З зоны баявых дзеянняў ва Украіне пачнецца прымусовая эвакуацыя дзяцей


Адпаведнае паведамленне з’явілася на старонцы Міністэрства па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны. Прымусовая эвакуацыя абвешчана ў 21 населеным пункце Данецкай вобласці.

Эвакуацыю будуць праводзіць пяць экіпажаў паліцыі «Белыя анёлы», якія зоймуцца бяспечным вывазам дзяцей на браніраваных аўтамабілях.

Эвакуявана з зоны баявых дзеянняў будзе больш за 120 дзяцей.
Фота: ukranews.com

Абавязковая эвакуацыя дзяцей у прымусовым парадку будзе адбывацца ў суправаджэнні аднаго з бацькоў ці асобы, якая іх замяняе. Эвакуяваным будзе забяспечаны бясплатны прытулак, гуманітарная дапамога і псіхалагічная падтрымка.

Нагадаем, што ўкраінскі Кабмін 7 сакавіка ўхваліў спецыяльны механізм прымусовай эвакуацыі дзяцей з зон актыўных баявых дзеянняў, паведамленне аб гэтым з’явілася на ўрадавым партале Украіны.

У паведамленні падкрэслівалася, што «дзеці ў зоне баявых дзеянняў не могуць сябе абслугоўваць. Таму ўся адказнасць за іх ляжыць на дарослых. Адмова бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, ад эвакуацыі дзіцяці не дапускаецца. Бо гаворка вядзецца пра яго жыццё».

Пытанні абароны жыцця дзяцей і іх неадкладнай эвакуацыі з асабліва небяспечных тэрыторый узяла пад асабісты кантроль віцэ-прэм’ер-міністр Ірына Верашчук.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў