Стала вядома, у чым абвінавачваюць журналіста Паўла Мажэйку


У абласным судзе Горадні 10 ліпеня пачаўся суд над гарадзенскім журналістам і грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч. Толькі падчас суда стала вядома, за што іх судзяць. Палітзняволеных абвінавачваюць у перадачы звестак «Белсату» ў лютым – сакавіку 2022 года, што расцанілі як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 КК).

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч падчас суда.
Фота: belta.by

На здымку з залы суда Мажэйка і Юргілевіч стаяць да фатографа спінамі. На робе Юліі відаць надпіс «карцер 2».

Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка нібыта «дзеяў у групе асобаў пры папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч і з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юліі Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання».

Потым, згодна з абвінавачаннем, гэтыя звесткі былі «апублікаваныя ў адкрытым доступе ў сетцы Інтэрнэт нявызначанымі ўдзельнікамі арганізацыі «Белсат», што забяспечыла неабмежаванаму колу асобаў доступ да названай інфармацыі».

Гэткім чынам палітзняволеныя, маўляў, аказалі «іншае спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», перадае БелТА.

Мажэйка быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь і ўжо амаль год застаецца за кратамі гарадзенскай турмы. Дэталі ягонай справы трымаліся ў сакрэце, толькі ўвесну стаў вядомы артыкул, паводле якога яго затрымалі – «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Нядаўна Паўлавага адваката Аляксандра Бірылава пазбавілі ліцэнзіі і выключылі з калегіі адвакатаў.

У лютым 2022 года Юлію Юргілевіч выключылі са складу Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў за нібыта «сістэматычныя парушэнні заканадаўства». Адвакатку затрымалі па вяртанні з Польшчы 30 жніўня 2022 года. У той жа дзень быў затрыманы і Павел Мажэйка. Юргілевіч працавала адвакаткаю амаль 18 гадоў. Яна бараніла ў судах палітвязняў Алеся Пушкіна, Ігара Банцэра, Андрэя Сакалоўскага, Арцёма Баярскага, Андрэя Аўсіевіча.

Гісторыі
«У лістах ён намагаецца нас падтрымаць – і яны сапраўды дадаюць сілаў». У Горадні пачалі судзіць журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку
2023.07.10 15:17

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў