Алег Луцкін, бацька палітзняволенай Ксеніі Луцкіной, паведаміў, што ягоная дачка па-ранейшаму пачуваецца вельмі дрэнна. «Час ад часу здараюцца прыступы, тады траціць прытомнасць», – распавёў ён газеце «Народная воля».
Ксенія Луцкіна, колішняя журналістка Белтэлерадыёкампаніі, адбывае ў гомельскай калоніі 8-гадовы тэрмін. У палітзняволенай – анкалагічнае захворванне, цяпер чакае МРТ.
Ейны бацька Алег Луцкін канстатаваў, што дачка пачуваецца дрэнна:
«Кажа, што вяжа ў калоніі вяхоткі. Натуральна, калі здароўе дазваляе. Час ад часу ў яе здараюцца прыступы, тады траціць прытомнасць. Але свой план па вяхотках усё роўна выконвае».
Луцкін сказаў, што дачцэ рэгулярна дазваляюць званіць, здараюцца размовы і па відэасувязі.
«Пару дзён таму яна мне тэлефанавала, і я адмыслова ўдакладніў, ці вазілі яе на МРТ. На жаль, не вазілі. Стаіць у чарзе на абследаванне – вось і ўсё, што вядома. Але ўсе неабходныя лекі перадаем, Ксеніі дазволілі медычную перадачу».
Ксенію Луцкіну асудзілі паводле абвінавачвання ў «змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады». У леташнім верасні прысуд агучыла суддзя Таццяна Фалькоўская.
Сяргей Крот belsat.eu