Самы правільны ў ідэалагічным плане футбольны клуб Беларусі пакінулі ўсе футбалісты асноўнага складу


ФК «Менск» пакідаюць усе вядучыя гульцы, з 24 футбалістаў з клубу сышлі 16. У мінулым сезоне сталічны клуб заняў у чэмпіянаце Беларусі 6-е месца.

Уладзімір Хвашчынскі ў форме фк Менск.
Фота: ФК Менск

Хто сыходзіць?

Гэта галкіперы: Ягор Генералаў, Павел Прышывалка; абаронцы: Мікіта Халімончык, Мікалай Іваноў, Эдуард Жаўнераў, Андрэй Лебедзеў, Максім Шыла, Глеб Якушэвіч, Дзяніс Ясковіч; паўабаронцы: Аляксандр Джыгера, Глеб Гурбан, Алекса Маціч, Сяргей Пушнякоў, Антон Шрамчанка, Андрэй Ляўкавец; нападнік Уладзімір Хвашчынскі.

Найлепшыя гульцы шукаюць працу за мяжою

Галоўная страта – сыход форварда Уладзіміра Хвашчынскага, які забіў 20 з 47 мячоў клубу ў чэмпіянаце. У выніку нападнік зрабіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату сярод гульцоў з беларускім пашпартам і быў прызнаны Федэрацыяй футболу найлепшым гульцом Беларусі. Больш за Хвашчынскага – 26 галоў – забіў узбек з менскага «Энергетыка-БДУ» Бабур Абдухолікаў. Той ужо заявіў, што не застанецца ў Беларусі на наступны сезон, а ягоны трансферны кошт вырас у пяць разоў: з 200 тысяч еўраў да 1 мільёна. Хвашчынскага хочуць бачыць у менскім «Дынама», ім таксама цікавяцца клубы Расеі.

Бабур Абдухолікаў.
Фота: АБФФ

«Памятаеце, у мінулым сезоне Беларусь пакінулі больш за сто футбалістаў, цяпер гэты працэс працягнецца. Новая столь заробкаў, цяжкая фінансавая сітуацыя ў краіне, што не можа не закрануць футбольных клубаў, якія амаль усе фінансуюцца з бюджэту. Таму гульцы будуць імкнуцца з’ехаць у любы чэмпіянат і на любыя грошы. Што да ФК «Менск», то ў клубе сур’ёзныя фінансавыя праблемы, усё ж бюджэту сталіцы цяжка цягнуць на сабе столькі спартовых праектаў, калі штодня ў краіне становіцца ўсё менш грошай», – кажа на ўмовах ананімнасці журналіст аднаго са спартовых выданняў краіны.

Год таму ў футбольны клуб «Менск» прыйшлі былы амапавец Аляксандр Якімаў і скандальны футбольны суддзя Андрэй Васілевіч. Цяпер на сайце клубу няма беларускай мовы, затое можна прачытаць пра ідэалагічную працу, антыкарупцыйную дзейнасць і кібербяспеку.

Таксама на сайце футбольнага клубу можна азнаёміцца з дзейнасцю ў сферы барацьбы з п’янствам і вывучаць захады дзеля захавання гістарычнай праўды і памяці. Пры гэтым кіраўнікі цягам сезону прызнавалі, што клуб мае сурʼёзныя фінансавыя праблемы.

Базанаў працягвае барацьбу з прыватнымі клубамі

Тым часам кіраўнік федэрацыі Уладзімір Базанаў працягвае змагацца з прыватнымі клубамі: днямі ён заявіў, што рагачоўскі «Макслайн», які заваяваў пуцёўку ў найвышэйшую лігу, не зможа ў ёй выступіць, яму адмоўлена ў ліцэнзіі. Раней з падобнымі праблемамі сутыкаліся менскія «Крумкачы». Замест клубу з Рагачова ў вышэйшую лігу плануюць узяць пінскую «Хвалю», якая заняла ў першай лізе толькі 7-е месца.

Hавiны
Будзе і ЦТ, і ЦЭ. У Беларусі ізноў мяняюць правілы прыёму ў ВНУ
2022.12.02 15:34

 

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў