У Расеі затрымалі больш як сотню ўшанавальнікаў памяці Навальнага


Падчас акцыяў развітання з апазіцыйным палітыкам Аляксеем Навальным, які раптоўна памёр у вязніцы, у Расеі была затрыманая больш як сотня асобаў. Спісы затрыманых прыводзіць «ОВД-Инфо».

Стыхійны мемарыял памяці Аляксея Навальнага ў Санкт-Пецярбургу.
Фота: MR7

Станам на 07:15 2 сакавіка вядома пра 104 затрыманых у 19 гарадах. Не менш як 20 асобаў затрымалі ў Новасібірску, 15 – у Омску, прынамсі 14 – у Маскве.

Таксама затрыманні адбыліся ў Екацярынбургу, Казані, Варонежы, Астрахані, Ніжнім Ноўгарадзе, Мурманску, Чэлябінску, Санкт-Пецярбургу, Уладзікаўказе, Улан-Удэ, Сочы, Златаусце, Томску Ніжневартаўску, Цюмені і ў пасёлку Рамонь.

Абноўлена
У Маскве пахавалі Аляксея Навальнага. Відэа
2024.03.01 11:59

«Первый отдел» піша, што суды прынамсі чатырох рэгіёнаў прыраўнялі прозвішча «Навальны» да сімволікі экстрэмісцкай арганізацыі. У Чэлябінску, Краснадары і Мурманску ўдзельнікам акцый памяці Аляксея Навальнага прызначылі адміністрацыйныя арышты за прозвішча палітыка на плакатах. Афіцыйна гэта тлумачыцца тым, што заснаваныя загінулым палітвязнем арганізацыі «неаднаразова выкарыстоўвалі імя і прозвішча «Аляксей Навальны» як атрыбутыку і сімволіку».

Аднак адвакат Яўген Смірноў адзначае, што «ніводным рашэннем суда прозвішча Навальнага не было забаронена і не можа быць забаронена». Тое ж, што «практыка пайшла ў розных рэгіёнах», гаворыць, што «адпаведны цыркуляр спусцілі зверху», мяркуе ён.

У маскоўскім раёне Мар’іна 1 сакавіка адбылося развітанне з загінулым расейскім палітыкам. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, заявіў, што Крамлю «няма чаго сказаць» родным Навальнага ў дзень пахавання і што Крэмль «не можа даць ацэнку Навальнаму як палітычнай фігуры». Ён таксама прыгразіў тым, хто «возьме ўдзел у несанкцыянаваных акцыях», «адказнасцю паводле закону», хоць закон не забараняе прыходзіць на развітанне з памерлым. 

Фота
У Расеі развітваюцца з палітыкам Аляксеем Навальным. Фатаграфіі
2024.03.01 16:01

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў