Фільм пра Кацю Андрэеву і Дашу Чульцову прызнаны найлепшым на польска-чэшскім кінаконкурсе


Мастацкая стужка «У жывым эфіры« («Na żywo») пра журналістак «Белсату» Кацю Андрэеву і Дашу Чульцову прызнаная найлепшай на польска-чэшскім конкурсе «ZOOM-ZBLIŻENIA».

12 сакавіка рэжысёрка кароткаметражнага мастацкага фільму Мара Тамковіч паведаміла ў сваім Facebok пра перамогу на 26-м міжнародным кінафестывалі «ZOOM-ZBLIŻENIA» ў Зелёнай Гуры. Фільм «У жывым эфіры» прызнаны найлепшай ігравой стужкай.

«Шмат радасці! Дзякуй вялікі фестывалю, суддзям, акторам, здымачнай групе і прадзюсарам фільму «Wajda School & Studio». Адмысловага згадвання заслугоўваюць Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова – журналісткі, чыя гісторыя натхніла на стварэнне фільму. Спадзяюся, што кожная такая ўзнагарода дадае хоць трохі падтрымання, асабліва Каці, якая адбывае яшчэ адзін працяглы тэрмін», – напісала Мара.

Дыплом кінафестывалю «ZOOM-ZBLIŻENIA».
Фота: Мара Тамковіч / Facebook / mara.tamkovich

Адна з гераінь стужкі, Даша Чульцова, даведалася пра ўзнагароду ад калегаў з рэдакцыі: «Асабіста я глядзела «У жывым эфіры» два разы. Адзін – на вялікім экране. Мне было няпроста, асабліва бачыць рэальныя кадры, што я здымала. Гэтыя ўспаміны ўсё яшчэ вельмі блізкія і балючыя для мяне. Мара – выдатная рэжысёрка і вельмі класны чалавек. Гэтае кіно кранае сэрцы, і маё таксама, вядома ж. Упэўненая, што калі б Каця яго паглядзела, яна б сказала тое самае».

Нагадаем, што кароткаметражная мастацкая стужка расказвае гісторыю затрымання журналістак «Белсату» падчас іхнага стрыму з так званай плошчы Пераменаў у 2020 годзе.

Раней фільм Мары Тамковіч атрымаў адмысловую ўзнагароду на 47-м фестывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні. Таксама стужка была паказаная на кінафестывалі ў Чыкага. Варшаўская прэмʼера стужкі прайшла 20 лістапада 2022 года ў межах фестывалю беларускага незалежнага кіно «Bulbamovie». Ніжэй можна паглядзець трэйлер фільму.

Пакуль што ахвочыя паглядзець фільм цалкам могуць гэта зрабіць толькі на фэстах, бо ў вольным доступе стужкі няма. Мара Тамковіч збіраецца зняць поўнаметражнае кіно пра Кацю Андрэеву. Фільм будзе называцца «8 гадоў і 3 месяцы» – такі тэрмін зняволення журналістка атрымала ад рэжыму Лукашэнкі.

Прэм’ера
«Занадта моцна». У Варшаве адбылася прэм’ера фільму пра журналістак «Белсату» – «У жывым эфіры»
2022.11.21 07:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў