Польшча адмовілася праводзіць Кубак свету па фехтаванні праз допуск на яго беларусаў і расейцаў


Польская федэрацыя фехтавання прыняла рашэнне не праводзіць этап Кубка свету па фехтаванні на рапірах сярод жанчын. Ён мусіў адбыцца 2123 красавіка ў Познані.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: FIE_fencing / Twitter

Спаборніцтвы па фехтаванні адмянілі праз тое, што Міжнародная федэрацыя фехтавання дапусціла да ўдзелу ў іх спартоўцаў з Беларусі і Расеі. У сваю чаргу польскія арганізатары паведамілі, што будуць праяўляць салідарнасць з удзельнікамі з Украіны.

«Польская асацыяцыя фехтавання падтрымлівае Федэрацыю фехтавання Украіны ў яе намаганнях выдаліць са спаборніцтваў і сусветнага фехтавальнага асяроддзя людзей, якія падтрымліваюць жорсткую вайну ва Украіне і падтрымліваюць рэжым Уладзіміра Пуціна, таму, як арганізатар Кубка свету ў Познані, не маглі змірыцца з такой сітуацыяй», – сказана ў заяве.

Раней з гэтай жа прычыны ад правядзення этапаў адмовіліся ў Нямеччыне, Францыі, Фінляндыі і Даніі. Федэрацыя фехтавання Польшчы далучылася да пратэсту.

Нагадаем, што раней большасць членаў Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE) падтрымалі вяртанне спартсменаў з Беларусі і Расеі ў спаборніцтвы. Тады 89 галасамі «за» пры 49 галасах «супраць» FIE вырашыла зняць бан з беларускіх і расейскіх спартоўцаў, уведзены неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне. Рашэнне прынялі яшчэ да абнародавання новых рэкамендацый МАК 10 сакавіка, які афіцыйна параіў дапускаць спартсменаў з дзвюх краінаў да індывідуальных спаборніцтваў пры ўмове, што яны будуць выступаць пад нейтральным сцягам і не падтрымліваюць вайну ва Украіне.

Са свайго боку, Украіна ўжо аб’явіла аб байкоце фехтавальных турніраў, у якіх будуць удзельнічаць расейцы і беларусы.

Hавiны
Беларускіх і расейскіх фехтавальнікаў пусцяць на міжнародныя турніры пад нейтральным сцягам
2023.03.10 19:36

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў