Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка: Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця


Журналіст і палітвязень Павел Мажэйка, асуджаны 26 ліпеня на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, чакае разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд у гарадзенскай турме. У лісце да сваякоў, які цытуе «Радыё Свабода», Мажэйка піша, што на судзе для яго было важным «захаваць гонар і годнасць, не змаладушнічаць».

Палітвязень і журналіст Павел Мажэйка. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

«Для мяне было важным захаваць гонар і годнасць, не змаладушнічаць. Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця», – напісаў у лісце да блізкіх людзей палітвязень Павел Мажэйка.

Ацэньваючы вырак так званага суду, палітвязень адзначае, што прысуджаны тэрмін (6 гадоў зняволення), «безумоўна, вялікі» і згадвае японскае майстэрства склейвання разбітай керамікі кінцугі:

«Тое, што нас не знішчае, ператварае нас у кінцугі».

Па словах сваякоў Паўла Мажэйкі, у задавальненне апеляцыі на вырак ён не верыць і рыхтуецца да этапавання ў калонію. Папрасіў перадаць яму брытву, адзенне і неабходныя лекі, але перадача з лекамі пакуль «завісла».

«Пакуль не прынялі, сказалі, што нібыта не было ад яго заявы», – патлумачылі выданню сваякі палітвязня.

Як распавялі блізкія Паўла Мажэйкі, на ўмовы ўтрымання ў СІЗА ён не скардзіцца, шмат чытае, рэгулярны гуляе ў турэмным дворыку, «фізічна адчувае сябе нармальна». Расказалі таксама, што палітвязень дасылае ў лістах малюнкі дзецям.

Апеляцыйную скаргу Паўла Мажэйкі павінны разгледзець у Вярхоўным судзе Беларусі 17 кастрычніка.

Нагадаем, што палітзняволенага Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч судзілі за перадачу «Белсату» звестак, датычных пазбаўлення Юліі Юргілевіч адвакацкай ліцэнзіі і выключэння яе з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама наконт справы Алеся Пушкіна і вынесенага яму прысуду. Гэта было расцэнена як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэксу). Мажэйку і Юргілевіч прысудзілі да 6 гадоў калоніі, як і патрабаваў пракурор. Паўлу пры гэтым прызначылі ўзмоцнены рэжым.

Рэпартаж
Святлана Ціханоўская: Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі
2023.10.03 10:01

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў