Фізічны пуск другога энергаблоку БелАЭС запланавалі на красавік


Першае пробнае ўлучэнне ў сетку другога энергаблоку Беларускай АЭС адбудзецца ў красавіку гэтага года, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе наконт Беларускай атамнай электрастанцыі, перадае БелТА.

Астравецкая БелАЭС.
Фота: Minenergo_by / Telegram

«Будаўніцтва першай АЭС – адзін з найбольш маштабных і тэхналагічных праектаў, які мы выконвалі супольна з расейцамі. Для рэалізацыі гэтага праекту зроблена нямала», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, першы блок станцыі з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю выпрацаваў ужо больш за 12,5 млрд кВт∙г., што дазволіла замясціць больш за 3 млрд кубаметраў газу і заашчадзіць больш за 400 млн долараў.

Што датычыць другога энергаблоку АЭС, то цяпер вядуцца працы над этапам фізічнага пуску, у красавіку гэтага года запланавалі ўлучэнне ў сетку, канстатаваў Лукашэнка.

Кіраўнік Міністэрства энергетыкі Віктар Каранкевіч расказаў, што ў красавіку – верасні 2023 года запланаваныя працы для асваення магутнасці рэактарнай устаноўкі да намінальнай, з правядзеннем выпрабаванняў у межах доследна-прамысловай эксплуатацыі.

Увосень запланавалі ўвод у прамысловую эксплуатацыю другога энергаблоку БелАЭС.

Першае пробнае ўлучэнне ў сетку другога энергаблоку станцыі адбудзецца ў красавіку, магутнасць рэактарнай устаноўкі будзе ўзнятая да 40 %.

«Гатовасць да здачы АЭС у цэлым згодна з праграмамі ўводу ў эксплуатацыю прагназуецца ў кастрычніку 2023 года», – заявіў Віктар Каранкевіч.

Пасля поўнага ўводу ў эксплуатацыю двух энергаблокаў станцыя зможа выпрацоўваць да 1,5 млрд кВт∙г. за год. Гэта каля 40 % ад унутраных патрэбаў краіны.

Фізічны пуск першага энергаблоку БелАЭС адбыўся ў жніўні 2020 года. У пачатку лістапада яго ўлучылі ў агульную энергасістэму краіны. Затым першыя паўгода яе спынялі практычна кожны месяц. БелАЭС фактычна прастойвала цэлы месяц з красавіка да траўня 2021 года. Тым не менш гэта не перашкодзіла 10 чэрвеня 2021 года ўвесці першы энергаблок у прамысловую эксплуатацыю. Пасля гэтага працу станцыі спынялі некалькі разоў.

Разбор
Не працуе, дык хоць не ўзарвецца. Мінула два гады, як у Беларусі запусцілі «крывенькую» БелАЭС
2022.11.03 07:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў