«Часам гэта пытанне жыцця і смерці». Алесь Зарэмбюк пра спыненне выдачы польскіх гуманітарных візаў


Кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк заявіў, што з гэтага верасня ніхто са 188 асобаў, якія падаваліся на польскую гуманітарную візу з хадайніцтвам Беларускага дому, дагэтуль не атрымаў запрашэння ў консульства. МЗС Польшчы растлумачыў сітуацыю чаканнем новых распараджэнняў наконт гуманітарных візаў.

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве.
Фота: Вітаўт Сіўчык / Belsat.eu

Адзін з кірункаў дзейнасці Беларускага дому ў Варшаве – візавая дапамога рэпрэсаваным беларусам. За студзень – жнівень 2023 года 1507 асобаў атрымалі польскія гуманітарныя візы праз хадайніцтва арганізацыі.

«Я хацеў бы падзякаваць уладам Польшчы за тое, што Польшча прымала і прымае дзясяткі тысяч рэпрэсаваных беларусаў, – кажа Алесь Зарэмбюк. – Аднак з верасня сітуацыя змянілася такім чынам, што тыя рэпрэсаваныя беларусы, якія звярталіся да нас, не атрымлівалі ніякага адказу, хоць раней пытанні візы ўладкоўваліся цягам тэрміну ад двух тыдняў да паўтара месяца».

Беларускі дом звярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Польшчы і запытаўся, чаму ўзнікла такая сітуацыя, бо часта для рэпрэсаваных беларусаў атрыманне візы – досыць пільнае пытанне.

«Калі людзі чакаюць суда ці апеляцыі, у іх ёсць невялічкае акенца, каб выехаць з краіны, і яны не могуць выехаць у Турцыю ці Грузію. На вялікі жаль, гэтыя людзі не атрымлівалі больш як паўтара месяца ніякіх запрашэнняў, каб прыйсці ў консульства і атрымаць гуманітарную візу, – кажа Алесь Зарэмбюк. – І гэта праблема, і часам – пытанне жыцця і смерці для многіх беларусаў, якіх працягваюць арыштоўваць і якія працягваюць выязджаць з Беларусі не са сваёй уласнай ініцыятывы, а толькі таму, што ім пагражае турма і вельмі вялікія тэрміны».

Беларускі дом у Варшаве дапамагаў толькі тым беларусам, якія сапраўды пацярпелі ад рэпрэсіяў і маглі гэта даказаць, падкрэслівае спадар Зарэмбюк.

Міністэрства замежных справаў Польшчы адказала, што цяпер чакае новага распараджэння наконт гуманітарных візаў, распавёў кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве.

«Мы чакаем уладкавання  гэтай праблемы, бо рэпрэсіі працягваюцца, і абавязак такіх арганізацыяў, як нашая, і беларускай дыяспары, ратаваць і выцягваць з Беларусі тых, хто сапраўды мае праблемы і пагрозу патэнцыйнага арышту ў краіне. Гэтая праблема нікуды не знікла, рэпрэсіі працягваюцца. І наш маральны абавязак – дапамагаць тым людзям, якія хочуць з’ехаць, хоць мы не матывуем людзей да ад’езду. І большасць з іх не хоча з’язджаць», – кажа спадар Зарэмбюк.

Разбор
Ці адбярэ Польшча гуманітарную візу або гуманітарны ВНЖ, калі я паеду ў Беларусь?
2023.10.11 08:02

Кіраўнік Беларускага дому мяркуе, што пастанова наконт гуманітарных візаў для беларусаў можа быць прынятая пасля таго, як у Польшчы будзе сфармаваны новы ўрад па выніках парламенцкіх выбараў, што прайшлі 15 кастрычніка.

Пакуль Польшча не выдае візаў, у выпадку, калі сітуацыя вельмі крытычная, кіраўнік Беларускага дому раіць беларусам выязджаць з краіны так, як гэта атрымліваецца, і не чакаць.

«Мы ведаем, што некаторыя былі вымушаныя нелегальна пераходзіць мяжу з ЕЗ ці іншымі краінамі, каб не трапіць у рукі лукашэнкаўскага рэпрэсіўнага апарату», – зазначае Алесь Зарэмбюк.

Заява Беларускага дому ў Варшаве наконт прыпынення выдачы польскіх гуманітарных візаў датычыць толькі тых 188 асобаў, якія падавалі заявы на візы з хадайніцтвам арганізацыі. Выдачу візаў прыпынілі як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Ці ўзнікала гэткая праблема ў беларусаў, якія спрабавалі атрымаць візы самастойна ці праз іншыя арганізацыі, «Белсату» невядома. Мы напісалі запыт у МЗС Польшчы з просьбай растлумачыць сітуацыю, і апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

Hавiны
У Беларусі зменяцца правілы падачы дакументаў у візавыя цэнтры Польшчы
2023.09.30 15:51

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў