«У лістах ён намагаецца нас падтрымаць – і яны сапраўды дадаюць сілаў». У Горадні пачалі судзіць журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку


10 ліпеня ў абласным судзе Горадні пачаўся суд над гарадзенскім журналістам і грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам. Ён быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь і ўжо амаль год застаецца за кратамі гарадзенскай турмы. Дэталі ягонай справы трымаюцца ў сакрэце, толькі ўвесну стаў вядомы артыкул, паводле якога яго затрымалі – «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Нядаўна Паўлавага адваката Аляксандра Бірылава пазбавілі ліцэнзіі і выключылі з калегіі адвакатаў.

Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст «Белсату» Павел Мажэйка пасля трох содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Распавядаем, што на сёння вядома пра Паўла і як гэту гісторыю перажываюць ягоныя родныя.

«У дзяцей адабралі не проста бацьку, а фактычна – цэлы свет»

Лісты ад Паўла на працягу гэтага года даходзяць толькі сям’і.

«Мяркуючы з лістоў, Павел добра разумее, дзе ён ёсць і што адбываецца. У апошніх лістах, якія я ад яго атрымала, ён так і піша: падрыхтуйся да таго, што мы вельмі доўга яшчэ не пабачымся. Агулам гэта не першая ягоная крымінальная справа, ён не першы раз за кратамі. Таму псіхалагічны стан у яго нармальны. У сваіх лістах ён намагаецца нас падтрымаць – і яны сапраўды дадаюць сілаў. У лістах для дзяцей Павел прыдумляе розныя шарады, галаваломкі, малюе малюнкі».

За кратамі Павел дакладна размеркаваў свае дні: у яго ёсць асобны час на спорт, навучанне, лісты, побытавыя справы. Ён намагаецца жыць паводле рэжыму, які сам для сябе склаў, і гэта таксама дадае яму сілаў.

«Рэжымныя ўмовы ўтрымання пастаянна пагаршаюцца. Павел не скардзіцца, але звонку я магу меркаваць з таго, што можна, а што нельга. Калі раней можна было дасылаць кніжкі, падчас зняволення Паўла гэта забаранілі, ніякіх новых кніжак яму даслаць немагчыма. Калі раней можна было перадаць лекі, вітаміны, кантактныя лінзы і вадкасць для вачэй, гэта таксама з новага года забаранілі. Мы з вялікімі цяжкасцямі перадалі яму акуляры: іх забралі, але яшчэ паўтары месяцы яны ляжалі ў начальніка турмы».

Hавiны
«Адпусціце гэтую сітуацыю…» Палітзняволены журналіст Павал Мажэйка даслаў з турмы першы ліст
2022.09.27 12:35

Яна кажа, самая вялікая драма ў тым, што цяпер няма практычна ніякай інфармацыі пра справу Паўла. Усе, хто хоць нешта бачыў наконт гэтай справы, звязаныя падпіскай аб нераскрыцці. Таму якім чынам, як канкрэтна ён нібыта «спрыяў экстрэмісцкай дзейнасці», ніхто не ведае.

«Я падазраю, што насамрэч – ніяк, што ў справе няма нічога, але ў сілу таго, што Павел столькі ўжо сядзіць, яму мусяць нешта прад’явіць, бо гэтая сістэма не прызнае памылак».

Пасля зняволення Паўла жыццё ўсёй сям’і крытычна змянілася. У першыя дні пасля затрымання выклікалі на допыт ягонага бацьку, які мае хворае сэрца і якому гэта ўсё вельмі цяжка давалася. Учынілі ператрусы нават у далёкіх сваякоў.

«Бацькі Паўла перажываюць гэта вельмі цяжка. Гэта моцна адбілася на стане маці, бацькі, на ўсёй сям’і. Павел вельмі добры тата, вельмі добры муж і гаспадар. На ім было шмат сямейных, дзіцячых справаў. Ад нас адгрызлі, адарвалі палову жыцця. У дзяцей адабралі не проста бацьку, а фактычна – цэлы свет. Яны вельмі сумуюць, ім вельмі не хапае таты».

Яна кажа, старэйшая дачка Ніна, якой амаль 12 гадоў, сітуацыю ведае і разумее. Яна можа ўсвядоміць, што ёсць людзі, якія могуць проста так узяць і «закрыць» ейнага бацьку. А вось сыну Юрку 4 гады, і ён гэтага ўсяго не ўсведамляе.

«Ён у прынцыпе не можа зразумець, чаму тата не едзе. Я прасіла Паўла ў лістах, каб ён напісаў для Юркі нейкую гісторыю, даў дзіцячую версію, дзе тата і чаму ён не едзе, якую сынок зможа ўсвядоміць. Калі сын бачыць, што з садка дзяцей забіраюць таты, ён пытае: а дзе мой тата, чаму ён мяне не забірае? Ён увесь час фантазіюе на тэму таго, што мы паедзем у Беларусь кудысьці ў лес ці яшчэ куды і там паедзем да таты. Паедзем на самалёце ці цягніку, але ў таты ёсць машына, ён можа прыехаць да нас. Немажліва яму растлумачыць, чаму тата не можа прыехаць».

«Павел у пэўным сэнсе ёсць бацькам гістарычнай беларускай журналістыкі»

Павел – вядомы гарадзенскі журналіст і прызнаны ў медыйнай сферы прафесіянал.

«Мне падаецца, Павел найперш ёсць журналістам культуры, а не палітыкі. Мы пазнаёміліся з ім 18 гадоў таму ў Горадні. Ён быў заангажаваны ў шматлікія справы, але мэта ў яго была заўсёды адна: ён служыў сваёй малой айчыне – Горадні», – кажа дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Чаму рэжым лічыць Паўла небяспечным? На думку нашай суразмоўцы, Павел – чалавек фундаментальнай свабоды. Магчыма, гэта стала выклікам для беларускай улады.

«Павел – вельмі адданы патрыёт. Вельмі важная прынцыповая для яго справа – гэта выкарыстанне беларускай мовы ў любых справах. І ён заўсёды атрымліваў на гэта пазітыўную рэакцыю. Для Паўла таксама вельмі важнаю была яго малая радзіма – родны горад. Калі я пытала, ці не хацеў бы ён з’ехаць з Беларусі, ён казаў, што папросту не можа больш нідзе жыць. Павел настолькі звязаны з Горадняй, што не хацеў пераязджаць нават у Менск. Толькі ў Горадні ён мог адчуваць сябе добра», – распавядае спадарыня Агнешка.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў і журналіст «Белсату» Павел Мажэйка.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яна адзначае, што Павел таксама вельмі адкрыты і аптымістычны чалавек, а ягоны аптымізм зараджае іншых людзей.

«У новай незалежнай Беларусі Павел працягваў бы развіваць сваю галерэю, сядзеў бы ў вялікім фатэлі і назіраў, як развівалася культурніцкае жыццё. Павел напэўна браў бы ўдзел у розных гістарычных дыскусіях, бо, на маю думку, ён у пэўным сэнсе ёсць бацькам гістарычнай беларускай журналістыкі», – перакананая Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Мы ўсе з’ехалі, а ён застаўся»

Павел Мажэйка – вядомы ў Горадні грамадскі актывіст, стваральнік культурніцкай пляцоўкі «Цэнтр гарадскога жыцця», якая за час свайго існавання стала культавым месцам.

«Калі я працаваў у Горадні ў рэдакцыі HrodnaLife, Цэнтр гарадскога жыцця месціўся побач. І на мой погляд, гэта была самая файная культурніцкая пляцоўка гораду. Там заўсёды праходзілі разнастайныя імпрэзы, на якія прыходзіла вельмі шмат людзей. Дзякуючы цэнтру шмат аўтараў, музыкаў, мастакоў маглі сябе рэалізаваць: зладзіць імпрэзу і сабраць сваю аўдыторыю», – кажа ў каментары «Белсату» рэдактар парталу «MOST Media» Руслан Кулевіч.

Ён адзначае: Павел – сапраўдны патрыёт свайго гораду, які дапамагаў людзям рэалізоўваць свае ідэі, ягоны цэнтр быў заўсёды адчынены для ўсіх.

«Таксама Паша – сапраўдны прафесіянал: мы абмяркоўвалі нейкія артыкулы, ён заўсёды мог падказаць эксперта ў той ці іншай тэме. Паша разумеў, што па яго могуць прыйсці, але палічыў сваім абавязкам застацца. Мы ўсе з’ехалі, а ён застаўся», – кажа журналіст.

«Дзякую Богу, што сярод беларусаў ёсць такія людзі, як Павел. Бо менавіта дзякуючы ім хочацца любіць Беларусь»

25 траўня Павел Мажэйка сустрэў за кратамі свой 45-ы год нараджэння. З гэтай нагоды сябры і знаёмыя Паўла размяшчалі ў сацсетках фотаздымкі з філіжанкамі кавы і кніжкамі (бо Павел – аматар добрай кавы і кніг), а таксама пісалі пра яго цёплыя словы. Адзін з такіх пастоў размясціў у сваім «Фэйсбуку» журналіст радыё «Свабода» і Паўлаў сябар Зміцер Гурневіч.

«Мы пазнаёміліся ў 2007 годзе, у будучай сядзібе «Белсату» ў Варшаве. Мінула больш за 15 гадоў, але я і цяпер памятаю, якое ўражанне Павел на мяне зрабіў. Чалавек, які ўмее слухаць, гаворыць не шмат, але па сутнасці. Гэта чалавек, якога цікавіць эфектыўны вынік і які ўсё робіць на карысць для Беларусі. Ад таго часу я ані разу ў ім не расчараваўся і магу з гонарам казаць, што ён адзін з маіх найлепшых сяброў, аднадумцаў і калегаў.

Некалькі гадоў я быў рэдактарам перадачы «Госць «Белсату», якую вёў Павел. Гэта былі класічныя інтэрв’ю з цікавымі (ну, не заўсёды) людзьмі. Мне заўсёды імпанаваў ягоны стыль. Ён не імкнуўся самалюбавацца, стараўся быць сціплым, але прынцыповым. Яго немагчыма было вывесці з раўнавагі і справакаваць. І калі мне даводзілася нервова скакаць, думаць пра госця, які спазняецца, што нешта не так у студыі, то Павел быў як азёрная гладзь: «Дзімон, расслабся, усё будзе добра». Калісьці Міхал Анемпадыстаў менавіта так прапанаваў паводзіць сябе вядоўцам «Белсату», каб выпрацаваць пазнавальны стыль: спакойна, без істэрык, добразычліва. Але Паша рабіў гэта значна раней.

Пазней мы 5 гадоў разам вялі перадачу «Два на два», у якой я выступаў трошкі ў ролі троля (быў малады), а Павел заўсёды клапаціўся пра тое, каб, акрамя шоу, з размовы заставалася нешта больш каштоўнае. Не прыгадаю, каб за 15 гадоў нашага знаёмства ў мяне быў з ім хоць нейкі канфлікт, ці то ў працы, ці не. З ім вельмі проста, бо ён не імкнецца даказваць сваю рацыю, а шукае кампраміс.

Я не маю права шмат казаць, але ведаю, як шмат Павел дапамагаў людзям у бядзе. Гэта чалавек, які можа абудзіцца ўначы пасля званка і паўночы ехаць на машыне, каб кагосьці выручыць. Ведаю, што ён грашыма падтрымліваў ветэранаў беларускага руху, бо лічыў, што гэта ганебна, каб героі Беларусі бедавалі. Памятаю, як заўважыўшы сімптомы сур’ёзнай хваробы ў аднаго са знаёмых, ён прымусіў яго запісацца да лекара і папрасіў мяне паспрыяць, бо мне было бліжэй. Павел проста ўважлівы і эмпатычны.

Я цікавіўся, чаму ён як мага хутчэй не выедзе з Беларусі, ужо пасля 2020 года. У адказ: «Ну як паеду? Я мушу насіць перадачы Алесю Пушкіну, хто тут будзе дбаць пра яго».

Некалі я гасцяваў у Горадні і выклікаў таксоўку, каб сустрэцца з Паўлам. Кіроўца мяне пазнаў і задаў толькі адно пытанне: «А дзе вы згубілі Мажэйку?». Я вельмі часта думаю пра Паўла і ўзгадваю свой адказ: «Дык я да яго і еду. Зараз і пабачуся». Чакаю такога моманту і дзякую Богу, што сярод беларусаў ёсць такія людзі, як Павел, пра якіх не даводзіцца казаць добрыя словы змушана. Бо менавіта дзякуючы ім хочацца любіць Беларусь».

Хто такі Павел Мажэйка: пяць фактаў

Павел паводле адукацыі – выкладчык гісторыі і культуралагічных дысцыплінаў, скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (2000). Быў журналістам адной з першых незалежных газетаў «Пагоня», рэдактарам газеты «Дзень», супрацоўнічаў з інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН, тэлевізійнай кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў польскіх і амерыканскіх выданнях. Ганаровы сябра пісьменніцкіх суполак беларускага і брытанскага ПЭН-цэнтраў. Быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2006. На працягу 14 гадоў, да 2020 года, Павел быў аўтарам і вядоўцам шэрагу публіцыстычных і гістарычных праграмаў на «Белсаце»: «Два на два», «Intermarium», спецпраектаў палітычных дэбатаў ды іншых.

Павел – адзін з першых палітвязняў Беларусі: у 2002 годзе яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта. Ён адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу, працаваў на пілараме. Паводле амністыі тэрмін скарацілі на год.

Павел стаў адным з арганізатараў штогадовых гістарычных канферэнцыяў у Горадні (з 2008 года), арганізоўваў штогадовыя «Гарадзенскія дыктоўкі» (2008–2020).

Андрэй Блануца, кандыдат гістарычных навук (Інстытут гісторыі Украіны Нацыянальнай акадэміі навук Украіны), Віктар Якубаў, кандыдат гістарычных навук (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) і Павал Мажэйка падчас праграмы «Intermarium».
Фота: Белсат

Таксама Павел – адзін з заснавальнікаў і каардынатар незалежнай кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка», якая з’явілася ў 2006 годзе. Гэта быў адказ «бульдозернай рэканструкцыі», што прыйшла ў Гораднію ў 2005 годзе і адзначалася знішчэннем гістарычна-культурнай спадчыны каралеўскага гораду. Павел з паплечнікамі задумалі абараніць свой горад пры дапамозе інтэлектуальнага набытку. Дзякуючы дзейнасці Паўла пабачылі свет больш за 30 выданняў: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мемуары, эпісталярная спадчына, гістарычная і сучасная проза, даведнікі пра Горадню ды іншыя. У спісе – невядомыя раней творы Васіля Быкава і эсэ Віктара Шалкевіча, «Біяграфія гарадзенскіх вуліц» і «Гораднязнаўства».

У 2016 годзе Павел ствараў у Горадні Цэнтр гарадскога жыцця, які граў важную ролю ў тутэйшым культурніцкім і грамадскім руху. Гэтая прастора гуртавала творчых, актыўных, ініцыятыўных людзей, тут папулярызавалася беларускасць і падтрымліваліся розныя грамадскія ініцыятывы ды ідэі. У цэнтры адбыліся сотні культурніцкіх імпрэзаў, навуковых канферэнцыяў, дзясяткі выставаў, прэзентацыяў кніг, канцэртаў і адукацыйных сустрэчаў. Сярод іх, напрыклад, канцэрт Лявона Вольскага, кніжны фестываль «Прадмова», гістарычныя канферэнцыі «Grodnae et orbi», фестывалі дакументальнага кіно, курсы «Мова Нанова» і гэтак далей. Штогод на калядныя святы Павел ладзіў беларускія ялінкі для дзетак. У 2019 годзе цэнтр стаў адзіным месцам у Беларусі, дзе адбылася выстава фатаграфіяў самага прэстыжнага сусветнага конкурсу фатографаў «World Press Photo».

У 2020 годзе Павел даў пляцоўку Цэнтру гарадскога жыцця для збору і працы валанцёраў, якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Сюды звозіліся ахоўныя касцюмы ды іншыя рэчы, неабходныя медыкам, тут валанцёры сабралі ўласнаруч тысячы ахоўных экранаў.

12 траўня 2021 года эканамічны суд Гарадзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця, нягледзячы на тое, што пад зваротам у абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 асобаў.

Справа Паўла

Спачатку Паўла Мажэйку затрымалі ў сакавіку 2021 года разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у Цэнтры гарадскога жыцця партрэт дзеяча антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны Яўгена Жыхара. У дачыненні іх распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Пасля 72 гадзінаў затрымання Паўла вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». Ён мог выехаць з Беларусі ўжо тады, аднак застаўся ў краіне. На пачатку 2022 года крымінальную справу супраць яго спынілі.

30 жніўня 2022 года Паўла зноўку затрымалі. Цяпер яго трымаюць у СІЗА ў будынку гарадзенскай турмы. Сябры Паўла неўзабаве пасля ягонага арышту стварылі адмысловы сайт, дзе распавядаецца, чаму ён – чалавек-легенда для Горадні.

Саша Гоман belsat.eu

Hавiны
Журналіст Павел Мажэйка адзначае дзень народзінаў за кратамі
2023.05.25 13:09
Стужка навінаў