Мяцеж вагнэрацаў: Прыгожын разварочвае калоны. Пуціну дапамог Лукашэнка? Онлайн


Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын спрабуе здзейсніць вайсковы пераварот, каб «аднавіць справядлівасць па ўсёй Расеі». Падраздзяленні наймітаў, імаверна, блакавалі Растоў і хочуць рухацца на Маскву. Праваахоўныя органы РФ распачалі супраць бізнесоўца крымінальную справу за «заклік да ўзброенага мяцяжу».

23.15. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў абвесціў, што крымінальная справа аб ваенным мяцяжы супраць Яўгена Прыгожына будзе спыненая, піша RTVI.

21.24. Пуцін падзякаваў Лукашэнку за «зробленую працу». Як піша БелТА, Лукашэнка падчас тэлефоннай размова а 9-й гадзіне вечара «падрабязна праінфармаваў Прэзідэнта Расеі пра вынікі перамоваў з кіраўніцтвам ПВК Вагнер. Прэзідэнт Расеі падтрымаў і падзякаваў беларускаму калегу за зробленую працу».

21.24. Набліжаныя да Крамля тг-каналы паведамляюць, што Пуцін спыніў крымінальныя справы супраць Прыгожына, піша Еўрарадыё. За апошнія суткі іх было пачата не менш за дзве. Па артыкуле аб арганізацыі ўзброенага мяцяжу яму пагражалі ад 12 да 20 гадоў за кратамі.

21.05. Атрады вагнераўцаў рыхтуюцца да адыходу з цэнтру Растова. Сядаюць у машыны, перадае карэспандэнт @news161ru.

21.02. У Маскоўскім метро сілавікі выбарачна пачалі затрымліваць некаторых пасажыраў. Іх увагу прыцягваюць, у першую чаргу, маладыя мужчыны. У іх правяраюць змесціва заплечнікаў і кішэняў, а таксама правяраюць дакументы і праглядаюць тэлефоны. Калі знаходзяць нешта на іх думку падазронае, то пад аховай дастаўляюць затрыманых у лінейны аддзел паліцыі метрапалітэна. Назіральнікі лічаць, што сілавікі атрымалі загад сачыць, каб прадстаўнікі мяцежнікаў не трапілі ў сталіцу, у тым ліку, у метрапалітэн, змяшаўшыся з натоўпам пасажыраў.

20.36. Кіберпартызаны ўзламалі сайт Белінтэртрансу – лагістычнага аператара Беларускай чыгункі, аднаго з транспартных цэнтраў на службе Лукашэнкі. На старонках з’явіліся заклікі паслужыць свайму народу і краіне, бо больш за 30 гадоў дыктатуры і прыгнёту павінны скончыцца.

У мінулым годзе КіберПартызаны ўжо паспяхова атакавалі сістэмы БЧ, перашкодзіўшы руху на беларускй чыгунцы.

«Мы маем сілы і рэсурсы паралізаваць таксама іншыя структуры ворага. Мы атакуем разам з ваярамi, якія пачнуць вызваляць Беларусь ад акупацыі і дыктатуры. Наш час набліжаецца», – заяўляюць Кіберпартызаны.

Кіберпартызаны ўзламалі сайт Белінтэртрансу.
Фота: t.me/cpartisans

20.31. Прыгожын заявіў, што разварочвае калоны. Поўны тэкст заявы, апублікаваны ў тэлеграм-канале прэс-службы Прыгожына.

Ён заявіў, што не хоча крыві расейцаў, расказаў пра поспехі руху да Масквы і дадаў, што вайскоўцы адпраўляюцца ў адваротным кірунку ў палявыя лагеры.

«ЧВК «Вагнер» хацелі расфарміраваць. Мы выйшлі 23 чэрвеня на «марш справядлівасці». За суткі мы мінулі, не даходзячы 200 км да Масквы. За гэты час мы не пралілі ніводнай кроплі крыві нашых байцоў. Цяпер наступіў той момант, калі кроў можа праліцца. Таму, разумеючы ўсю адказнасць за тое, што будзе праліта руская кроў з аднаго з бакоў, мы разгортваем свае калоны, і сыходзім у зваротным кірунку ў палявыя лагеры паводле плана».

20.20. Прэс-служба Лукашэнкі: Прыгожын прыняў прапанову аб спыненні руху вагнэраўцаў

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі выступіла з заявай. Там гаворыцца пра тое, што «кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб сумесных дзеяннях»:

«Прыйшлі да дамоўленасцяў аб недапушчальнасці развязвання крывавай бойні на тэрыторыі Расіі. Яўген Прыгожын прыняў прапанову Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні руху ўзброеных асоб кампаніі Вагнер на тэрыторыі Расіі і далейшых кроках па дээскалацыі напружання. На дадзены момант на стале – абсалютна выгадны і прымальны варыянт развязкі сітуацыі, з гарантыямі бяспекі для байцоў ПВК Вагнер».

Прадстаўнікі расейскіх уладаў пакуль не каментавалі гэтае паведамленне.

20.18. У Растоўскую вобласць абмежавалі ўезд з боку некалькіх рэгіёнаў. Аб гэтым заявіў губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў. Паводле яго слоў, абмежаванні на ўезд дзейнічаюць з боку Краснадарскага і Стаўрапольскага краёў, з Валгаградскай і Варонежскай абласцей. Выезд з рэгіёну, а таксама перамяшчэння ўнутры Растоўскай вобласці вольныя.

19.38. Чырвоную плошчу ў Маскве перакрылі. Расейская сталіца рыхтуецца сустракаць «вагнэраўцаў». Фота апублікавала Радио Свобода.

Фота: Радио Свобода / Telegram

19.20. Паводле не пацверджанай інфармацыі «вагнэраўцаў» бачылі ўжо на самым поўдні Маскоўскай вобласці.

  • Тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе са спасылкай на жыхароў Серпухова пра стралковы бой у горадзе.
  • Мэр Масквы Сяргей Сабянін абвясціў панядзелак, 26 чэрвеня, непрацоўным днём «у мэтах мінімізацыі рызыкаў».
  • Таксама паводле інфармацыі, якую праверыць мы не можам, у Маскве збіраюцца глушыць мабільную сувязь і інтэрнэт.

18.52. Расейскія алігархі і чыноўнікі пакідаюць Маскву на фоне набліжэння да сталіцы мяцежных падраздзяленняў ПВК Вагнэру. Называюцца прозвішчы Аркадзя Ротэнберга, Дзяніса Мантурава. Уладзімір Патанін чакае вылету ў Стамбул. Між тым, білеты на рэйсы з Масквы за мяжу на бліжэйшыя дні або зусім зніклі з продажу, або каштуюць сотні тысяч рублёў. Аб гэтым піша выданне «Важныя гісторыі».

Па дадзеных выдання, з Масквы ў суботу днём вылецелі два самалёты, якія выкарыстоўвае расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Іл96-300ПУ вылецеў з Масквы і знік з радараў каля Цверы, што можа сведчыць аб палёце ў рэзідэнцыю на Валдаі. Другі прэзідэнцкі самалёт Ту-214ПУ вылецеў з Масквы ў Санкт-Пецярбург. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў сказаў, што Пуцін знаходзіцца ў Крамлі.

18.40. Аб’яднаны пераходны кабінет дэмакратычных сілаў Беларусі апублікаваў заяву, у якой абвесціў пра дэнансацыю палітычных і ваенных дамоваў з Расеяй, выхад Беларусі з АДКБ, ЕАЭС і СНД, вызнаў юрыдычна нікчэмнымі рашэнні ўраду Лукашэнкі, а таксама звярнуўся да беларускага народу і беларускіх ваенных.

Hавiны
Аб’яднаны пераходны кабінет заяўляе аб выхадзе Рэспублікі Беларусь з АДКБ, ЕАЭС і СНД
2023.06.24 19:30

18.14. На шляху «маршу Прыгожына» на Маскву перакопваюць дарогі. Экскаватары працуюць у Ліпецкай вобласці. Пра гэта паведамляе «Настоящее время», спасылаючыся на крыніцы ў Ліпецкай вобласці.  

17.47. На ўездах у Маскву выстаўляюць машыны ДПС і бронетэхніку, паведамляе тэлеканал «Дождь». Чытачы каналу расказваюць, што бачылі грузавікі з вайскоўцамі на трасе М-3. 

17.38. Тэлеграм-канал «Вёрстка» падрыхтавала мапу «маршу Прыгожына» на Маскву. Паводле апошніх звестак, найміты ПВК Вагнэра ўжо на поўначы Ліпецкай вобласці – іх бачылі каля гораду Ялец. Гэта значыць, што яны ўжо пераадолелі больш за палову шляху да Масквы. Ад Яльца да Масквы каля 400 кіламетраў.

Крыніца: Вёрстка / Telegram

З вечару 23 чэрвеня, калі заснавальнік ПВК Яўген Прыгожын узбунтаваўся і абвясціў аб намеры дайсці да Масквы, ягоныя сілы пераадолелі, паводле грубых ацэнак, каля 500 км ад усходу Украіны, дзе дыслакаваліся.

17.22. Полк імя Кастуся Каліноўскага 24 чэрвеня выступіў са зваротам да беларускага народу з нагоды мяцяжу Яўгена Прыгожына ў Расеі. 

«Кожны горад, кожны квартал, кожная вуліца, будзьце гатовыя да кантролю сваёй тэрыторыі і падтрымання парадку. Вайскоўцы, рэзервісты, беларусы, чакайце нашага сігналу. Час свабоды набліжаецца», – заявіў камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт

Hавiны
«Чакайце нашага сігналу!» Полк Каліноўскага заявіў, што мае вялізны рэзерв у Беларусі
2023.06.24 18:00

17.05. Уладзімір Пуцін пагаварыў па тэлефоне з прэзідэнтам Турцыі Таіпам Эрдаганам, праінфармаваў аб становішчы ў краіне ў сувязі са спробай узброенага мецяжу, пішуць «РИА Новости». Эрдаган заявіў, што Турцыя гатова ўнесці ўклад ва ўрэгуляванне сітуацыі ў Расеі.

16.57. На ўездзе ў Маскву рыхтуюцца сустрэць калоны ПВК Вагнэра. Да развязак на МКАД у раёне Варшаўскай шашы сцягнулі самазвалы з пяском, каб блакаваць рух па трасах, перадае «Вёрстка».

Фота: Вёрстка / Telegram

На Варшаўскай шашы на выездзе з Масквы разгорнуты невялікі мабільны пункт вайскоўцаў з палявой кухняй, дзяжурыць паліцыя, стаіць аўтамабіль пад брызентам і грузавік з ваеннай тэхнікай. Гаворыцца, што ў цэнтры Масквы абстаноўка спакойная.

16.40. Байцы «Ахмата» заўважаныя на дарозе недалёка ад Растова, паведамляе тэлеграм-канал «Baza».

Раней Рамзан Кадыраў заявіў, што «ўсё, што адбываецца – нож у спіну і сапраўдны ваенны мяцеж! Мяцеж павінен быць прыгнечаны, і калі для гэтага неабходна прыняць жорсткія меры, то мы («Ахмат») гатовы».

16.31. Савет бяспекі Беларусі заклікаў да голасу розуму ў сувязі з мяцяжом у Расеі. Бо «ў гэты цяжкі час усе, хто сёння ўцягнуты ў недапушчальнае супрацьстаянне ўнутры адзінага ў сваіх мэтах вайсковага братэрства, патрэбныя там, дзе вырашаецца будучыня славянскага свету, лёс мільёнаў нашых людзей», гаворыцца ў заяве лукашэнкаўскага Савету бяспекі. У ёй сцвярджаецца, што «Беларусь была і застаецца саюзнікам Расеі».

Hавiны
Лукашэнкаўскі Саўбес не падтрымаў Пуціна. Заява поўная агульных фразаў
2023.06.24 16:57

16.20. Камандзір Расейскага добраахвотніцкага корпусу (РДК) Дзяніс Нікіцін апублікаваў зварот, у якім заклікае ўсіх прыхільнікаў РДК да актыўных дзеянняў:

«Крывавы тыран учапіўся мёртвай хваткай у свой трон і гатовы забіваць насельніцтва ўжо расейских гарадоў – усе бачылі відэа выбухаў у Варонежы і Растове-на-Доне, кадры расстрэлу звычайнай сям’і байцамі Расгвардыі. Сам Пуцін, паводле маёй інфармацыі, ужо эвакуяваны на Валдай, услед за ім пакідаюць Маскву на сваіх бізнэс-джэтах і прадстаўнікі расейскай «эліты».

Фронт пачынае разбурацца – дэмаралізаваныя і пазбаўленыя кіравання салдаты войска РФ проста пакідаюць свае пазіцыі. У раёне Бахмуту і на Запарожским кірунку байцы ЗСУ прасоўваюцца, не сустракаючы супраціву. Я заклікаю ўсіх прыхільнікаў РДК да актыўных дзеянняў! Ва ўсіх нас зʼявіўся ўнікальны шанец вызначыць свой лёс і лёс нашай Радзімы!»

16.04. Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе затрымліваць на 30 сутак за парушэнне рэжыму ваеннага становішча, паведамляе «Новая газета Еўропы».

15.51. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сабрала аперацыйна-сітуацыйны штаб у сувязі з падзеямі ў Расеі. Кабінет заклікае ўсе беларускія дэмакратычныя арганізацыі і беларускіх добраахвотнікаў розных падраздзяленняў, якія ваююць ва Украіне, далучыцца да штабу для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў і абароны суверэнітэту Беларусі.

Hавiны
Ціханоўская стварыла аператыўна-сітуацыйны штаб. Хто ў яго ўвайшоў?
2023.06.24 16:39

15.45. «Вагнэр» дабраўся да поўначы Ліпецкай вобласці, паведамляе тэлеграм-канал «Вёрстка». Калона ПВК, як сцвярджаецца, праязджае міма гораду Ялец, размешчанага каля федэральнай трасы «Дон». Усе дарогі ў горад перакрытыя сілавікамі. Калоны «вагнэраўцаў» абыходзяць Ялец праз мясцовыя і рэгіянальныя дарогі і імкнуцца не перамяшчацца па трасе «Дон», паведамляе крыніца тэлеграм-каналу.

15.37. «Новая газета Еўропы» са спасылкай на «Блокнот Ростов» перадае пра затрыманне ў Растове дваіх мужчын, якія ездзілі па горадзе на аўтамабілі з нумарамі «ЛНР».

15.18. Прэс-служба Яўгена Прыгожына апублікавала аўдыё, на якім голас, падобны на голас кіраўніка ПВК Вагнэра сцявярджае, што на шляху да Растову яны не забілі ніводнага чалавека, а штаб Паўднёвай ваеннай акругі быў узяты без адзінага выстралу.

15:00. Самалёт Пуціна вылецеў з Масквы

Выданне «Верстка» са спасылкай на дадзеныя Flightradar24 паведамляе, што прэзідэнцкі Іл-96 пад нумарам RA-96022 вылецеў з Масквы ў напрамку Пецярбурга.

Паводле дадзеных сэрвісу, вылет адбыўся ў 14:16 з аэрапорта Унукава. Пры гэтым прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў сцвярджае, што зараз «Пуцін працуе ў Крамлі».

14:56. У Варонежы каля жылога дому адбыўся выбух снарада.

14:30. OSINT-праект Oryx пачаў весці падлік стратаў тэхнікі ў выніку баявых дзеянняў паміж Узбройнымі сіламі РФ і ПВК Вагнэра. Паводле ацэнак праекту, расейская армія страціла менш чым за содні:

  • самалёт Іл-22
  • два верталёты Мі-8
  •  адзін верталёт Мі-35
  •  баявую машыну «Тыгр»
  •  вайсковы КамАЗ

ПВК Вагнэра, паводле праекту, страціла толькі адзін УАЗ.

https://twitter.com/oryxspioenkop/status/1672547501658845184?ref_src=twsrc%5Egoogle%7Ctwcamp%5Eserp%7Ctwgr%5Etweet%7Ctwtr%5Etrue

14:20. «Дождь» са спасылкай на праваабаронцаў і шэраг тэлеграм-каналаў паведамляе аб бунце ў маскоўскім СІЗА «Воднік». Sota публікуе аўдыёзапіс з крыкамі людзей, як сцвярджаецца, зроблены ў СІЗА.

Улады абвяргаюць інфармацыю аб турэмных бунтах.

14:05. З’яўляюцца першыя відэадоказы выкарыстання авіяцыі ў баях у Варонежскай вобласці.

Таксама публікуюцца кадры, на якіх нібыта можна пабачыць удар з верталёту па калоне вагнэраўцаў на трасе М4. Сцвярджаецца, што гэта адбылося яшчэ раніцай.

13:59. Расейскія дзяржаўныя медыі прызналі падзенне верталёту Мі-8 у Варонежскай вобласці. Улады называюць гэта «жорсткай пасадкай» і пра прычыны не паведамляюць. Сцвярджаецца, што пацярпеў адзін чалавек.

Раней Telegram-канал Fighterbomber паведамляў, што 24 чэрвеня вагнэраўцы збілі 2 верталёты Мі-8.

13:54. Каля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове чуваць стрэлы і выбухі. Што адбываеццаа, пакуль не зразумела.

13:45. Мясцовыя медыі паведамляюць, што мяцежнікі ўсталёўваюць у Растове агароджы з супрацьтанкавых мінаў ТМ-62. Імаверна, вагнэраўцы рыхтуюцца да атакі з боку ўрадавых войскаў.

Таксама паведамляеццат, што супрацьтанкавыя міны размесцілі на абочыне на Шчэпкінскай шашы Растоўскай вобласці.

13:37. Пуцін распавёў пра свае праблемы не толькі Лукашэнку, але таксама кіраўнікам Казахстану і Узбекістану.

Паведамляецца, што Пуцін правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым і прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым. «Прэзідэнт праінфармаваў сваіх суразмоўцаў аб сітуацыі», – сказаў прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў.

Паводле прэс-службы прэзідэнта Казахстану, Такаеў зазначыў, што падзеі, якія цяпер адбываюцца, – «гэта ўнутраная справа Расеі». «Канстытуцыйны парадак і вяршэнства закону з’яўляюцца абавязковай умовай падтрымання правапарадку ў краіне. Гэта зʼяўляецца асновай бяспекі грамадства і яго паспяховага развіцця», – перадае прэс-служба словы Такаева.

Прэс-служба прэзідэнта Узбекістана пакуль наогул нічога не паведаміла пра размову з Пуціным.

Такім чынам, ні Лукашэнка, ні Такаеў, ні Мірзіёеў дагэтуль не выступілі з заявамі ў падтрымку дзейнага прэзідэнта РФ.

13:12. Вайсковы мяцеж у Расеі пракаментаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі:

«Кожны, хто выбірае шлях зла, – разбурае сам сябе. Пасылае калоны вайскоўцаў знішчаць жыццё іншай краіны – і не можа ўтрымаць іх ад уцёкаў і здрады, калі жыццё супраціўляецца. Тэрарызуе ракетамі, а калі іх збіваюць – зневажаецца, каб далі «Шагэды». Пагарджае людзьмі і кідае на вайну сотні тысяч – каб у рэшце рэшт забарыкадавацца ў Маскоўскай вобласці ад тых, каго сам узброіў.

Расея доўга маскіравала прапагандай сваю слабасць і глупства свайго кіравання. А зараз хаосу ўжо столькі, што ніякай хлуснёй яго не схаваеш. І ўсё гэта – адзін чалавек, які зноў і зноў палохае 1917 годам, хаця наогул ні да чаго іншага прывесці не здольны.

Слабасць Расеі відавочная. Поўнамаштабная слабасць. І чым даўжэй Расея будзе трымаць свае войскі і наймітаў на нашай зямлі, тым больш хаосу, болю і праблем для сябе ж потым атрымае. Гэта таксама відавочна. Украіна здольная абараніць Еўропу ад распаўзання расейскага зла і хаосу».

13:07. «Мяцежнікі паспяхова прайшлі Варонеж і прасоўваюцца па тэрыторыі Ліпецкай вобласці. Хваляюцца, што збілі перадавыя заставы Расгвардыі і ўзялі трафеі», – паведамляе былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін.

Пакуль пацверджання таго, што вагнэраўцы дайшлі да Ліпецкай вобласці, няма.

12:59. Медыі паведамляюць, што баі ідуць у вёсцы Рагачоўка Варонежскай вобласці. Мясцовыя жыхары эвакуююцца.

Тым часам, распаўсюджваецца інфармацыя пра пажар на нафтабазе.

Раней паведамлялася, што ў Варонежскай вобласці распачаліся баявыя сутыкненні паміж вагнэраўцамі і вайскоўцамі Узброеных сілаў РФ.

12:50. Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў выступіў у падтрымку Пуціна.

«Мяцеж павінен быць задушаны, і калі для гэтага неабходна прыняць жорсткія меры, то мы гатовы!» – напісаў ён, дадаўшы, што цалкам падтрымлівае «кожнае слова» Пуціна.

Кадыраў заклікаў «згуртавацца ўсім вакол нацыянальнага лідара: вайскоўцам, сілавікам, губернатарам, грамадзянскаму насельніцтву». Паводле яго, чачэнскія сілавікі і вайскоўцы «ўжо выехалі ў зоны напружанасці».

У падтрымку Пуціна выступілі кіраўнікі і іншых расейскіх рэгіёнаў: у прыватнасці, губернатар Курскай вобласці Старавойт, губернтара Ленінградскай вобласці Драздзенка, кіраўнік Ліпецкай вобласці Артамонаў, кіраўнік Паўночнай Асеціі Мяняйла.

Таксама ў абарону Пуціна выступілі партыя «Адзіная Расея», старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін, намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў і прадстаўніца МЗС Марыя Захарава.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл перад экстраным зваротам Уладзіміра Пуціна пачаў сваю праграму «Слова пастыра» з пропаведзі пра «здраду і яе наступствы«. А пасля папрасіў маліцца за Пуціна, які, паводле яго, узяў адказнасць за народ.

12:42. Яўгеній Прыгожын адказаў на зварот Пуціна: бізнесовец заявіў, што не збіраецца спыняцца.

«Наконт здрады радзімы прэзідэнт глыбока памыліўся. Мы патрыёты сваёй радзімы, мы ваявалі і ваюем, усе байцы ПВК Вагнэр. І ніхто не збіраецца па патрабаванні прэзідэнта, ФСБ ці яшчэ каго-небудзь прыйсці з пакаяннем. Бо мы не хочам, каб краіна жыла далей у карупцыі, падмане і бюракратыі», – падкрэсліў ён.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

12:31. Прыходзяць усё новыя звесткі пра баі ў Варонежскай вобласці.

Паводле звестак The Insider,  пад Паўлаўскім Варонежскай вобласці адбылося баявое сутыкненне паміж вагнераўцамі і праўладнымі сіламі. У выніку згарэлі  пікап і фура. У Паўлаўску чуваць страляніну.

«Рыбарь» піша, што авіяўдар не дасягнуў сваёй мэты – калона вагнэраўцаў нібыта ўжо прайшла Варонежскую вобласць і працягвае рух на Маскву. Канал звяртае ўвагу на тое, што ў калонах ПВК разгорнуты комплексы СПА, якія кантралююць паветраную прастору.

Baza паведамляе, што ў Варонежскай вобласці каля паселішча Кантэміраўка ўпаў самалёт АН-24. «Імаверна, ён мог быць збіты», – піша выданне. Загінулі мінімум 3 чалавекі.

Telegram-канал Fighterbomber сцвярджае, што агулам за 24 чэрвеня вагнэраўцы нібыта збілі 2 верталёты Мі-8, адзін верталёт Мі-35 і самалёт Іл-18.

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў паведаміў, што цяпер у «рамках контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Варонежскай вобласці ўзброенымі сіламі РФ праводзяцца неабходныя аператыўна-баявыя мерапрыемствы».

11:41. Тэлеграм-каналы «Рыбарь» і «Vоенкор Котенок Z» паведамляюць, што франтавая авіяцыя нібыта наносіць удары па трасе М4 (гэта траса злучае Маскву з Растовам-на-Доне). Афіцыйных пацверджанняў гэтых звестак пакуль няма.

Прапрыгожынскі канал «AP Wagner» пацвярджае, што ў Варонежскай вобласці была атакаваная адна з калонаў ПВК Вагнэра. Аўтар каналу сцвярджае, што адзін з верталётаў толькі што быў збіты. «Грамадзянская вайна афіцыйна пачалася», – піша ён.

Раней Прыгожын паведамляў, што яшчэ на шляху да Растова па калоне вагнэраўцаў нібыта быў нанесены авіяудар, але ніхто не пацярпеў, а найміты верталёт знішчылі.

11:30. У Маскве па МКАДзе рухаецца вайсковая тэхніка.

У горадзе аб’яўлены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, адменены ўсе масавыя мерапрыемствы, уключаючы выпускныя вечарыны ў школах.

У Падмаскоўі перакрытая траса М-2. Мясцовыя ўлады просяць грамадзянаў устрымацца ад паездак па трасам М-4 і М-2.

11:24. Лукашэнка і Пуцін раніцай правялі тэлефонныя перамовы. Як сцвярджае «Пул Первого», расейскі лідар сам пазваніў самаабвешчанаму кіраўніку Беларусі і «праінфармаваў беларускага калегу аб сітуацыі ў Расеі».

Адзначым, што Лукашэнка пакуль ніяк не пракаментаваў спробу вайсковага перавароту ў Расеі.

11:00. У Мінабароны Вялікай Брытаніі лічаць, што мяцеж Прыгожына – гэта самы значны выклік расейскай дзяржаве за апошні час.

Паводле брытанскай выведкі, у Растове-на-Доне байцы ПВК Вагнера, імаверна, занялі ключавыя абʼекты бяспекі, рухаюцца па Варонежскай вобласці і плануюць дабрацца да Масквы. У аглядзе адзначаецца, што вагнэраўцы амаль не не сустракаюць супраціву, сілавікі застаюцца пасіўнымі.

«У бліжэйшыя гадзіны лаяльнасць расейскіх сілаў бяспекі і асабліва Расгвардыі будзе мець ключавое значэнне для таго, як разгорнецца крызіс. Гэта самы значны выклік расейскай дзяржаве за апошні час», – падкрэсліваюць у Мінабароны Вялікай Брытаніі.

10:50. Крыніцы Бі-Бі-Сі і Reutes, блізкія да спецслужбаў, паведамляюць, што цяпер найміты Яўгенія Прыгожына занялі не толькі Растоў-на-Доне, але і Варонеж.

«Усе ключавыя аб’екты ў Варонежы таксама ўзяты пад кантроль, усё як у Растове», – пацвердзіла крыніца Бі-Бі-Сі, блізкая да цэнтральнага апарату ФСБ. Пакуль канкрэтнага плана здушэння мяцяжу ўлады не маюць.

Паводле звестак былога лідара ўзброеных фармаванняў «ДНР» Ігара Гіркіна, мясцовыя сілавікі не аказалі супраціву вагнэраўцам.

Сам Яўгеній Прыгожын пакуль не заяўляў пра тое, што ягоныя байцы кантралююць Варонеж. Разам з тым, набліжаны да вагнэраўцаў Telegram-канал «Grey Zone» паведамляе, што на памежным пераходзе Бугаёўка, які размешчаны ў Варонежскай вобласці, «яшчэ 180 расейскіх салдат і супрацоўнікаў сілавых ведамстваў пагадзіліся не перашкаджаць дзеяннем ПВК Вагнэра». Пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма.

10:08. Уладзімір Пуцін нарэшце выступіў з відэазваротам. Ён назваў дзеянні Прыгожына і наймітаў «ударам у спіну», «злачыннай авантурай» і «вайсковым мяцяжом».

«Тое, з чым мы сутыкнуліся – гэта менавіта здрада. Празмерныя амбіцыі і асабістыя інтарэсы прывялі да здрады», – падкрэсліў ён.

Пуцін паабяцаў, што будуць прынятыя рашучыя меры і ўсіх вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Пры гэтым ён прызнаў, што ў Растове сітуацыя застаецца складанай, праца цывільных і вайсковых органаў улады ў горадзе заблакаваныя.

Hавiны
«Гэта ўдар у спіну». Пуцін паабяцаў здушыць мяцеж Прыгожына
2023.06.24 11:24

10:01. У Варонежскай вобласці ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

Адзін з самых папулярных Z-каналаў «Рыбарь» паведамляе, што ў Варонежскай вобласці блакавана звыш 300 км трасы – з 464 па 777 кіламетр. Кім блакавана – не ўдакладняецца.

Медыі публікуюць кадры блакавання дарогаў у Маскоўскай вобласці.

09:34. Расейскі апазіцыйны палітык Міхаіл Хадаркоўскі заклікаў падтрымаць мяцеж Прыгожына. На думку, былога кіраўніка кампаніі «ЮКАС», калі заснавальнік ПВК Вагнэра пойдзе на Маскву, трэба не перашкаджаць яму, а «дапамагаць з бензінам і палівам, пераконваць тых, каго пашлюць яго спыняць, што вораг у нас у цяпер агульны».

«Цяпер можна і трэба дапамагаць хоць чорту лысаму, калі ён супраць гэтага рэжыму, які пачаў агрэсіўную вайну», – напісаў ён у Фэйсбуку.

09:29. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнт РФ неўзабаве выступіць са зваротам. Адпаведная інфармацыя была апублікаваная ў 8:46 па менскім часе. Аднак пакуль Пуцін са зваротам так і не выступіў.

09:11. Мінабароны РФ звярнулася да вагнэраўцаў з заклікам «праявіць разважлівасць».

«Вас падманам уцягнулі ў злачынную авантуру Прыгожына і ўдзелу ва ўзброеным мяцяжы», – гаворыцца ў заяве.

Паводле ведамства, некаторыя найміты ўжо ўсвядомілі сваю памылку і нібыта «звярнуліся да ўладаў за дапамогай у забеспячэнні магчымасці бяспечна вярнуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі»

«Просім праявіць разважлівасць і хутчэй выйсці на сувязь з прадстаўнікамі Мінабароны Расеі ці праваахоўных органаў», – адзначаецца ў звароце.

Байцы ПВК Вагнэра ходзяць па вуліцы ля штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў горадзе Растоў-на-Доне, Расея. 24 чэрвеня 2023 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

09:03. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт заявіў, што ў мэтах перадухілення тэрактаў на тэрыторыі Масквы і Маскоўскай вобласці ўводзіцца рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

08:53. Выданне «Baza» паведамляе, што на федэральнай трасе М-4, якая вядзе да Масквы, шмат вайсковай тэхнікі.

Растоўскі губернатар заклікаў не выязджаць на М-4, бо праз вялікую колькасць транспарту там абмежаваны рух.

Усе масавыя мерапрыемствы адменены ў Растове, а таксама Ліпецкай і Варонежскай вобласці.

Раней у Маскве і Падмаскоўі было абвешчана пра правядзенне «антытэрарыстычных мерапрыемстваў».

08:50. Мясцовыя паблікі працягваюць публікаваць відэа і фота вайсковай тэхнікі ў цэнтры Растову.

08:45. Выданне «Фонтанка» паведамляе, што «ПВК Вагнэр Цэнтр» у Санкт-Пецярбурзе ўвайшлі сілавікі. Імаверна, там адбываецца ператрус.

***

Увечары 23 чэрвеня Яўгеній Прыгожын абвінаваціў расейскую армію ў ракетным удары па лагеры наймітаў і абвесціў вайну міністэрству абароны. Бізнесовец паабяцаў аднавіць справядлівасць па ўсёй Расеі і папярэдзіў, што гатовы знішчыць усіх, хто ўстане на ягоным шляху.

Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі паведаміў, што па факце заяваў Прыгожына была распачатая крымінальная справа за «заклік да ўзброенага мяцяжу». Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін «праінфармаваны пра ўсе падзеі вакол Прыгожына». Аднак асабіста Пуцін з заявамі наконт сітуацыі не выступіў.

Ноччу Прыгожын паведаміў, што вагнэраўцы «мінулі ва ўсіх месцах дзяржаўныя межы» і ўвайшлі ў Растоў.  У цэнтры Растову з’явілася шмат вайсковай тэхнікі і ўзброеных людзей. Усе адміністратыўныя будынкі, у тым ліку штаб Паўднёвай вайсковай акругі, раніцай 24 чэрвеня былі ачэплены. Губернатар Растоўскай вобласці заклікаў грамадзянаў не пакідаць свае дамы і не ездзіць у абласны цэнтр.

Прыкладна ў 07:30 у тэлеграм-каналах, звязаных з ПВК Вагнэра, з’явілася відэа, на якім Прыгожын вядзе перамовы з намеснікам міністра абароны Юнус-Бекам Еўкуравым і генерал-лейтэнантам Уладзімірам Аляксеевым у штабе Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове.

«Мы сюды прыехалі, мы хочам атрымаць начальніка Генштаба і Шайгу. Пакуль іх не будзе, мы знаходзімся тут, блакуем горад Растоў і ідзем у Маскву», – кажа Прыгожын генералам на гэтым відэа.

У 07:42 з’явілася чарговая заява Прыгожына: ён распавёў, што ўсе вайсковыя аб’екты ў Растове, у тым ліку аэрадром, найміты нібыта ўзялі пад кантроль.

Hавiны
Вагнэраўцы, імаверна, занялі Растоў. Галоўнае пра мяцеж Прыгожына па стане на раніцу
2023.06.24 09:04

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў