Беларусы на Балканах: Просім прызнаваць нашыя пратэрмінаваныя пашпарты да змянення сітуацыі на радзіме


У краінах Балканскага паўвострава беларусаў адносна няшмат, калі параўноўваць з Польшчай ці Літвой. Аднак яны там ёсць, і значная частка цяпер у няпростай сітуацыі пасля выхаду «пашпартнага ўказу» Лукашэнкі. У балканскіх краінах няма дакументу замежніка, уцякацтва атрымаць практычна немагчыма, бо мясцовыя ўлады амаль нічога не ведаюць пра Беларусь. Прадстаўнікі беларускіх дыяспараў Чарнагорыі і Сербіі апавялі нам, што яны робяць для развязання праблемаў з легалізацыяй.

Мітынг беларусаў у Чарнагорыі, мэтай якога было прыцягнуць увагу да наступстваў указу Лукашэнкі № 278.
Фота: Наталля Пінчук/Facebook

«Мы тут захраслі. Некаторыя думаюць набываць дакументы»

Мянчук Віктар Ефіменка жыве ў Чарнагорыі са снежня 2020 года. Да пераезду выкладаў інавацыйныя працэсы ў фінансавай адукацыі ў Інстытуце бізнесу БДУ. 26 кастрычніка 2020 года далучыўся да ўсеагульнага страйку і не выйшаў на працу, а потым падтрымаў затрыманых студэнтаў, падпісваўся пад патрабаваннем вызваліць іх. Неўзабаве мужчыну стала ясна, што і яго могуць затрымаць, таму ў пачатку снежня пакінуў Беларусь. Чарнагорыю выбраў, бо там «мора і горы – вельмі прыгожа», а таксама праз нізкія кошты на нерухомасць.

Па прыездзе Віктар набыў жытло, атрымаў від на жыхарства:

«У Чарнагорыі даволі проста атрымаць дазвол на жыхарства праз набыццё нерухомасці, асабліва раней так было. Цяпер ужо ўводзяць абмежаванне ў кошце, але ўсё роўна гэта даступна і магчыма».

Віктар жыве ў Будве, дзе адразу ж далучыўся да дзейнасці дыяспары. Цяпер былы мянчук – адзін з актывістаў, якія развязваюць праблемы легалізацыі, з якімі беларусы сутыкнуліся пасля ўступлення ў моц указу Лукашэнкі № 278, які забараніў абменьваць пашпарты за мяжою.

«На гэты момант ёсць некалькі сем’яў у крытычнай сітуацыі – у іх пашпарты канчаюцца ўжо сёлета. Яшчэ пару дзясяткаў, у якіх пашпарты да 2024 года. І патэнцыйна каля сотні сем’яў, якіх у любым выпадку закране гэтая праблема. Пераважна тэрміны пашпартоў канчаюцца ў дзяцей», – адзначае Віктар.

Віктар Ефіменка.
Фота: асабісты архіў Віктара Ефіменкі

Віктар – у першай групе:сярод тых, у каго сітуацыя крытычная. Мужчыну запісалі на падачу дакументаў, каб абмяняць пашпарт у беларускай амбасадзе, на 27 верасня гэтага года. Аднак пасля ўступлення ў моц указу 7 верасня запіс анулявалі і паведамілі, што такую паслугу больш не надаюць.

«Такіх яшчэ некалькі чалавек. Праблема ў тым, што мы і з’ехаць не можам. У мяне, напрыклад, пашпарт канчаецца ў лютым 2024 года – шэнгенскую візу мне ўжо не паставяць, – кажа Віктар. – Атрымліваецца, што мы тут проста захраслі. Некаторыя ўжо думаюць набыць нейкія дакументы. Яшчэ варыянт – проста нелегальна жыць, але гэта вельмі складана».

Hавiны
Ціханоўская заклікала Латвію прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў
2023.11.28 21:37

«Кажуць, годзік пачакайце, вайна скончыцца, усё ў вас будзе добра»

Адразу пасля выхаду ўказу Віктар думаў атрымаць польскую гуманітарную візу, аднак Беларускі дом у Варшаве, які дапамагаў у гэтай справе, паведаміў, што пакуль прыём дакументаў на гуманітарныя візы спынены.

Паехаць па пашпарт у Беларусь Віктар не можа – баіцца пераследу як за дзейнасць у 2020 годзе, гэтак і за цяперашнюю: мужчына вядзе тэлеграм-канал Народнай амбасады Чарнагорыі, прызнаны ўладамі экстрэмісцкім.

Беларусы Чарнагорыі рыхтуюцца да мітынгу.
Фота: Народная амбасада Беларусі ў Чарнагорыі / Telegram

Неўзабаве ў Віктара заканчваецца тэрмін ВНЖ, працягнуць яго без дзейнага пашпарта будзе немагчыма. Можна паспрабаваць папрасіць прытулку, аднак у Чарнагорыі гэта амаль нерэальна. Рэч у тым, што чарнагорскія ўлады і ўвогуле грамадства вельмі мала ведаюць пра Беларусь і нашую сітуацыю.

«На дыялог улады ідуць без праблемаў, яны вельмі адкрытыя, але наш кантэкст ведаюць вельмі кепска. Мы надоечы сустракаліся з мясцовымі юрыстамі, дык яны кажуць, маўляў, годзік пачакайце, вайна скончыцца, і ўсё ў вас будзе добра. Яны не разумеюць, што праблемы ў нас не праз вайну, што пачаліся яны раней», – адзначае Віктар.

Беларуская дыяспара Чарнагорыі імкнецца як мага больш апавесці пра Беларусь, прыцягнуць увагу да беларускіх уцекачоў. Два чалавекі з дыяспары беларусаў у Чарнагорыі ўваходзяць у склад Каардынацыйнай рады, ад імя якой скіроўвалі ліст уладам. У адказ атрымалі параду звяртацца па статус уцекача.

«Зрэшты, КР і іншыя – гэта ж не прызнаныя афіцыйныя органы, напэўна, таму няма гарантыі, што да іх будуць прыслухоўвацца, – разважае Віктар. – Агулам жа мы вельмі чакаем пашпарт Новай Беларусі. Магчыма, ён развяжа нашую праблему».

«Складана даказаць, што на радзіме могуць пасадзіць за каментары»

Пасля выхаду «пашпартнага ўказу» беларусы правялі буйны мітынг у Падгорыцы, падчас якога інфармавалі пра асаблівасці ўказу і праблемы, якія ён за сабою пацягнуў, а таксама пра рэпрэсіі на радзіме. Пасля склалі петыцыю з просьбай да ўладаў прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў і дакументы без апастылю. Цяпер збіраюцца подпісы пад гэтым зваротам.

Мітынг беларусаў у Чарнагорыі, мэтай якога было прыцягнуць увагу да наступстваў указу Лукашэнкі № 278.
Фота: Наталля Пінчук / Facebook

Тэкст петыцыі склала беларуская юрыстка, якая цяпер таксама жыве ў Чарнагорыі, Наталля Пінчук. Жанчына з’ехала з Беларусі разам з сям’ёй у 2021 годзе, бо баялася за сваю бяспеку. Яна заўсёды займала актыўную грамадзянскую пазіцыю, была назіральніцаю на выбарах, вяла блог, у якім асвятляла пратэсты.

Hавiны
Ціханоўская: Нямеччына будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў
2023.11.08 11:45

Беларусам у Чарнагорыі цяпер складаней, чым у тых жа Польшчы ці Літве, бо краіна не выдае пашпарта замежніка, а для афармлення ці працягу дазволу на жыхарства патрэбныя дакументы з апастылем, які цяпер таксама нельга атрымаць у амбасадзе.

«Таму на падставе рэзалюцыі ПАРЕ 2499 за 20 чэрвеня 2023 года аб развязанні канкрэтных праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні, мы пастанавілі скласці петыцыю, – адзначае Наталля. – Чарнагорыя з 2007 года – сябра Рады Еўропы. Таму мы звяртаемся да яе ўладаў як краіны – сябра Рады Еўропы з просьбаю прызнаваць нашыя пратэрмінаваныя пашпарты і працягваць ВНЖ. Іншых варыянтаў для легалізацыі ў беларусаў тут няма. Статус уцекача атрымаць амаль нерэальна, бо даволі складана даказаць, што на радзіме цябе могуць пасадзіць у турму за сімволіку ці каментары. Я не ведаю ніводнага беларуса, які б тут атрымаў прытулак».

Петыцыя беларусаў Чарнагорыі не электронная, самая звычайная. Подпісы збіраюцца на паперы. Валанцёры імкнуцца ахапіць усе гарады, выязджаюць на збор подпісаў у выходныя. За два уік-энды ўжо сабралі каля 230 подпісаў. На наступных выходных збор пройдзе ў Бары. Актывісты хацелі б дайсці да ўсіх беларусаў Чарнагорыі, якіх, паводле афіцыйных звестак, каля 1290 чалавек.

Петыцыю беларусаў таксама актыўна падтрымалі расейцы з антываеннаю пазіцыяй, кажа Наталля, бо яны баяцца, што ў будучыні іх гэтак жа пазбавяць магчымасці атрымліваць консульскае абслугоўванне за мяжою. Беларускай дыяспары хацелася б таксама падтрымання мясцовага насельніцтва, але завязваць кантакты з грамадскімі арганізацыямі і партыямі пакуль няпроста праз моўны бар’ер. Пакуль што беларусы сустракаліся з юрыстамі Грамадзянскага альянсу – арганізацыі, якая працуе пры дырэкцыі ў справе ўцекачоў і дапамагае задарма. Плануюцца яшчэ сустрэчы з імі, каб як мага больш распавесці пра сітуацыю ў Беларусі.

Калі збор подпісаў будзе завершаны, петыцыю скіруюць не толькі чарнагорскім уладам, але і камісару ў справе правоў чалавека Рады Еўропы і ў Офіс ААН па Чарнагорыі.

Калі вы ў Чарнагорыі і хацелі б пакінуць свой подпіс пад петыцыяй, звязацца з Наталляю можна ў Facebook.

Беларусы Сербіі, у якіх заканчваюцца тэрміны дзеяння пашпартоў, просяць прытулку

Сваю петыцыю склалі таксама беларусы Сербіі. Але яны збіраюць подпісы онлайн з просьбаю даваць статус уцекача беларусам, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, а таксама дзецям беларусаў, якія нараджаюцца ў Сербіі. Былы беларускі настаўнік Міхаіл разам з жонкай і траімі дзецьмі ўцяклі з радзімы ў жніўні 2022 года. Ужо ў сербскім Нішы ў сям’і нарадзілася чацвёртае дзіця, у выніку чаго пытанне легалізацыі набыло вострую актуальнасць.

«Амбасада мне пакуль не сказала дакладнае «не», што не выдадуць пашпарта дачцэ. Але яны і не сказалі «прыязджайце, мы будзем вывучаць заканадаўства». Для мяне гэта даволі дзіўна гучыць, бо яны нібыта ўжо павінны ведаць законы, а пішуць, што толькі цяпер будуць вывучаць», – адзначае Міхаіл.

Hавiны
«Мы былі часткай Еўропы». Ціханоўская заклікала Еўразвяз адчыніць дзверы для беларусаў
2023.10.05 15:57

Паводле закону, немаўля можа легальна заставацца ў Сербіі без дакументаў тры месяцы. За гэты час трэба парупіцца пра пашпарт. Міхаіл кажа, што мясцовыя ўлады не разумеюць, як атрыманне пашпарта можа стацца праблемаю:

«Напрыклад, амбасада Тунісу выдае пашпарт нованароджаным дзецям за содні. І потым, калі ў бацькоў ёсць ВНЖ, ён аўтаматам ставіцца дзіцяці ў пашпарт. Сербы не разумеюць, як можа быць інакш, і не ведаюць, што рабіць з беларусамі».

Міхаіл з жонкаю.
Фота: slobodnaevropa.org

Гэтак жа, як і ў Чарнагорыі, у Сербіі мала ведаюць пра Беларусь, зазначае Міхаіл. За апошні год у краіну прыехала вельмі шмат расейцаў – іх там цяпер дзясяткі тысячаў. А беларусаў у мясцовым чаце, напрыклад, усяго каля 400 чалавек. Хоць, безумоўна, гэтая лічба не можа лічыцца афіцыйнаю статыстыкаю, бо нельга быць упэўненым, што ў суполцы ёсць усе беларусы Сербіі ды ўсе ўдзельнікі насамрэч застаюцца ў краіне.

«У нашай дыяспары таксама няма ніякай арганізацыйнай структуры. Проста калі мы ўбачылі сітуацыю, сабраліся некалькі энтузіястаў і склалі петыцыю», – апавядае суразмоўца.

«У паліцыі сказалі: у вас там мабілізацыя – ясна, чаму вы з’ехалі»

Беларусы Сербіі не просяць прызнаваць пратэрмінаваных пашпартоў, бо разумеюць, што дзеля гэтага трэба будзе змяняць заканадаўства, а гэта можа заняць доўгі час, нават калі сербы пойдуць насустрач.

«Адзінае выйсце, якое я бачу ў гэтай сітуацыі, – статус уцекача. Пра гэта мы і напісалі ў петыцыі. Дзеля гэтага не трэба змяняць заканадаўства. Статус уцекача, вядома, накладвае пэўныя абмежаванні, але гэта нішто ў параўнанні з тым, каб вярнуцца ў Беларусь і там сесці ў турму, – тлумачыць Міхаіл. – Каб прыняць такое рашэнне, патрэбная адпаведная інструкцыя органу выканаўчай улады і камісарыяту аб уцекачах».

Каментар
«Жэнеўскі пашпарт»: як яго атрымаць, што ён дае, ці замяняе пашпарт грамадзяніна
2023.09.27 08:00

Паводле Міхаіла, нішто не замінае і цяпер прасіць прытулку, без усялякіх дадатковых інструкцыяў. Але шанцаў атрымаць яго, калі паходзіш з краіны, дзе няма вайны, амаль няма, зазначае мужчына:

«Таму мы просім камісарыят прыняць інструкцыю, згодна з якой у тых беларусаў, у якіх будзе заканчвацца пашпарт ці народзіцца тут дзіця, гэта станецца падставаю для атрымання ўцякацтва. Мы пішам у петыцыі, што Лукашэнка зрабіў беспрэцэдэнтныя захады, таму і адказ на іх мусіць быць такі ж. Пагатоў нас у Сербіі няшмат, то бок наплыву ўцекачоў яны не атрымаюць».

Паводле суразмоўцы, сербы зацікаўленыя ў кваліфікаваных эмігрантах, таму цяпер спрашчаюць легалізацыю для расейцаў:

«У Сербіі ёсць праблемы з адтокам насельніцтва. Маладыя, ініцыятыўныя з’язджаюць у Еўропу, на заробкі, потым там застаюцца, а нават калі не застаюцца, працуюць і плоцяць падаткі за мяжою. Эмігранты, якія сюды едуць з Беларусі і Расеі, збольшага легалізуюцца паводле бізнесу, які яны ствараюць самі, плоцяць падаткі, некаторыя ствараюць працоўныя месцы для сербаў, якім гэта ўсё вельмі выгадна. І я не разумею, у чым тут істотная розніца паміж расейцамі і беларусамі. Калі яны так прыцягваюць расейцаў, можна гэтае ж заканадаўства пашырыць на беларусаў».

Толькі беларусам трэба апавесці сербам пра сябе, перакананы Міхаіл:

«Бо сербы не заўсёды размяжоўваюць Беларусь і Расею. Мне ў паліцыі казалі: ясна, у вас там мабілізацыя, таму вы з’ехалі».

Будучыня Сербіі – у Еўропе

Беларусы Сербіі разумеюць, што онлайн-петыцыя праблемы не развяжа, бо яна не мае нейкай сур’ёзнай вагі. Аднак яна можа прыцягнуць увагу, і потым сабраць подпісы на паперы будзе прасцей. Пакуль пад онлайн-петыцыяй менш за 100 подпісаў. Міхаіл спадзяецца, што далей збор пойдзе актыўней.

Паехаць у Беларусь, каб зрабіць пашпарт дачцэ, ні Міхаіл, ні ягоная жонка не могуць, хоць вярнуцца на радзіму – самая вялікая мара суразмоўцы. Але Міхаіл браў удзел у пратэстах, быў назіральнікам на выбарах, збіраў подпісы за адкліканне дэпутатаў, быў сябрам партыі Віктара Бабарыкі «Разам». Мужчына баіцца, што ўсе гэтыя факты біяграфіі могуць стацца падставай для рэпрэсіяў.

З’язджаць з Сербіі Міхаіл таксама не хоча, кажа, што ўжо абжыўся там, адкрыў сваю фірму. Яму падабаецца клімат, а таксама адчуванне свабоды ў гэтай краіне:

«Так, паводле вынікаў сацыяльных апытанняў, шмат сербаў станоўча ставіцца да Расеі, але агульнай прапуцінскай пазіцыі ў людзей я не бачу. Прынамсі ў Нішы, дзе жыву. Людзей, якія тут разумеюць расейскую мову, даволі мала. Шмат англійскамоўных. Я бачу больш арыентаванасці на Еўропу. І гэта краіна з асабістаю свабодаю. Мне ніхто тут не навязвае ніякіх думак. Я сябе адчуваю тут камфортна. Сярод моладзі я бачу большасць праеўрапейскіх настрояў, то бок будучыня Сербіі – у Еўропе».

«Няхай бы спадарыня Святлана намякнула еўрапейцам»

Міхаіл звяртаўся ў Аб’яднаны пераходны кабінет з просьбаю падтрымаць беларусаў Сербіі і дапамагчы ім:

«Аднак мне адказалі, што, паколькі ў Сербіі мала беларусаў, там няма структураў АПК. Мне далі парады агульнага характару. Стала ясна, што яны не ведаюць сербскай спецыфікі. Я ведаю, што чарнагорцы рыхтуюць ліст у АПК, Офіс Ціханоўскай, і я прапаноўваў напісаць калектыўны ліст. Калі не атрымаецца разам, мы асобна свой таксама складзем».

Міхаіл удзячны Офісу Святланы Ціханоўскай за тое, што ім удалося дамагчыся прыняцця рэзалюцыі ПАРЕ ў справе дапамогі беларусам:

«Гэтая рэзалюцыя датычыць не толькі сябраў ЕЗ, але і тых, хто туды хоча трапіць, як Сербія. Напэўна, еўрапейцы маглі б мясцовым уладам сказаць, што, як хочуць у Еўропу, няхай дапамагаюць беларусам. А еўрапейцам няхай бы намякнула спадарыня Святлана, што трэба падштурхнуць Сербію».

Падтрымаць беларусаў Сербіі і падпісаць петыцыю можна па спасылцы.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў