«Сняжынка ў пекле». Кацярына Андрэева адзначае дзень нараджэння за кратамі, ёй 30 гадоў


У гомельскай папраўчай калоніі сустракае свой дзень народзінаў журналістка і наша калега Кацярына Андрэева (Бахвалава). 2 лістапада ёй спаўняецца 30 гадоў.

Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

Кацю затрымалі 15 лістапада 2020 года. Спачатку яе асудзілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Аднак у ліпені 2022 года адбыўся новы працэс – паводле артыкулу «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Гомельскі абласны суд агучыў вырак: 8 гадоў 3 месяцы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

І нават ва ўсёй гэтай цемры і жорсткасці Каця натхняе. Сукамерніц – не здавацца і знаходзіць добрае і светлае ў самых нядобрых акалічнасцях. Тых, хто на волі, – не губляць веры і надзеі. А яшчэ сіла духа нашай калегі натхняе творцаў – паэтаў, рэжысёраў і мастакоў.

Каця – у мастацтве, вершах і кіно

Гісторыя Кацярыны Андрэевай сапраўды ўражвае і кранае. Таму не дзіўна, што яна стала асновай сюжэту для некалькіх фільмаў. Кароткаметражны фільм «У жывым эфіры» («Na żywo») выйшаў летась і працягвае атрымліваць узнагароды на розных кінафестывалях. На сёння ў фільму ўжо ёсць каля 10 узнагародаў.

Поўнаметражны мастацкі фільм пра каханне Каці і ейнага мужа Ігара, якое мацнейшае за турэмныя муры, яшчэ не выйшаў, але здымкі ўжо скончаныя. Цяпер стужка – на стадыі постпрадакшану.

Кадр з фільму «У жывым эфіры».
Фота: Na żywo / Live / Facebook

Кацю малююць мастакі. Ёй прысвячаюць вершы вядомыя беларускія паэты: Уладзімір Някляеў, Яўген Скібскі, Дзмітрый Строцаў, Сяргей Ваганаў (дзядуля Каці) ды іншыя. Каця ў няволі таксама піша пранізлівыя вершы, якія дыхаюць упэўненасцю і мужнасцю, здольныя падтрымаць тых, у каго апускаюцца рукі.

Адная з жанчын, якая сутыкалася з Кацяй у зняволенні, ўзгадвае яе такімі словамі: «Яна праменьчык сонца на дне мора, сняжынка ў пекле». З нагоды дня народзінаў, мы сабралі ўспаміны тых, хто ў апошнія гады бачыў, размаўляў і абдымаў Кацю.

«Перад сном Каця зверху спускала да мяне руку, мы трымаліся «за лапку» і жадалі добрых сноў»

Падтрымоўвала Каця і сваіх сукамерніц, якія, апынуўшыся на волі, цёпла ўзгадваюць нашую калегу.

Ала Шарко, былая праграмная дырэктарка «Прэс-клубу», прысвяціла Кацярыне допіс у «Фэйсбуку»:

«Цяжка вяртацца думкамі ў СІЗА, але цяпер трэба. Пра сваіх сукамерніц, сяброў і калег там думаю штодня, хоць спецыялісты і кажуць, што не варта пагружацца ў траўму, а жыць далей. Сёння мае «сувеніры» пра Кацю Бахвалаву, прыгожую інтэлігентную журналістку, з якой давялося сядзець падчас яе першага суда.

З Жодзіна на суды прывезлі «спецкантынгент» (так нас звалі), і ўвечары ў нашу камеру закінулі Кацю. Пасля начных этапаў людзі вельмі стомленыя: без сну, холад, сабакі, цяжкія сумкі, не хачу жаргону, але менавіта кешэры, бо слова «сумка» з нармальнага жыцця, дзе не хочацца турэмных асацыяцый.

Самыя цяжкія кешэры ў палітзэкаў – з лістамі. Бо нейкі час лісты аддавалі, а Каце яны ішлі сотнямі. Мы паказвалі адна адной малюначкі ад незнаёмых, дзіцячыя лісты, паштоўкі, наш скарб. Некалькі паштовак Каця падарыла мне, каб я магла маляваць «з натуры».

Вершы Кацярыны Андрэевай. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
Вершы Кацярыны Андрэевай. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
Вершы Кацярыны Андрэевай. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
Вершы Кацярыны Андрэевай. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Мы стаялі першыя хвіліны, абдымаліся, радаваліся знаёмым тварам, смяяліся, як малыя. Мы з Кацяй раней бачыліся ўсяго пару разоў.

Так яна пасялілася на шконцы нада мной, мы грэлі ногі адна адной, было холадна. Я заплятала яе валасы раніцай, і прыгожыя хвалі на яе першы суд мы зрабілі коскамі на ноч.

У Каці былі свае кнігі – паэзія Срэбнага веку, яна прыгожа дэкламавала вершы на памяць, яе любімы Салжаніцын, якога яна перачытвала некалькі разоў… На «Валадарцы» напісала вельмі пранізлівы верш і яшчэ сумнявалася, ці варта дасылаць у лісце.

Яшчэ ў Каці была свая хатняя навалачка для падушкі, раніцай яна яе здымала і мяняла на казённую. Гэта было важна – мець кавалачак нармальнага жыцця там.

Перад сном Каця зверху спускала да мяне руку, мы трымаліся «за лапку» і жадалі добрых сноў, пад гукі сірэны адбоя, непрыемныя гукі. А калі Каціна суседка гучна храпла, Каця інтэлігентна казала: «Лена, я вас вельмі прашу, не храпіце, я сур’ёзна». Гэта было невыносна міла. А Лена храпла кожную ноч, ды не адна яна».

«Каця вельмі шмат расказвала пра мужа. Гэта яе сіла, падтрымка, надзея. Яе вяртанне будзе вяртаннем да Ігара»

Былая палітзняволеная Роза (як яна папрасіла сябе называць) у гутарцы з «Белсатам» распавядае пра знаёмства з Кацяй у гомельскай калоніі:

«Упершыню вочы ў вочы пабачыліся ў медсанчастцы, калі яе, ужо пасля другога прысуду і вяртання ў калонію, павялі з каранціну на абследаванне. Я тады па нейкіх сваіх справах у медсанчастцы была. І я пабачыла Кацю. І пастаралася хоць шэптам яе падтрымаць, даць ёй зразумець, што мы побач і будзем яе падтрымліваць. «Кацюша, – кажу, – трымайся, радая цябе бачыць».

Кацярына Андрэева разам з мужам. Крыніца: yakubouskayaolga / Instagram

Сама па сабе Каця вельмі эмацыйная, вельмі жаноцкая. І таму, наколькі ведаю, ёй было вельмі цяжка ў СІЗА і ў першыя месяцы ў калоніі. Але прайшоўшы праз 9-ы атрад, які лічыцца такой прэс-хатай на зоне, прайшоўшы праз другі прысуд, яна стала моцная.

З расповедаў добра мне знаёмай дзяўчыны, якая адбывала пакаранне ў адным атрадзе з Кацяй Андрэевай (13-ы атрад), у траўні ў яе былі праблемы са здароўем, звязаныя з яе алергіяй. Здарыўся прыступ. Мне расказалі, што тады іхны атрад працаваў у другую змену, і ўжо на выхадзе з фабрыкі, недзе а палове на дзясятую, Каця пачала задыхацца. Нават брыгадзірка пайшла прасіць, каб іх атрад прапусцілі без чаргі. Бо выглядала ўсё сурʼёзна, і Кацю трэба было тэрмінова завесці ў медсанчастку. Дзяўчыны расказвалі, што замест таго, каб іх прапусціць, атрад яшчэ доўга трымалі перад брамай. Каця кашляла і задыхалася цягам паўгадзіны.

…Пра што размаўляла з Кацяй Андрэевай? Пра Іспанію, пра вандроўкі. Яна вельмі шмат пра мужа расказвала. Гэта яе сіла, падтрымка, гэта яе надзея. Той чалавек, пра якога яна пастаянна думае. Яе вяртанне будзе вяртаннем да Ігара. Гэта адзіны чалавек на свеце, які ёй патрэбны. Яна так і казала».

«Незаконныя» абдымкі

Журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, якую затрымалі разам з Кацяй, у інтэрв’ю нашаму сайту згадвае пра адзіныя абдымкі з ёй у гомельскай калоніі. «Незаконныя», па сутнасці. Пасля зонаўскага кінасеансу.

«Недзе за два тыдні да таго, як яе павезлі ў СІЗА перад новым судом, мы сустрэліся ў клубе. Яе на той момант перавялі ў новы атрад. Там яна атрымала магчымасць хадзіць у клуб, дзе па нядзелях а 19-й пускаюць фільмы. Пакуль я была ў 17-м атрадзе, дык і мне нельга было, а калі перавялі ў 7-ы, то стала можна. Я папрасіла дзяўчыну, з якой сябрую і якая была ў адной «лакалцы» з Кацяй, каб тая ёй перадала, што я прашу яе прыйсці ў кіно. І яна прыйшла. Не падсела да мяне, бо трэба было быць асцярожнай. Але пасля фільму яна праходзіла каля мяне, і я ёй кажу: «Хадзі сюды!» Падышла – і я яе так заціснула ў абдымках!..» – расказвае Даша Чульцова.

Кацярына Андрэева. Малюнак прадстаўлены рэдакцыі

Успамінае: калі, вяртаючыся з клубу, праходзіла міма іх лакальнага ўчастку, Каця чакала яе, каб яшчэ раз пасміхнуцца. «І яна так пасміхалася!.. Паказвала мне сэрцайкі. Гэта былі першыя абдымкі за ўвесь час пасля затрымання. Да гэтага маглі толькі позіркамі ды бязгучна вуснамі камунікаваць, маўляў, трымайся, усё будзе добра…» – згадвае Даша.

Яна кажа, што сярод звычайных зняволеных у жаночай калоніі былі людзі, якія ненавідзелі «палітычных», аднак такіх было няшмат. Затое быў дзявяты атрад, прэс-атрад так званы. У ім шмат хто са «звычайных» супрацоўнічаў з аператыўнікамі. Праз той атрад прайшла і Каця Андрэева, і Тоня Канавалава, іншыя. На «палітычных» ціснуць праз шантаж, правакацыі, псіхалагічны і фізічны здзек («Калі ім дадуць каманду «фас», яны зробяць усё, каб табе было дрэнна»).

«Хутка ўзяла сябе ў рукі»

Ася Булыбенка, былая студэнтка БНТУ, адбыла тэрмін 2 гады 6 месяцаў паводле сфабрыкаванай «справы студэнтаў». Яна заспела вяртанне Кацярыны Андрэевай у гомельскую калонію пасля таго, як ёй дадалі тэрмін.

«Складана перадаць адчуванне, калі цябе асудзілі на восем гадоў пасля двух. Але я б сказала, што наколькі гэта магчыма, настолькі яна і малайчына. Яна крэмень, бо трымаецца і працягвае жыць. Ёй было няпроста, калі яна вярнулася, але яна дастаткова хутка ўзяла сябе ў рукі», – распавяла Ася ў інтэрв’ю «Салідарнасці».

На сённяшні дзень за кратамі ў Беларусі застаюцца 13 асобаў, якія ў розны час супрацоўнічалі з «Белсатам». Агулам журналісты «Белсату» былі засуджаныя на 52 гады і 3 месяцы пазбаўлення волі, але адзіная іхная сапраўдная «віна» – выкананне прафесійных абавязкаў.

***

Лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць на адрас: Папраўчая калонія №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна 3. Кацярына Андрэеўна Бахвалава.

СП belsat.eu

Стужка навінаў