Сацыёлагі: беларусы саспелі да рэформаў і не давяраюць дзяржаве


Адкуль беларусы даведваюцца пра навіны, ці саспелі яны да рэформаў і ці гатова Беларусь жыць без Расеі? На гэтыя пытанні паспрабавалі адказаць сацыёлагі ў сваім новым даследаванні. Chatham House (Каралеўскі брытанскі аналітычны цэнтр у галіне міжнародных адносін) апытаў 813 рэспандэнтаў з 24 студзеня па 3 лютага 2023 года з дапамогай інтэрнет-інтэрв’ю (CAWI). Усе апытаныя пражываюць у гарадах і з’яўляюцца карыстальнікамі інтэрнэту. Прыводзім самае цікавае.

Адкуль беларусы даведваюцца аб тым, што адбываецца

Гарадскія беларусы часцей атрымліваюць навіны з расейскіх і беларускіх тэлеканалаў (іх аўдыторыя амаль аднолькавая па колькасці – 34% і 32% адпаведна).

Беларусы часцей даведаюцца пра навіны з расейскіх і беларускіх тэлеканалаў, а таксама давяраюць ім больш, чым іншым крыніцам. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Аўдыторыя недзяржаўных СМІ складае 20%, яшчэ 26% выкарыстоўваюць абодва тыпы крыніц. Кожны пяты апытаны не цікавіцца навінамі наогул, праглядае праграмы навін і сайты радзей чым раз на тыдзень.

Аўдыторыі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ складаюць дзве інфармацыйныя бурбалкі ў беларускім грамадстве, узаемна не давяраючыя альтэрнатыўным тыпам крыніц. Прычым такі недавер больш характэрны для аўдыторыі недзяржаўных медыяў. Яны амаль цалкам не давяраюць тэлебачанню, а ў параўнанні з мінулай хваляй даследаванні ў лістападзе 2022 года сталі значна менш давяраць «новым нейтральным медыя» (Смартпрэс, tochka.by, Белнавіны).

Беларусы саспелі да рэформаў

Эксперты адзначаюць: беларускае грамадства чакае рэформаў. Толькі 15% беларускіх гараджанаў лічаць, што Беларусі яны не патрэбныя. Гэта сведчыць аб грамадскім кансэнсусе неабходнасці змен. Нават аўдыторыя дзяржаўных медыяў часцей кажа, што рэформы патрэбныя (41% аўдыторыі дзяржсмі), чым не патрэбныя (23%). Больш за палову выбаркі, то бок кожны другі рэспандэнт выступае за маштабныя, але паступовыя рэформы, якія як павялічваюць, так і зніжаюць ролю дзяржавы ў залежнасці ад сферы. За рэформы толькі ў асобных сферах выказаўся кожны пяты. За хуткія рэформы выступае кожны дзясяты.

Больш за палову беларусаў лічаць, што рэформы неабходныя. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Беларусы ў сваёй большасці не задаволеныя эканамічнай сітуацыяй, лічаць, што ў Беларусі занадта шмат чыноўнікаў і дзяржаўных структур, а таксама занадта высокія падаткі.

Тры чвэрці беларускіх гарадскіх жыхароў (74%) лічаць, што за сярэднюю беларускую пенсію цяжка годна пражыць. 65% мяркуюць, што ў Беларусі зашмат чыноўнікаў і дзяржаўных структур. Пры гэтым амаль кожны другі (45%) лічыць, што большасць чыноўнікаў, у тым ліку высокапастаўленых, некампетэнтная.

Больш за палову беларусаў адзначаюць праблемы з пенсіямі і камунальнымі паслугамі, тады як па пытаннях адукацыі, аховы здароўя, спорту і дапамозе ўразлівым групам адзінага меркавання няма. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Больш за палову апытаных (56%) адзначылі, што ў краіне вельмі высокія падаткі. Толькі 23% падтрымлівае такія дзеянні дзяржавы як павышэнне пенсійнага ўзросту, скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ці павышэнне падаткаў.

Беларусы часцей згодныя, чым нязгодныя са сцвярджэннямі аб нераўнамернасці міжрэгіянальнага размеркавання бюджэту (большая частка грошай ідзе ў Менск, а абласным і асабліва раённым гарадам застаецца мала сродкаў) і сцвярджэннем, што «у Беларусі памерла вёска».

Агулам беларусы не задаволеныя эканамічнай сітуацыяй і якасцю дзяржкіравання. Гэта тычыцца колькасці і кампетэнтнасці чыноўнікаў, памеру падаткаў і міжрэгіянальнага размеркавання бюджэту. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Пры гэтым сітуацыю з карупцыяй беларусы часцей ацэньваюць пазітыўна, чым негатыўна. Беларусы не лічаць, што ў Беларусі створаны добрыя ўмовы для бізнесу.

Пры гэтым сітуацыю з карупцыяй беларусы часцей ацэньваюць пазітыўна, чым негатыўна. Беларусы не лічаць, што ў Беларусі створаны добрыя ўмовы для бізнесу. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Беларусы не давяраюць дзяржаве

Аўдыторыя недзяржаўных медыя часцей за астатніх крытыкуюе дзейную сістэму кіравання і эканамічную сітуацыю ў краіне, аднак доля крытыкаў высокая нават сярод лаяльнай уладзе аўдыторыі.

Аб пэўным разрыве паміж дзяржавай і людзьмі сведчыць тое, што кожны другі лічыць, што «просты чалавек у Беларусі не абаронены ад самаўпраўнасці ўладаў». Большасць гараджанаў нязгодныя са сцвярджэннем, што «калі чалавек добра зарабляе, ён павінен быць удзячны дзяржаве».

Каля паловы гарадскіх жыхароў згодныя, што пасля выбараў з’ехала шмат таленавітых людзей, столькі ж адчуваюць неабароненасць перад самавольствам уладаў. Па пытаннях смяротнага пакарання і пазіцыі спартсменаў думкі падзяліліся. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Ці гатова Беларусь жыць без Расеі

У знешняй палітыцы папулярнай застаецца ўстаноўка на нейтралітэт. Дзве трэці беларускіх гарадскіх жыхароў мяркуе, што Беларусь павінна мець аднолькава добрыя адносіны і з Захадам, і з Расеяй. Але калі нельга выбраць нейтральнасць, аўдыторыя дзяржСМІ часцей адзначае негатыўнае стаўленне да Захаду і пазітыўнае да Расеі, а аўдыторыя недзяржаўных СМІ – наадварот.

Беларусы часцей падтрымліваюць устаноўку на нейтралітэт у знешняй палітыцы, пры гэтым каля трэці насельніцтва не маюць выяўленай пазіцыі па пытаннях знешняй палітыкі. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

38% беларускіх гарадскіх жыхароў лічаць, што Беларусь не выжыве без расейскай дапамогі пры 31% нязгодных і 28% тых, хто не змог адказаць.

І яшчэ некалькі тэзаў

Каля паловы апытаных згодна з меркаваннем, што пасля выбараў зʼехала шмат таленавітых людзей.

Кожны чацвёрты лічыць, што ні ва ўлады, ні ў апазіцыі няма бачання будучага краіны.

Каля чвэрці беларусаў выказваюць абыякавасць да сімволікі і столькі ж лічаць, што ні ва ўладзе, ні ў апазіцыі няма бачання будучыні. Беларусы, якія так лічаць, часцей за іншых адзначаюць, што людзей, якія падзяляюць іх погляды – меншасць. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Больш за чвэрць апытаных (27%) выказала абыякавасць да таго, які сцяг будзе ў краіне.

Толькі кожны шосты (16%) пагадзіўся з тым, каб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай.

Кожны чацвёрты выказаўся супраць выкарыстання смяротнага пакарання ў Беларусі.

Толькі 14% вераць у афіцыйную статыстыку смерцяў ад каронавіруса.

Больш за палову беларусаў не вераць у статыстыку смерцяў ад COVID-19, не лічаць добры заробак заслугай дзяржавы і не падтрымліваюць нават вымушаныя непапулярныя рашэнні. Скрын з прэзентацыі даследавання «Медыяспажыванне і стаўленне да рэформ». Крыніца: https://belaruspolls.org/

Пры гэтым ёсць сферы, якія беларускія гарадскія жыхары ацэньваюць адносна нядрэнна. Напрыклад, школьную адукацыю ці медычныя паслугі. Таксама 54% рэспандэнтаў лічаць, што ў Беларусі добрыя дарогі.

Артыкулы
Канфлікт нарастае. «Chatham House» прэзентаваў даследаванне пра сацыяльную напружанасць у Беларусі
2022.01.20 15:36

СП belsat.eu

Стужка навінаў