news
Гісторыі
«Заходзіш ноччу ў камеру, дзе сядзіць забойца». Былая палітзняволеная пра тое, як цяжка адчуць свабоду па вызваленні
Не выходзіш на свабоду – цябе проста выводзяць за калючы дрот
16.08.202307:03

Былая палітзняволеная гомельскай калоніі расказала «Белсату» пра сілу Кацярыны Андрэевай і Дар’і Лосік, татуіроўку Людмілы Волкавай і пра тое, што на зоне куды бяспечней размаўляць па-цыганску, чым па-беларуску.

Женская исправительная колония №4 в Гомеле
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гомельская жаночая папраўчая калонія №4.
Фота: Белсат

Просіць называць сябе Розай і кажа, што ўжо ў бяспецы. За яе плячыма – вялікі тэрмін, і яна памятае амаль кожны дзень у няволі. Нашая размова трывае паўтары гадзіны. І гэта непараўнальна мала, каб можна было ставіць кропку. Урыўкі гутаркі, якія мы прапануем, – хіба толькі накіды для будучай гісторыі (ці для яшчэ адной «турэмнай» кнігі), якая цалкам будзе раскрытая толькі тады, калі ў Беларусі запануе сапраўдная свабода. А пакуль што так: ты не выходзіш на свабоду – цябе проста выводзяць за калючы дрот…

«На свабодзе дзеяць правілы турмы»

«Калі чакаеш вызвалення, то думаеш, што выйдзеш на свабоду. А калі выходзіш, разумееш, што на свабоду ты не выйшаў – цябе проста вывелі за калючы дрот. Вось гэта самае цяжкае. І я думаю, што людзям, якія з 2020 года не сядзелі ў турмах, можа, і не так цяжка. Для іх увесь гэты працэс адбываўся паступова. Жабку зварылі, але ў кіпень не кідалі. А я села ў турму з распасцёртымі крыламі. І, нягледзячы ні на што, я іх не склала. І калі нібыта апынулася на свабодзе, усё адно, пакуль знаходзілася ў краіне, не мала ўзняцца і паляцець, як птушка. Даводзілася ўдаваць, што змірылася, што я не такая…

Калі трапіла зноў на вуліцы свайго любімага гораду, пастаянна спрабавала сустрэцца з людзьмі вачыма. Мы ў 2020 годзе гэта рабілі ўвесь час – сустракаліся адно з адным вачыма. Усміхаліся. Былі шчаслівыя. Я такога ніколі не бачыла ў Беларусі.

Дык вось цяпер людзі не глядзяць адзін аднаму ў вочы. Гэта так балюча…

І гэты недавер, што апанаваў пэўную частку грамадзян Беларусі – адна з прычынаў, якая падштурхнула мяне пакінуць краіну неўзабаве пасля вызвалення…

За кратамі я разумела, дзе знаходжуся. Разумела, чаго чакаць ад супрацоўнікаў. Ну, плюс-мінус. Разумела, чаго чакаць ад атачэння, ад некаторых зэчак, якіх мы называлі «сацыяльна блізкімі», як у Салжаніцына. Нічога добрага ад іх не чакала. Але ведала, па якіх правілах усё будуецца. Гэта іхныя правілы – ты імі не карыстаешся. І выходзіш на свабоду перакананы, што тут не павінны дзеяць правілы турмы… А яны дзеюць. І гэта жудасна.

Мяне быццам укінулі ў кіпень…»

«Са мной у камеры сядзела дзетазабойца»

«За кратамі сутыкнулася з такім бокам жыцця, пра які раней і не падазравала. Маёй першай сукамерніцаю на Акрэсціна была жанчына, якая праходзіла па арт. 139 – за забойства. А ўсё адбывалася ўначы. Заходжу ў камеру, яна прыўзнімаецца і пытаецца, хто я і за што. Я кажу: за палітыку. «А ты?» – запытваюся ў сваю чаргу. А яна: «У мяне нядобры артыкул» – «Які?» – «Ну, нядобры, кажу, 139, забойства». І мне страшна стала. Ноч, і цябе заводзяць у камеру, дзе сядзіць забойца. Гэта потым мы ўжо раззнаёміліся. І я ўпэўненая, што чалавека незаконна асудзілі па тым артыкуле, на 100 % пэўная, што невінаваты. Але – прысуд і калонія…

Потым – Валадарка. Моладзь, якая сядзіць за наркотыкі. Разумееш, якія маштабы гэта ўжо набыло. Па вызваленні ледзь не на кожным рагу бачыла наркаманаў. Глядзела ў вочы маладым людзям і думала пра сябе: гэты наркаман, і гэты наркаман, і гэты… Магчыма, празмерна стала баяцца гэтага. Магчыма, усё не так. Але ў турме зразумела, што сапраўды існуе велізарная праблема. Не недзе там – побач з намі.

І са мной у камеры сядзела яшчэ жанчына-дзетазабойца. Забівала ўласных дзяцей. Такі жах.

СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Таму першымі маімі думкамі на Валадарцы былі: навошта і дзеля чаго мы выходзілі? Ці варта было, калі ў нас такая вось Беларусь? Не тое, што расчараванне, проста задавала сабе пытанні. Проста пытанні. Пра тое, наколькі Беларусь сапраўды была гатовая стаць іншай. Сумненні закрадаліся. То бок я разумела, што Беларусь – яна не ўся такая прыгожая і светлая, як тыя 300-500 тысяч ці мільён людзей, якія выходзілі на маршы. Побач з намі – маса іншых розных людзей, якім будзе цяжка ламаць сябе. Але…

Сумненні зніклі, калі пазней пазнаёмілася са студэнткай Касяй Будзько, якая праходзіла па справе ЗБС. Яе самастойнасць, свядомасць, адкрытасць свету і жаданне быць карыснай яму – гэта ратавала мяне… І калі я яе пабачыла, то адчула і зразумела – літаральна ў першыя пару гадзінаў, – дзеля каго мы ўсё гэта рабілі. І тады акрыяла духам».

«Каця Андрэева стала больш моцная»

«Дзіўна, калі на самоце ў думках усё гэта сама сабе прамаўляю, то нічога. А калі ў голас кажу, слёзы ліюцца, выбачайце (паўза).

З журналісткай Кацярынай Андрэевай пазнаёмілася толькі ў калоніі, у СІЗА не перасякаліся. Упершыню вочы ў вочы пабачыліся ў медсанчастцы, калі яе, ужо пасля другога прысуду і вяртання ў калонію, павялі з каранціну на абследаванне. Я тады па нейкіх сваіх справах у медсанчастцы была. І я пабачыла Кацю. І пастаралася хоць шэптам яе падтрымаць, даць ёй да зразумення, што мы побач і будзем яе падтрымліваць.

«Кацюша, – кажу, – трымайся, радая цябе бачыць».

Пазней таксама мела магчымасць з ёй некалькі разоў сустрэцца і паразмаўляць. І хачу сказаць, што Каця – вялікая малайчына. Яна трымаецца, наколькі магчыма. Пасля другога прысуду яна ўзяла сябе ў рукі. Хоць з ім было цяжка змірыцца. І, як мне здаецца, яна стала больш цвёрдая, зʼявіўся моцны стрыжань унутры яе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пікет з патрабаваннем вызвалення журналісткі TVP і намесніцы старшыні БАЖ Ірыны Слаўнікавай, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Бо сама па сабе Каця вельмі эмацыйная, вельмі жаноцкая. І таму, наколькі ведаю, ёй было вельмі цяжка ў СІЗА і ў першыя месяцы ў калоніі. Але прайшоўшы праз 9-ы атрад, які лічыцца такой прэс-хатай на зоне, прайшоўшы праз другі прысуд, яна стала моцная.

Гісторыі
«Як бы ні было дрэнна, перабірай лапкамі». 1000 дзён за кратамі: правілы жыцця журналісткі Кацярыны Андрэевай
2023.08.12 08:10

Але з расповедаў добра мне знаёмай дзяўчыны, якая адбывала пакаранне ў адным атрадзе (13-ы атрад) з Кацяй Андрэевай, у траўні ў яе былі праблемы са здароўем, звязаныя з яе алергіяй. Здарыўся прыступ. Мне расказалі, што тады іхны атрад працаваў у другую змену і ўжо на выхадзе з фабрыкі, недзе а палове дзясятай, Каця пачала душыцца, задыхацца. Нават брыгадзірка пайшла прасіць, каб іх атрад прапусцілі без чаргі. Бо выглядала ўсё сурʼёзна, і Кацю патрэбна было тэрмінова завесці ў медсанчастку.

Дзяўчыны расказвалі, што замест таго, каб іх прапусціць, атрад яшчэ доўга трымалі перад брамай. Каця кашляла і задыхалася цягам паўгадзіны. Спадзяюся, што супрацоўнікі марудзілі не наўмысна, але…

Наколькі ведаю, такія прыступы ў яе здараліся і пасля гэтага выпадку. Магчыма, гэта было звязанае з тым, што брыгада пачала шыць новую форму з нейкай алергічнай прапіткай. Адна з дзеўчын расказвала мне, што з-за кантакту з той тканінай апухалі павекі і пачынаўся сверб. А Каця ж – алергік. Плюс гэта быў час цвіцення. Адно на другое наклалася, магчыма.

Потым мне стала вядома, што Кацю Андрэеву і Дашу Афанасьеву, якая пакутуе на астму, пераводзілі ў медсанчастку з прычыны рамонту ў атрадзе – там моцна смярдзела фарбай. Не магу сказаць, якая там зараз сітуацыя, але вельмі перажываю за дзеўчын».

Па-цыганску можна, па-беларуску – забаронена

«Я пасля калоніі спрабую размаўляць па-беларуску. Таму выбачайце, калі якія памылкі і не вельмі хутка. Мяне захаплялі нашыя беларускамоўныя дзяўчаты – палітзняволеныя Іра Шчасная, Віка Міронцава, Вольга Залатар ды іншыя.

Але ўвогуле стаўленне да беларускай мовы ў калоніі проста дзікае. У пакоі, адкуль мы тэлефануем дадому да сваіх блізкіх, вісяць такія правілы, у якіх падкрэслена нават, што размову можна весці толькі па-расейску. І самі супрацоўнікі вельмі абураюцца, калі хтосьці размаўляе па-беларуску. Гэта даводзіцца і да зэчак. Для іх гэта – «дзіч».

На зоне дастаткова цыганак. Дык вось ім можна размаўляць паміж сабой па-цыганску і ім можна па-цыганску па тэлефоне, абсалютна нармальна. Але не па-беларуску. Бо – «дзіч». Калі гавораць па-беларуску падчас тэлефанавання, могуць проста перарваць размову, зрабіць заўвагу ці проста патрабаваць, каб перайшоў на расейскую. Такія правілы.

Дарʼя Лосік трымаецца

«Пра што размаўляла з Кацяй Андрэевай? Пра Іспанію, пра вандроўкі. Яна вельмі шмат пра мужа расказвала. Гэта яе сіла, падтрымка, гэта яе надзея. Той чалавек, пра якога яна пастаянна думае. Яе вяртанне будзе вяртаннем да Ігара. Гэта адзіны чалавек на свеце, які ёй патрэбны. Яна так і казала.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  На фота журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева і яе муж Ігар Ільяш. Здымак зроблены 15 верасня 2020 года, калі Кацярына выйшла з содняў.
Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

Дарэчы, Каця была ў адным атрадзе з Дашай Лосік, якая таксама перажывала за свайго Ігара. У траўні, мне расказвалі, Даша вярнулася пасля сустрэчы з адвакатам вельмі ўражаная. Даведалася тады пра новыя шрамы на шыі ў Ігара Лосіка, яе мужа. Плакала. Казала, што гатовая на ўсё, што заўгодна, каб толькі вызвалілі Ігара. Сяброўкі яе супакойвалі. Бо яны – Даша і Ігар – павінны вытрываць, выжыць і вярнуцца да дачкі. З таго што я чула і бачыла, складаецца ўражанне, што Дарʼя Лосік – вельмі цвёрдая, маральна моцная. Мужная.

У тым жа атрадзе былі тады яшчэ палітзняволеныя Святлана Хромава, Дарʼя Афанасьева, Людміла Волкава, Марыя Несцерава, Ірына Прыгава, Каця Макарэвіч. Гэта з тых, каго зараз магу прыпомніць, бо мы з імі і Кацяй Андрэевай былі ў розных атрадах. Вельмі хочацца, каб дзяўчыны хутчэй… не ведаю, што зрабіць, каб яны выйшлі на свабоду. Гэта невыносна…»

Татуіроўка Людмілы Волкавай

«Яшчэ была такая дзікая гісторыя з татуіроўкай Люды Волкавай. У яе было вельмі прыгожае тату на руцэ – букет валошак, перавязаны бел-чырвона-белай стужачкай. Проста стужка – ніякага сцяга. Аднойчы яе выклікаў опер і кажа, маўляў, гэта экстрэмісцкая сімволіка: «Прапануем тры варыянты: заводзім новую крыміналку, або вы адразаеце сабе руку, або мы перабіваем вам тату». Такія размовы. Дзяўчыне давялося згадзіцца перабіць выяву.

Ведаеце, як яны перабілі? Белыя палоскі на стужачцы перабілі на чорныя. Чорна-чырвона-чорная стужка атрымалася. Жалобная. У Люды быў праз гэта нервовы зрыў.

І гэта не першы выпадак такі быў. Да гэтага дзяўчыне, якая сядзела па 328-м артыкуле, перабілі на шыі знак колавароту, знак сонца такі. Колькі яна там ні хадзіла і ні даводзіла, што гэта не фашысцкі сімвал. Перабілі на нейкую медузу. Гэта першы раз было. Калонія набыла спецыяльную машынку, а сярод асуджаных знайшлі жанчыну, якая да калоніі працавала ў тату-салоне. Перабівалі татуіроўкі ў медсанчастцы».

Пасля дажджу…

«Дождж пайшоў… Ведаеце, калі ў мяне зʼявілася ўпэўненасць, што нельга заставацца ўбаку ў 2020 годзе? У апошні дзень збору падпісаў. Калі памятаеце, напярэдадні затрымалі Бабарыку. Я вырашыла паехаць і пакінуць свае подпісы за астатніх кандыдатаў, нават за Канапацкую пакінула, няхай будзе, думала.

А ўвечары з плошчы Якуба Коласа выцягнуўся ўздоўж праспекту аж да плошчы Незалежнасці ланцуг людзей, якія патрабавалі вызвалення Віктара Бабарыкі. Я стала ў яго. І пачаўся моцны лівень. Зімна зрабілася, неба пачарнела, а залева перайшла ў град. Буйны такі і балючы. Дык вось град сячэ – а людзі стаяць і ніхто не сыходзіць.

І тады я адчула, што людзі не сыдуць нават тады, калі камяні з неба пасыплюцца. І вырашыла, што пайду да канца… Такая вера была.

Цяпер цяжка верыць. Не так шмат падставаў для гэтага, але… Ведаеце, ува што найбольш вераць у калоніі і на што спадзяюцца? Там адзіная надзея. На Украіну»…

Агляд
Тры гады пасля выбараў. Як змянілася Беларусь
2023.08.10 20:45

Зміцер Міраш belsat.eu