Баевікі расейскай ПВК Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі


Telegram-канал унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, а таксама шэраг ананімных праўладных каналаў расказалі 31 студзеня пра ўдзел баевікоў расейскай ПВК Вагнэра ў рыхтаванні вайскоўцаў у Беларусі, у прыватнасці – снайпераў.

Баевікі расейскай ПВК Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Група Вагнэра – незаконнае ўзброенае фармаванне паводле як расейскіх, так і беларускіх законаў. Але Крэмль актыўна выкарыстоўваў групоўку ў сваіх інтарэсах у іншых краінах, баевікі ваявалі ў краінах Афрыкі і бяруць актыўны ўдзел у вайне ва Украіне. Іх падазраюць у шматлікіх ваенных злачынствах.

Пасля няўдалай спробы мяцяжу летам 2023 года Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Беларусь баевікоў і іхнага лідара Яўгенія Прыгожына. Частка баевікоў пакінула краіну, частка засталася ў Беларусі нават пасля смерці іхнага лідара. Выглядае, што баевікоў, якія засталіся, фінансуюць з бюджэту Беларусі.

31 студзеня беларускія сілавікі расказалі, што ў навучальным цэнтры ўнутраных войскаў распачаўся курс рыхтавання снайпераў пад кіраўніцтвам інструктара баевікоў Групы Вагнэра. На першых занятках, паводле сілавікоў, была звычайная для рыхтавання снайпераў тэорыя: характарыстыкі вінтоўкі і яе збіранне, табліцы стральбы, матэматычныя формулы і іншае. Заняткі былі як са звычайнай савецкай снайперскай вінтоўкай Драгунова, так і з нестандартнай вінтоўкай, імаверна, еўрапейскай ці амерыканскай вытворчасці. Найбліжэйшым часам абяцаюць пачатак практычных заняткаў для спецназаўцаў.

Баевікі расейскай ПВК Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram
Баевікі расейскай ПВК Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram
Баевікі расейскай ПВК Вагнэра пачалі рыхтаваць снайпераў для ўнутраных войскаў Беларусі. 31 студзеня 2024 года.
Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Але вагнэраўцы вучаць сілавікоў у Беларусі не толькі тэорыі. У той жа дзень унутраныя войскі пахваліліся, што трывае ўжо «шосты сезон» тактычна-спецыяльнага рыхтавання байцоў з удзелам інструктараў ПВК Вагнэра. За некалькі дзён лукашэнкаўскія спецназаўцы адпрацавалі з баевікамі рух у перадбаявым і баявым парадках, выкананне розных задачаў у лясістай мясцовасці.

Рыхтаваннем да суіцыдальных «мясных штурмаў», якімі група Вагнэра «праславілася» ва Украіне, МУС Беларусі не хваліўся.

Мяркуючы з раней злітага выступу перад спецназаўцамі намесніка міністра ўнутраных справаў, былога кіраўніка ГУБАЗіКу Мікалая Карпянкова, улады Беларусі лічаць, што трэба рыхтавацца ваяваць з беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць на баку Украіны, і тымі беларусамі, якія маюць вайсковае рыхтаванне ў іншых краінах. Праўда, прынамсі сам Карпянкоў слаба арыентуецца ў гэтых падраздзяленнях, блытае іх назвы.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў