У Марыупалі целы загінулых выкідаюць разам з будаўнічым смеццем на палігоны


У горадзе знайшлі чарговую супольную магілу, але пра перапахаванне не ідзецца. Пра гэта ў эфіры «Белсату» паведаміў дарадца мэру Марыупалю Пятро Андрушчанка.

Пра планы зрабіць з Марыупалю, дзе загінулі тысячы мірных жыхароў, горад-курорт, пачалі гаварыць яшчэ ў траўні. Цяпер у зруйнаваным расейскімі войскамі горадзе разбіраюць развалы, аднак ні пра якую ідэнтыфікацыю целаў гаворкі не ідзе, часам трупы нават не хаваюць у магілах.

Новую супольную магілу знайшлі ў раёне Усходні, у падвале дому, дзе людзі хаваліся ад абстрэлаў.

«Падчас абстрэлу дом абваліўся і людзі фактычна засталіся зачыненыя ў падвале, што і стала прычынай таго, што яны загінулі. Там былі каля 100 чалавек», – паведаміў дарадца мэра.

Ён адзначыў, што целы пад заваламі застаюцца з канца лютага.

«Акупацыйныя войскі ўзялі такую практыку – не даставаць целаў загінулых з-пад завалаў. У тым ліку і таму, што 4 месяцы, вы мусіце разумець, у якім стане раскладання целы цяпер. Практыку карыстаюць іншую: зносяць дамы, і разам з будаўнічым смеццем проста выкідваюць целы на смеццевыя палігоны. Ніхто не займаецца ні спробай ідэнтыфікацыі, ні пералікам. Усё вельмі цынічна, усё вельмі проста. На жаль, гэта не апошні магільнік у Марыупалі, такія дамы яшчэ ёсць.

Мы працягваем пра гэта гаварыць. Спадзяёмся, што ў кагосьці прачнецца хоць крыху сумлення, чалавечнасці, і хаця бы ў супольныя магілы (перапахаваюць), каб потым можна было знайсці і ідэнтыфікаваць людзей», – распавёў Андрушчанка.

Ён паведаміў, што акурат цяпер ідуць працы, каб зрабіць на месцы зруйнаванага гораду курорт:

«Разуменне расейцамі курортаў дзіўныя. Варта звярнуць увагу, што кожны наведнік Марыупалю з Расеі рознай ступені паўнамоцтваў ці без паўнамоцтваў пачынае сваё падарожжа па Марыупалю з экскурсіі па драматычным тэатры, дзе загінулі ад 300 да 600 чалавек. Па такім жа магільніку, самым вялікім за гісторыю гэтай фазы вайны. Можа ў расейцаў (прынята) ладзіць курорты на могілках. Іншага тлумачэння няма».

У Марыупалі за часы акупацыі суседзі хавалі адно аднаго проста ў дварах з таблічкамі на самаробных крыжах. Лёс такіх пахаванняў таксама выклікае шмат пытанняў.

«Частка такіх пахаванняў эксгумуецца і скідваецца ў супольную магілу і застаецца пад нумарамі. Калі гэта адбываецца без удзелу родзічаў і блізкіх, то ад чалавека застаецца толькі нумар. Цяпер бачым, што эксгумацыю перапынілі і могілкі застаюцца пасярод гораду. Надзеі на тое, што з імі будуць абыходзіцца па-людску, мала», – распавёў суразмоўца каналу.

Размову падчас простага эфіру давялося перапыніць, бо на фоне гутаркі пачалася паветраная трывога.

Hавiны
«Абарона Марыупалю ўвойдзе ў падручнікі гісторыі». Што кажуць пра завяршэнне баёў за горад ва Украіне і РФ
2022.05.20 20:06

Марыя Мурашка, belsat.eu

Стужка навінаў