Вагнэраўцы вяртаюцца на фронт? Ці частка застанецца ў Беларусі? Што цяпер адбываецца з ПВК


Тры месяцы таму ў Расеі адбыўся мяцеж ПВК Вагнэра, падчас якога найміты Яўгенія Прыгожына ледзь не дайшлі да Масквы. Тыя падзеі пацягнулі за сабою перадыслакацыю вагнэраўцаў у Беларусь і эскалацыю напружання на мяжы з краінамі NATO. Аднак са жніўня прысутнасць наймітаў у Беларусі пачала паступова скарачацца. Belsat.eu разбіраецца, што цяпер адбываецца з ПВК Вагнэра і чаго чакаць далей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы ПВК Вагнэра наведваюць стыхійны мемарыял па загінулых Яўгенію Прыгожыну і Дзмітрыю Уткіну каля офісу ПВК Вагнэра ў Новасібірску, Расея. 24 жніўня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Колькі цяпер наймітаў у Беларусі

На працягу трох месяцаў сітуацыя з размяшчэннем ПВК Вагнэра ў Беларусі ўвесь час змянялася. Першая вялікая калона наймітаў прыбыла ў краіну 15 ліпеня. Цягам наступных тыдняў іхная колькасць нарошчвалася, дасягнуўшы, паводле некаторых звестак, 6,5–7 тысячаў байцоў. Аднак у пачатку жніўня пачалі распаўсюджвацца чуткі, што вагнэраўцы масава пакідаюць Беларусь. У чаце сваякоў наймітаў адно за адным з’яўляліся паведамленні, быццам вагнэраўцаў вывозяць з Беларусі – адпраўляюць дамоў у адпачынак, а потым тых, у каго ёсць замежны пашпарт, імаверна, выправяць у Афрыку.

24 жніўня медыі апублікавалі спадарожнікавыя здымкі, з якіх вынікала, што ў галоўным лагеры вагнэраўцаў каля вёскі Цэль Асіповіцкага раёну за апошнія тыдні дэмантавалі траціну намётаў. Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня дэ-факта прызнаў, што наймітаў паменела: «Тут застаецца ядро, хтосьці з’ехаў у адпачынак, хтосьці наагул вырашыў жыць убаку».

Імаверна, у верасні адток вагнэраўцаў з Беларусі працягнуўся. На гэта, у прыватнасці, указваюць новыя спадарожнікавыя здымкі, якія сведчаць, што дэмантаж палявога лагеру каля Цэлі трывае.

21 верасня кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў заявіў у інтэрв’ю «Белсату», што на падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў і звестак ад удзельнікаў плану «Перамога», можна зрабіць выснову, што ў Беларусі застаюцца 200–300 наймітаў. Прычым у самой Цэлі «BYPOL» налічыў не больш за сотню вагнэраўцаў, астатнія размеркаваныя па палігонах, дзе праходзяць вучэнні беларускіх сілавікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне Берасцейскі паблізу мяжы з Польшчаю. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Гэтыя лічбы выглядаюць далёка не бясспрэчна і некаторымі экспертамі ставяцца пад сумнеў. Доказаў масавага вываду вагнэраўцаў з Беларусі няма: за апошнія тыдні медыі і маніторынгавыя суполкі не фіксавалі выпадкаў перамяшчэння калонаў наймітаў на беларускай тэрыторыі або перакідвання іх у РФ ці ў Афрыку авіярэйсамі.

Разам з тым адсутнасць такіх звестак не даказвае, што значнага скарачэння не адбылося. Варта ўлічваць, у якім становішчы цяпер ПВК Вагнэра. Пасля гібелі Яўгенія Прыгожына Крэмль адкрыта даў зразумець, што як самастойнае фармаванне ПВК не захаваецца. Кіраўніцтва наймітаў рэкамендавала байцам шукаць сабе іншую працу. Перад вагнэраўцамі паўстала дылема: пайсці на кантракт ва Узброеныя сілы РФ (ці ў іншыя сілавыя структуры) або ўвогуле кідаць вайсковую службу. У сітуацыі фактычнага распаду ці прынамсі рэарганізацыі ПВК арганізаваны масавы выезд з Беларусі можа быць проста не прадугледжаны: магчыма, баевікі пакідаюць краіну асобнымі невялікім групамі, кожная сваім маршрутам. У такім выпадку адсачыць іх перамяшчэнне будзе вельмі цяжка.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка 24 верасня заявіў са спасылкаю на звесткі выведкі, што цяпер у Беларусі застаюцца каля 1000 вагнэраўцаў (у канцы жніўня ён ацэньваў групоўку наймітаў на беларускай тэрыторыі як 5000).

Вагнэраўцы вяртаюцца ва Украіну?

У апошнія дні ў шэрагу Z-каналаў стала распаўсюджвацца інфармацыя, што вагнэраўцы дасягнулі дамоўленасцяў з кіраўніцтвам Нацыянальнай гвардыі Расеі і неўзабаве мусяць вярнуцца ва Украіну, на адзін са складаных участкаў фронту. Нібыта гэтае пытанне амаль развязанае.

«Паводле нашай інфармацыі, Група Вагнэра цяпер працуе ў максімальна шчыльным кантакце з «Росгвардыяй» на ўзроўні адасобленага падраздзялення. Дасягнутая адпаведная дамова. Байцоў групы ўжо апавясцілі, што вяртанне на фронт не за гарамі», – напісаў 17 верасня тэлеграм-канал «Военный обозреватель».

Паводле Z-прапагандысткі Анастасіі Кашаваравай, сын Прыгожына Павел і цяперашні камандзір Групы Вагнэра з пазыўным Лотас (сапраўднае імя Антон Елізараў) нядаўна сустракаліся з кіраўніком «Росгвардыі» Віктарам Золатавым і абмяркоўвалі ўмовы ўваходжання наймітаў у гэтую сілавую структуру. Нібыта было вырашана, што ПВК Вагнэра захавае сваю назву і сімволіку, але афіцыйна стане падраздзяленнем «Росгвардыі», байцы атрымаюць ад дзяржавы поўны сацыяльны пакет. Як падраздзяленне «Росгвардыі» вагнэраўцы вернуцца ва Украіну, а таксама працягнуць сваю дзейнасць у Беларусі і краінах Афрыкі, сцвярджае Кашаварава. Аналагічныя звесткі за апошнія дні распаўсюджваліся ў закрытых чатах сваякоў наймітаў.

Ускосна гэтую інфармацыю пацвярджае з’яўленне законапраекту аб добраахвотніцкіх фармаваннях пры «Росгвардыі». «Згодна з законапраектам, добраахвотніцкія фармаванні змогуць стварацца «Росгвардыяй» па рашэнні прэзідэнта. Іх можна будзе прыцягваць для выканання асобных задачаў у галіне абароны ў перыяд правядзення мабілізацыі, дзеяння ваеннага становішча, ва ўмовах узброенага канфлікту, пры правядзенні КТА і гэтак далей», – паведаміў 21 верасня дэпутат Дзярждумы РФ Аляксандр Хінштэйн. Законапраект плануецца разгледзець за максімальна кароткія тэрміны.

Сам Хінштэйн, праўда, адмаўляе, што закон прыдумалі дзеля вагнэраўцаў. Але шэраг Z-каналаў пра гэта піша ўпэўнена і паведамляе, што некаторыя найміты ўжо падпісалі кантракты з «Росгвардыяй» на асаблівых правах. Акрамя таго, паводле незалежнага выдання «Важные истории», нядаўна «Росгвардыя» пачала набіраць на службу вагнэраўцаў з ліку былых вязняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Artem Priakhin / Zuma Press / Forum

Цікава, як апошнія навіны пракаментаваў найміт з Беларусі Аляксей Бярговін (пазыўны Брэст). 23 верасня ён апублікаваў у сваім канале відэа, дзе сцвярджаў, што ПВК Вагнэра нібыта застаецца «незалежнай арганізацыяй» і ні з якімі міністэрствамі кантрактаў яны не падпісваюць. Аднак пры гэтым туманна дадаў: «Іншая рэч, што мы ж узаемадзейнічаем: недзе з «Росгвардыяй», недзе яшчэ з іншымі структурамі…»

Канфлікт з Міністэрствам абароны і пагроза раздраблення

Хаця афіцыйных пацверджанняў гэтым звесткам няма, варыянт далучэння вагнэраўцаў да «Росгвардыі» выглядае досыць праўдападобна.

Паколькі ў ПВК быў адкрыты канфлікт з Міністэрствам абароны РФ, падпісанне кантракту з Узброенымі сіламі шмат для якіх наймітаў ёсць апрыёры непрымальным варыянтам – завысокі ўзровень узаемнай нянавісці.

Зусім нядаўна ў сеціва трапілі дэталі скандальнага інцыдэнту ў Сірыі паміж наймітамі і вайскоўцамі РФ. Паводле інфармацыі, якую пашыралі ў тым ліку паблікі ПВК, вагнэраўцам забаранілі выкарыстоўваць расейскую авіябазу «Хмэймім», таму яны дамовіліся з сірыйскім абаронным ведамствам лётаць на ратацыю ў Афрыку праз авіябазу Т4. Аднак 12 верасня пры набліжэнні самалёта вагнэраўцаў, які ляцеў з Лівіі, у паветра былі паднятыя расейскія верталёты, а на ўзлётную паласу выгнаныя пажарныя машыны, каб не дапусціць прызямлення. На здзіўленне сірыйцаў, расейскія вайскоўцы паабяцалі адкрыць агонь па самалёце расейскіх наймітаў. У адказ камандзіры ПВК паабяцалі нанесці ўдар па базе УС РФ у Лівіі. Толькі ў апошні момант, як сцвярджаюць, кіраўніцтва наймітаў у Сірыі здолела дамовіцца з намеснікам міністра абароны РФ Юнус-Бекам Еўкуравым і самалёту ўсё-ткі дазволілі сесці.

«Усё было на валасінку ад замесу паміж вагнэраўцамі і нашым МА, прычым паводле чутак, як у Сірыі, гэтак і ў Лівіі, на фоне чаго гэтак званы марш справядлівасці быў бы дзіцячым шпацырам», – піша адзін з Z-каналаў.

Улічваючы такую агрэсіўную атмасферу, у вагнэраўцаў ёсць усе падставы меркаваць, што пры пераходзе ва Узброеныя сілы яны зазнаюць дыскрымінацыю – магчыма, армейскае камандаванне будзе ім проста помсціць за ўсе былыя крыўды. А вось з «Росгвардыяй» у ПВК канфліктаў не было. Больш за тое, Золатаў, паводле інфармацыі расейскіх медыяў, на пэўным этапе быў адным з заступнікаў Прыгожына ў найвышэйшых эшалонах улады. Таму вагнэраўцам больш лагічна пайсці пад ягонае камандавання, чымся пад камандаванне Сяргея Шайгу, якога яны безліч разоў публічна абражалі.  Праўда, гэта не выключае, што частка наймітаў усё-ткі падпарадкуюцца Міністэрству абароны.

Што датычыць вяртання наймітаў на фронт, то такі сцэнар эксперты прадказвалі адразу пасля гібелі Прыгожына. Расейскае войска мае вострую патрэбу ў рэзервах для стрымлівання контрнаступу ЗСУ, таму Крэмль вельмі зацікаўлены ў тым, каб выкарыстаць ва Украіне тысячы дасведчаных байцоў з ПВК Вагнэра.

Пытанне толькі ў тым, у якім фармаце гэта будзе адбывацца. Нельга выключаць, што Масква будзе працаваць з рознымі групамі вагнэраўцаў па-рознаму, імкнучыся раздрабіць арганізацыю.

Напрыклад, 23 верасня ў тэлеграм-каналах, блізкіх да ПВК, зʼявілася інфармацыя пра тое, што ў Молькіне Краснадарскага краю стварылі атрад з прынамсі 500 наймітаў. Атрад плануюць перакінуць на фронт, каб ваяваць на паўднёвым флангу Бахмуту, у раёне Клішчыеўкі і Андрэеўкі. Пры гэтым тэлеграм-каналы ПВК адхрышчваюцца ад гэтага фармавання: падкрэсліваецца, што частку былых вагнэраўцаў проста пераманілі ў «новую арганізацыю», якая не мае дачынення да Групы Вагнэра, але выкарыстоўвае яе сімволіку.

Што гэта за новая арганізацыя – «добраахвотніцкае фармаванне» пры «Росгвардыі» ці ПВК пры Міністэрстве абароны – можна толькі здагадвацца.

У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны з такіх паведамленняў робяць выснову, што Група Вагнэра раздробленая, а яе асобныя кантынгенты, хутчэй за ўсё, нязначна паўплываюць на баявыя магчымасці Расеі.

Вагнэраўцы ў Беларусі: трэнуюць сілавікоў, мадэляў і дзяцей

Апошнія падзеі зусім не азначаюць, што цяпер усіх вагнэраўцаў перакінуць ва Украіну. Значная частка, напэўна, працягне службу ў Афрыцы. Таксама нельга выключаць, што хтосьці з наймітаў можа застацца ў Беларусі. Прынамсі чуткі пра гэта распаўсюджваюцца ўжо даўно.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія артылерысты на «вучэннях» тактычнага і агнявога рыхтавання з элементамі тактычнай медыцыны пад кіраўніцтвам інструктараў ПВК Вагнэра. Жнівень 2023 года. Крыніцы: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Лукашэнка заяўляў, што хацеў бы пакінуць наймітаў ПВК Вагнэра ў краіне, каб, «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію».

Паводле ўкраінскага Цэнтру нацыянальнага супраціву, арганізаванага пад эгідаю Сілаў спецыяльных аперацыяў, вагнэраўцам у Беларусі нібыта прапаноўвалі далучыцца да лукашэнкаўскай ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс», якая раней ужо адзначылася супрацаю з ПВК. Быццам бы тых, хто падпіша кантракт з «ГардСэрвісам», хочуць скіраваць у адну з краінаў цэнтральнай Афрыкі, каб ахоўваць там важныя аб’екты і вучыць мясцовых сілавікоў. Пацверджання гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў цяпер няма.

Звяртае на сябе ўвагу і тое, што з наймітамі ПВК Вагнэра працягваюць актыўна ўзаемадзеяць сілавікі. Відаць, група інструктараў-вагнэраўцаў ледзь не стала перабывае на базе навучальнага цэнтру ўнутраных войскаў. У пачатку верасня намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова абяцаў, што праз супольныя заняткі з вагнэраўцамі пройдуць усе падраздзяленні ўнутраных войскаў. Кароткія ролікі гэтых з трэнаванняў рэгулярна выкладаюць звязаныя з лукашэнкаўскімі спецслужбамі тэлеграм-каналы.

Цікава, што звестак пра трэнаванне байцоў Узброеных сілаў Беларусі ў публічнай прасторы не было са жніўня. Хаця, магчыма, Міністэрства абароны (у адрозненне ад Карпянкова) проста не хоча гэтага афішаваць.

Бярэ ўдзел у такіх трэнаваннях, напэўна, невялікая колькасць вагнэраўцаў – не больш за 30 на 1 палігон, як мяркуюць у «BYPOL». «Усе лішнія вагнэраўцы зʼехалі ў Расею, – кажа Аляксандр Азараў, – Лукашэнка не здольны ўтрымліваць такой колькасці. Засталіся толькі тыя, хто можа рыхтаваць беларускіх вайскоўцаў».

Але не толькі вайскоўцаў. За апошнія дзесяць дзён вагнэраўцы адзначыліся тым, што вучылі надаваць першую медычную дапамогу праўладных журналістаў, ізноў наведвалі дзяцей з «вайскова-патрыятычнага» клубу «Рысь» і нават ладзілі заняткі па агнявой падрыхтоўцы для мадэляў з Нацыянальнай школы прыгажосці. Удзел наймітаў у такіх ідэалагічных захадах указвае толькі на тое, што яны ў Беларусі часцяком сядзяць без справы і вымушаныя займацца абы-чым.

Аналітыка
«Мясныя штурмы» і афрыканскія жахі. Чаму найміты ПВК Вагнэра могуць навучыць беларускіх сілавікоў
2023.07.26 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў