазіцыйная барацьба без істотных зменаў па фронце. Што адбываецца ва Украіне?
2023.12.30 18:42

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»