Акцыі памяці Аляксея Навальнага: у Расеі паліцыя затрымлівала ўдзельнікаў


Да Сцяны жалобы ў Маскве ад самага ранку людзі неслі кветкі. Помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў у расейскай сталіцы стаўся месцам памяці апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Паліцыянты, якія дзяжурылі на месцы, не дазвалялі людзям затрымлівацца каля Сцяны жалобы, затым пачалі адцясняць натоўп.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Неўзабаве – пачаліся затрыманні.

У Санкт-Пецярбурзе на Троіцкай плошчы каля Салавецкага каменя сілавікі разагналі ўдзельнікаў паніхіды па Аляксею Навальным. Паводле мясцовых тэлеграм-каналаў, у аўтазак адвялі не менш за 10 чалавек. Раніцаю паліцыя затрымала святара Рыгора Міхнова-Вайценку, які планаваў правесці гэтую службу ля помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Расейскія тэлеграм-каналы паведамлялі пра затрыманні і ў іншых гарадах. Вось, напрыклад, відэа з Новасібірску.

Знішчалі сілавікі і стыхійныя мемарыялы ў памяць пра Навальнага. Прыбіраць кветкі з помнікаў выходзілі камунальнікі або невядомыя ў цывільным. А ў Екацярынбурзе паліцыя ўвогуле не пусціла людзей да мясцовага помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў.

Акцыі памяці Аляксея Навальнага пачаліся ў Расея напярэдадні, калі сталася вядома пра раптоўную смерць палітыка за кратамі. Аднак разлічваць на эфектыўныя і перспектыўныя пратэсты ў Расеі проста немагчыма, кажа сузаснавальнік Форуму свабоднай Расеі Іван Цютрын: «Ніякіх рэсурсаў, ніякіх магчымасцяў да супраціву ўнутры Расеі не існуе. Акрамя якога-небудзь партызанскага супраціву, якіх-небудзь падобных рэчаў. Заканадаўчая база, рэпрэсіўнасць заканадаўчая і агульны фон, які ўсталяваны ў Расеі – гэта ўжо такі махровы таталітарызм»

Ушанаваць памяць Навальнага выходзілі людзі ў краінах Еўропы ды ў ЗША. Яны прыходзілі з кветкамі і плакатамі да расейскіх амбасадаў, скандавалі лозунгі.

У Беларусі да будынку расейскай амбасады з кветкамі прыйшоў толькі адзін чалавек – старшыня ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук. Як сталася вядома «Еўрарадыё», палітыка на месцы затрымалі сілавікі. Што з ім цяпер – невядома.

Ірына Юр’ева, «Белсат»