Мінадукацыі: Дзейсным студэнтам замежных ВНУ адтэрміноўку ад службы ў войску не скасуюць


Міністэрства адукацыі пацвердзіла, што прапанова адмяніць адтэрміноўку тым, хто вучыцца за мяжой, захавалася ў адпаведным законапраекце, які рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні Нацыянальным сходам. Аднак, тыя хто вучыцца проста цяпер, адтэрміноўку захаваюць. Паводле БелТА, аб гэтым паведаміў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. Паглядзелі сітуацыю і ў суседзяў.

Аляксандр Бахановіч, першы намеснік міністра адукацыі РБ.
Фота: БелТА / belta.by

3 сакавіка першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч паведаміў, што парламентарыі працягваюць працу над папраўкамі з заканадаўства, якія датычаць падставаў для прадстаўлення адтэрміноўкі ад прызыву на вайсковую службу. Адтэрміноўку студэнтам, якія вучацца за мяжой, плануюць адмяніць.

Пры гэтым Бахановіч кажа, што тым самым заканадаўства ў Беларусі нібыта прыводзіцца ў адпаведнасць з заканадаўствам краінаў-суседзяў: «У нашых суседзяў, калі яны едуць вучыцца за мяжу, таксама няма адтэрміновак. Мы прыводзім заканадаўства ў адпаведнасць з тым, што ёсць у нашых суседзяў. У нас павінныя быць роўныя правы і магчымасці».

Са словаў намесніка міністра адукацыі, адмена адтэрміноўкі не закране студэнтаў, якія ўжо вучацца за мяжой.

«Для тых, хто працягвае вучыцца за мяжой, гэтыя адтэрміноўкі застануцца», – сказаў Аляксандр Бахановіч.

Таксама адтэрміноўку змогуць атрымаць і новыя студэнты, калі праз накіраванне дзяржустаноў ці прадпрыемстваў паедуць вучыцца ў замежныя ВНУ на спецыяльнасці, якіх няма ў Беларусі, але краіна мае вострую патрэбу ў гэтых спецыялістах.

Нагадаем, што 12 кастрычніка 2022 года Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект, які ўдакладняе падставы для атрымання адтэрміноўкі ад прызыву на вайсковую службу. Згодна са зменамі закону, студэнты, якія навучаюцца за мяжой, не атрымаюць адтэрміноўкі ад службы ў войску.

Затым 14 кастрычніка Фонд салідарнасці BYSOL заявіў, што гатовы кансультаваць беларускіх студэнтаў замежных універсітэтаў, якія страчваюць права адтэрміноўкі ад службы ў войску пасля зменаў заканадаўства.

Hавiны
BYSOL гатовы кансультаваць студэнтаў замежных універсітэтаў адносна адтэрміноўкі ад вайсковай службы
2022.10.14 14:35

Пра адтэрміноўку ў суседзяў

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніцаў, норма заканадаўства, паводле якой студэнты замежных вузаў страчваюць права на адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую службу, існуе толькі ў Расейскай Федэрацыі. Паводле федэральнага закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», адтэрміноўку ад прызыву даюць толькі тым, хто вучыцца ў навучальных установах, якія акрэдытаваныя Міністэрствам адукацыі Расейскай Федэрацыі. Сярод такіх установаў замежныя ВНУ не пазначаныя.

Што да Літвы, то гэта краіна з 2015 года аднавіла абавязковую тэрміновую службу, на якую прызываюць маладых людзей узростам 18–23 гады. На час атрымання вышэйшай адукацыі ў Літве ці за мяжой маладыя людзі атрымліваюць адтэрміноўку, але потым павінны будуць адслужыць. Верхняя мяжа прызыўнога ўзросту для адтэрмінаваных – 26 гадоў. У літоўскім войску могуць служыць і дзяўчаты, але толькі добраахвотна.

У Латвіі з 2023 года таксама адноўлены ўсеагульны вайсковы прызыў. Першы набор быў запланаваны на пачатак года. Прызыў абавязковы для мужчынаў узростам 18–27 гадоў. Жанчыны могуць быць прызваныя добраахвотна. Адтэрміноўка даецца студэнтам ВНУ незалежна ад краіны, маладыя людзі, зарэгістраваныя за мяжой, не будуць прызывацца, нават калі прыедуць на нейкі час дадому.

У Польшчы ўсеагульны вайсковы абавязак адменены 1 студзеня 2010 года, і армія фармуецца на кантрактнай аснове.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў