У Берасці адбыўся суд над доктарам за распаўсюд звестак супрацоўнікаў МУС


5 студзеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця скончыўся разгляд крымінальнай справы ўролага Алега Зыкуна, якога абвінавачваюць у распаўсюдзе персанальных звестак супрацоўнікаў МУС. Прысуд пакуль невядомы. Мужчыну можа пагражаць да 5 гадоў зняволення.

Алег Зыкун.
Фота: Spring96.org

Суддзёй на працэсе выступала Марына Скалковіч, у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы – Ягор Кронда, піша «Вясна».

Алег Зыкун працаваў уролагам у берасцейскай абласной лякарні. Узімку 2023 года яго затрымлівалі за перавод ахвяраванняў. 25 ліпеня мужчыну затрымалі паводле чарговай адміністратыўнай справы, а 8 верасня ён быў перазатрыманы ўжо паводле крымінальнай справы і змешчаны пад варту.

Абвінавачанне настойвала на тым, што Алег Зыкун наўмысна распаўсюджваў персанальныя звесткі пра супрацоўнікаў МУС, якія, паводле следства, ён шукаў у тэлеграм-канале «Nexta». Пасля гэтыя звесткі ён, маўляў, распаўсюджваў у лакальнай сетцы па месцы працы, што нібыта высветлілася ўлетку 2023 года.

Сам Зыкун да лета 2023 года не падазраваў, што ў ягонай тэчцы ў лакальнай працоўнай сетцы быў файл з імёнамі і кантактнымі звесткамі супрацоўнікаў МУС – гэты файл быў знойдзены падчас агляду тэхнікі доктара ў рамках адміністратыўнай справы ў ліпені 2023-га, піша «Вясна».

Прысуд, які вынеслі Алегу Зыкуну, пакуль невядомы. Але з улікам таго, што яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 203-1 Крымінальнага кодэксу РБ («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках»), то яму пагражае да 5 гадоў абмежавання волі або 5 гадоў пазбаўлення волі і штраф.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў