Ціханоўская: Нямеччына будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 7 лістапада сустрэлася з беларусамі Берліну і расказала пра вынікі перамоваў у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны. 

Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны каля Брандэнбургскай брамы. Берлін, Нямеччына. 7 лістапада 2023 года.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Прэс-служба абранай прэзідэнткі падзялілася тэкстам прамовы Святланы Ціханоўскай. Яна пачала выступ у Берліне з таго, што за ейнаю спінаю 35 гадоў таму праходзіў Берлінскі мур, мяжа між «тагачасным «русским миром» і свабодным светам. Гэты мур, нагадала яна, павалілі неспадзявана і хутка, калі зменаў ніхто не чакаў.

Ціханоўская расказала, што сустракалася ў Нямеччыне з парламенцкімі групамі: цэнтральнаю тэмаю была дапамога палітычным вязням, таксама абмяркоўвалі малую інфармаванасць замежнікаў пра Беларусь. Беларуская лідарка заклікала дыяспару да большай актыўнасці ў інфармаванні замежных палітыкаў, актывістаў і журналістаў:

«Нас будуць слухаць толькі тады, калі мы будзем гаварыць адным голасам. Тая структура дэмакратычных сілаў, якая ёсць цяпер, а гэта і Аб’яднаны пераходны кабінет, Каардынацыйная рада, Народныя амбасады, можа быць, неідэальная. Але гэта інструменты, якія здольныя дапамагчы нам вырашаць канкрэтныя пытанні».

У нямецкім парламенце – Бундэстагу – ужо працуе група сяброў дэмакратычнай Беларусі. А 7 лістапада, казала Ціханоўская, быў запушчаны альянс падобных парламенцкіх групаў, у які ўвайшлі дэпутаты з 22 краінаў. Неўзабаве Ціханоўская разам з беларускімі дэмакратычнымі сіламі запусціць кампанію за еўрапейскі выбар Беларусі, бо еўрапейскія парламентары цёпла ўспрымаюць ідэю такога выбару.

На перамовах у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны Ціханоўская падымала пытанне пашпартоў і легалізацыі беларусаў у гэтай дзяржаве. Прадстаўнікі міністэрства запэўнілі яе, што Нямеччына будзе прызнаваць нават пратэрмінаваныя беларускія пашпарты (якіх за мяжою цяпер не памяняць), будзе шукаць магчымасць працягваць тэрміны відаў на жыхарства і выдаваць пашпарты замежніка. Ціханоўская таксама прасіла не патрабаваць ад беларусаў апастылю (які, як і новыя пашпарты, адмовіліся выдаваць беларусам за мяжою).

На сустрэчы ў Міністэрстве ўнутраных справаў, запланаванай на 8 лістапада, Ціханоўская абяцала падняць пытанне доўгіх тэрмінаў выдачы дакументаў на ВНЖ і прытулак.

Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з беларусамі Нямеччыны каля Брандэнбургскай брамы. Берлін, Нямеччына. 7 лістапада 2023 года.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская таксама згадала працу над пашпартам Новай Беларусі. Гэтыя дакументы ўжо рыхтуюць да друку, але іх яшчэ мусяць прызнаць еўрапейскія краіны.

Нядаўна прызначаная прадстаўніца Швецыі ў сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Крыстына Юганнэсан казала, што Ціханоўская ўздымае пытанне пашпартоў на кожнай сустрэчы, але пытанне складанае, бо аналагічных дакументаў яшчэ не было, дый узору яшчэ няма, іх не бачылі палітыкі. Але ў межах Еўразвязу ў прынцыпе могуць выпрацаваць агульны падыход да гэтых пашпартоў, шукаць развязанне гатовыя.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: У нас ёсць магутная міжнародная кааліцыя саюзнікаў
2023.11.07 19:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў