Вагнэраўцы, імаверна, занялі Растоў. Галоўнае пра мяцеж Прыгожына па стане на раніцу


Заснавальнік ПВК «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын заявіў, што ягоныя найміты ўвайшлі ў Растоў і расейскія войскі амаль не аказваюць супраціву. Узброеныя людзі і вайсковая тэхніка занялі цэнтр гораду, у тым ліку ачапілі адміністратыўныя будынкі і штаб Паўднёвай вайсковай акругі.

Увечары 23 чэрвеня Яўгеній Прыгожын абвінаваціў расейскую армію ў ракетным удары па лагеры наймітаў і абвесціў вайну міністэрству абароны. Бізнесовец паабяцаў аднавіць справядлівасць па ўсёй Расеі. «Я прашу нікому не аказваць супраціў. Усе, хто будзе спрабаваць аказаць супраціў, – мы будзем лічыць, што гэта пагроза, і знішчаць неадкладна, у тым ліку любыя блокпасты, якія ўстануць на нашым шляху, любую авіяцыю, што ўбачым над сваімі галовамі. Я прашу ўсіх захоўваць спакой, не паддавацца на правакацыі, заставацца ў сваіх дамах, пажадана па маршруце нашага руху не выходзіць на вуліцу», – сказаў Прыгожын. Маршрут руху наймітаў і іх канчатковая мэта пры гэтым абвешчаны не былі.

Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі паведаміў, што па факце заяваў Прыгожына была распачатая крымінальная справа за «заклік да ўзброенага мяцяжу». Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін «праінфармаваны пра ўсе падзеі вакол Прыгожына». Аднак асабіста Пуцін з заявамі наконт сітуацыі дагэтуль не выступіў.

Каля 02:00 па менскім часе Telegram-канал «Прэс-служба Прыгожына» апублікаваў аўдыязапіс заснавальніка «ПВК Вагнэра», у якой гаворыцца, што найміты «мінулі ва ўсіх месцах дзяржаўныя межы» і «зараз уваходзяць у Растоў». «Мы мінулі ва ўсіх месцах дзяржаўныя межы, памежнікі выходзілі насустрач і абдымаліся з нашымі байцамі. Зараз мы ўваходзім у Растоў».

Яшчэ праз паўгадзіны Прыгожын заявіў, што начальнік Генштабу РФ аддаў загад нанесці авіяўдар па калоне вагнэраўцаў, але лётчыкі нібыта адмовіліся падпарадкоўвацца. У 03:43 бізнесовец паведаміў, што адзін верталёт Мінабароны РФ усё ж адкрыў агонь па калоне на маскоўскай трасе, але быў нібыта знішчаны вагнэраўцамі.

Тым часам, медыі сталі паведамляць, што ў цэнтры Растову шмат вайсковай тэхнікі і ўзброеных людзей. Хто яны – вагнэраўцы ці вайскоўцы Мінабароны – журналісты высветліць не могуць. Усе адміністратыўныя будынкі, у тым ліку штаб Паўднёвай вайсковай акругі ачэплены.

Вайсковая тэхніка заняла цэнтр Растова, раніца 24 чэрвеня.
Фота: etorostov / Telegram

Улады Растову абвесцілі пра забарону масавых мерапрыемстваў у горадзе і ўвядзенне часовых абмежаванняў на рух транспарту на таганрогскім і паўночным кірунку. Губернатар Растоўскай вобласці заклікаў грамадзянаў не пакідаць свае дамы і не ездзіць у абласны цэнтр.

Адначасова ў Маскве і Падмаскоўі абвешчана пра правядзенне «антытэрарыстычных мерапрыемстваў». А ўлады Варонежскай вобласці каля 05:00 раніцы паведамілі, што па дарозе М-4 рухаецца калона вайсковай тэхнікі.

У 07:00 Прыгожын заявіў, што некаторыя сілавікі вітаюць з’яўленне вагнэраўцаў і чалавек 60-70 ужо далучыліся да мяцежнікаў. «Я думаю, палова арміі гатовая пайсці з намі», – падкрэсліў ён.

Прыкладна ў 07:30 у тэлеграм-каналах, звязаных з ПВК Вагнэра, з’явілася відэа, на якім Прыгожын вядзе перамовы з намеснікам міністра абароны Юнус-Бекам Еўкуравым і генерал-лейтэнантам Уладзімірам Аляксеевым у штабе Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове.

«Мы сюды прыехалі, мы хочам атрымаць начальніка Генштаба і Шайгу. Пакуль іх не будзе, мы знаходзімся тут, блакуем горад Растоў і ідзем у Маскву», – кажа Прыгожын генералам на гэтым відэа.

У 07:42 з’явілася чарговая заява Прыгожына: ён распавёў, што ўсе вайсковыя аб’екты ў Растове, у тым ліку аэрадром, найміты ўзялі пад кантроль.

Праца расейскай авіяцыі і штабу Паўднёвай акругі пры гэтым не спынілася, сцвярджае бізнесовец.

Улады сітуацыю ў Растове пакуль не каментуюць.

Аналітыка
Кульмінацыя набліжаецца. Да чаго прывядзе бунт Яўгенія Прыгожына?
2023.06.15 19:12

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў