«BELPOL»: У Беларусі сабраліся легалізаваць баевікоў ПВК Вагнэра


Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» расказала, што з некалькіх не звязаных між сабой крыніц атрымала звесткі аб намеры легалізаваць знаходжанне ў Беларусі расейскіх баевікоў праз службу ў войску па кантракце.

Баевікі расейскай групы Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Пасля няўдалага расейскага мяцяжу Яўгенія Прыгожына і «прыватнай вайсковай кампаніі» Вагнэра Аляксандр Лукашэнка запрасіў частку баевікоў і іхнага лідара пад «гарантыі бяспекі». Нават пасля раптоўнай смерці Прыгожына частка ягоных баевікоў засталася ў Беларусі. Паступова яны пачалі раз’язджацца, але некаторыя застаюцца ў Беларусі: пад крылом камандуючага ўнутраных войскаў Мікалая Карпянкова вучаць сілавікоў.

ПВК Вагнэра – незаконнае ўзброенае фармаванне паводле як расейскіх, так і беларускіх законаў. Але Крэмль актыўна выкарыстоўваў групоўку ў сваіх інтарэсах у іншых краінах, баевікі ваявалі ў краінах Афрыкі і бяруць актыўны ўдзел у вайне ва Украіне. Іх падазраюць у шматлікіх ваенных злачынствах.

Як сцвярджае «BELPOL», у Беларусі вырашылі легалізаваць знаходжанне баевікоў ПВК Вагнэра і іншых такіх фармаванняў, запісаўшы іх у беларускія вайсковыя часткі. Дзеля гэтага, паводле «Белполу», у бліжэйшы час у беларускае заканадаўства ўнясуць змены, якія рэгламентуюць вайсковую службу па кантракце замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства.

Замежнікі, паводле гэтых планаў, змогуць ісці ва Узброеныя сілы, транспартныя войскі і ўнутраныя войскі Міністэрства ўнутраных справаў на званні салдата, сяржанта і старшыны. Першы кантракт маюць заключаць на год, другі – на пяць. Замест прысягі ім маюць надаць «абавязак» выконваць Канстытуцыю Беларусі.

«BELPOL» адзначае, што такім чынам перад выбарамі 2025 года рэжым Лукашэнкі атрымае «законнае» фармаванне «з ліку замежных наймітаў, якія выканаюць любы загад дыктатара па правядзенні рэпрэсій у дачыненні да беларусаў, а таксама дэстабілізацыі абстаноўкі ў сумежных дзяржавах». А калі баевікі перастануць быць патрэбныя, яны проста «знікнуць у невядомым напрамку», прагназуюць былыя сілавікі.

Раней «BELPOL» ужо расказваў пра падобныя планы дазволіць замежнікам службу паводле кантракту, але не звязваў гэтыя планы наўпрост з «вагнэраўцамі». Акрамя таго, у канцы 2020 года «Новы час» пачаў публікаваць расследаванне журналіста Дзяніса Івашына «Каго ці што абараняе “Беркут” у Беларусі» – пра байцоў украінскага міліцэйскага спецпадраздзялення, якія пасля перамогі Рэвалюцыі годнасці і расфармавання гэтай структуры ўладкаваліся ў нашай краіне. Толькі ў менскім АМАПе Івашын знайшоў васьмёх былых беркутаўцаў. Ім выдалі беларускія пашпарты.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў