У Маскве пахавалі Аляксея Навальнага. Відэа


Развітанне з Аляксеем Навальным і пахаванне адбудуцца 1 сакавіка ў Маскве. Адпяванне плануюць ад 14-й паводле маскоўскага часу ў храме ў маскоўскім раёне Мар’іна, а пахаванне – на Барысаўскіх могілках на поўдні расейскай сталіцы. Праціўнікі Уладзіміра Пуціна непакояцца, што расейскія ўлады не дадуць спакойна развітацца з апазіцыйным лідарам, памерлым у няволі.

Станам на 13 гадзінаў паводле маскоўскага часу чарга расцягнулася на паўтара кіламетра, інфармуе «Вот Так». Царкву ў Мар’іна, дзе пройдзе цырымонія развітання з Аляксеем Навальным, з раніцы ачапілі сілавікі – усталявалі агароджы па перыметры. Таксама паліцэйскія дзяжураць каля метро і правяраюць дакументы ў людзей з кветкамі.

Трансляцыі развітання вядзе шэраг заходніх і міжнародных медыяў: CNN, CNBC, «Sky News», «The Independent». Сваю трансляцыю вядзе і каманда Навальнага. Для тых, хто не зможа паўдзельнічаць у развітанні, прыхільнікі Навальнага зрабілі сайт, на якім можна запаліць віртуальны зніч.

Рабочыя нясуць труну з целам Аляксея Навальнага ў храм абраза Божай Маці «Утоли моя печали» ў маскоўскім раёне Мар’іна. Масква, Расія. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Stringer / AFP / East News

Каля 14:00 паводле маскоўскага часу труну з целам Навальнага занеслі на тэрыторыю храму. Сувязі на месцы развітання амаль няма, расказаў кіраўнік «Фонду барацьбы з карупцыяй» Іван Жданаў. Ён адзначае, што паплечнікі Навальнага не ведаюць, што адбываецца ў самім храме – туды не пускалі ўсіх ахвочых. Калі труну выносілі з храму, яе закрылі.

Жалобныя збіраюцца ля царквы, дзе адбудзецца адпяванне нябожчыка Аляксея Навальнага. Масква, Расея. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

Адпяванне завяршылася менш як за гадзіну, паведаміў Жданаў. Цела Навальнага павезлі на могілкі. Перад уездам на могілкі паліцыянты заблакавалі машыну тых, хто мусіў несці труну – працэс пахавання можа зацягнуцца.

Пахаванне запланаванае на 16:00 паводле маскоўскага часу, ісці ад храму да могілак менш за паўгадзіны.

У парку ля Барысаўскіх могілак людзі тым часам заўважылі конную паліцыю, было як мінімум адно затрыманне.

На мосце па дарозе да могілак выстраілася чарга. Пахаванне не змаглі пабачыць усе ахвочыя.

Паводле Жданава, труну апусцілі ў магілу пад песню Фрэнка Сінатры «My way» і музычную тэму фільму «Тэрмінатар 2», які Навальны вельмі любіў.

Супрацоўнікі АМАПу ахоўваюць тэрыторыю каля царквы іконы Божай Маці «Утоли моя печали» ў маскоўскім раёне Мар’іна. Масква, Расея. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: AP / East News

На выездзе з Варонежу затрымалі чатырох чалавек, у тым ліку кіраўніка мясцовага штабу Барыса Надзеждзіна, які спрабаваў вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Затрыманыя ехалі на цырымонію развітання з Навальным. Пазней затрымалі сем чалавек у Новасібірску. У Маскве было прынамсі адно затрыманне.

У Санкт-Пецярбургу напярэдадні цырымоніі развітання з памерлым у калоніі палітыкам паліцыя прыходзіла да былых удзельнікаў акцыяў у ягоную падтрымку. Сілавікі папярэджвалі людзей аб недапушчальнасці наведвання новых мітынгаў.

У іншых гарадах Расеі сілавікі дзяжураць каля помнікаў ахвярам палітычных рэпрэсіяў – да такіх помнікаў ускладалі кветкі адразу пасля смерці Навальнага.

Родныя і блізкія аддаюць апошнюю пашану ля труны расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ў храме іконы Божай Маці ў Маскве, Расея.
Фота: AP Photo / East News
Людзі сабраліся перад царквой Божай Маці «Утоли моя печали» падчас адпявання расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ў маскоўскім раёне Мар’іна. Масква, Расея.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

Школьнікаў з Мар’іна не адпускаюць з урокаў да пачатку развітання з Навальным, расказаў тэлеканал «Дождь». Кіраўніцтва школаў прасіла настаўнікаў прасачыць за прысутнасцю вучняў на занятках. Школьнікаў папярэдзілі аб забароне ўдзелу ў «несанкцыянаваных акцыях». «Вот так» заўважае, што са школы каля храму дзеці скандуюць «Навальны!».

Могілкі, на якіх збіраюцца пахаваць Навальнага, 1 сакавіка закрылі для наведвання, заўважыла выданне «Sota». Ці значыць гэта, што на пахаванне не пусцяць усіх ахвочых, невядома.

Людміла Навальная (пасярэдзіне ў акулярах) і Анатоль Навальны (2 злева), бацькі нябожчыка Аляксея Навальнага, стаяць побач з труной падчас пахавання сына на Барысаўскіх могілках. Масква, Расея. 1 сакавіка 2024 года.
Фота: Olga Maltseva / AFP / East News

Прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш паведаміла ў X (былы Twitter), што родныя Навальнага прыехалі да моргу ў 10-й раніцы маскоўскага часу, як было дамоўлена, але не адразу выдалі цела – графік развітання і пахавання можа пасунуцца.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, 1 сакавіка заявіў, што Крамлю «няма чаго сказаць» родным Навальнага ў дзень пахавання і што Крэмль «не можа даць ацэнку Навальнаму як палітычнай фігуры». Ён таксама прыгразіў тым, хто «возьме ўдзел у несанкцыянаваных акцыях», «адказнасцю паводле закону», хоць закон не забараняе прыходзіць на развітанне з памерлым.

Удава Юлія Навальная апублікавала пасля пахавання развітальнае відэа: падзякавала Аляксею за «26 гадоў абсалютнага шчасця».

***

Аляксей Навальны памёр у няволі ў Расеі 15 ці 16 лютага. Праціўнікі рэжыму Пуціна і шматлікія еўрапейскія палітыкі называюць смерць Навальнага забойствам, адказнасць за якое ляжыць асабіста на Пуціну.

Сваякам давялося тыдзень дамагацца выдачы цела нябожчыка, яны працяглы час не маглі атрымаць месца на развітанне, нават знайсці катафалк было праблематычна.

Агляд
Навальная заклікала Еўрапарламент перастаць быць «нудным» і змагацца з Пуціным як са злачынцам
2024.02.28 14:34

Алесь Наваборскі / Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў