Швецыя прызначыла спецпрадстаўніцу для сувязяў з дэмакратычнай Беларуссю


Швецыя прызначыла адмысловую прадстаўніцу ў сувязях з дэмакратычнай Беларуссю. Пра гэта заявіў 6 лістапада ў Вільні падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай кіраўнік МЗС Швецыі Табіяс Більстрэм, перадае карэспандэнт «Белсату».

Крыстына Юханэсан
Амбасадарка Швецыі ў Беларусі Крыстына Юганнэсан каля РУУС Кастрычніцкага раёну сталіцы, куды даставілі затрыманага шведскага журналіста Паўля Гансэна. Менск, Беларусь. 27 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Спецпрадстаўніцаю прызначаная Крыстына Юганнэсан, былая амбасадарка Швецыі ў Беларусі. Яна працавала ў Беларусі амаль пяць гадоў – з 4 верасня 2017 года. 18 жніўня 2022 года амбасада Швецыі апублікавала відэа з яе развітаннем з нашай краінай. З таго моманту Стакгольм не прызначаў свайго амбасадара ў Менск.

Абраная прэзідэнтка Беларусі падзякавала Швецыі за прызначэнне спецпрадстаўніцы для сувязяў з дэмакратычнымі сіламі. Святлана Ціханоўская ў каментары «Белсату» адзначыла, што Стакгольм таксама ў 2024 годзе будзе старшыняваць у Паўночнай радзе («Nordic Council») і «Nordic-Baltic Eight», што яднаюць скандынаўскія і балтыйскі краіны.

«І мы паспрабуем, каб голас вольнай Беларусі там гучаў як мага больш», – заявіла палітычная дзяячка.

Паводле яе, шведскі міністр таксама паабяцаў налета павялічыць падтрыманне беларускай культуры і беларускай ідэнтычнасці. У сваю чаргу Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць дапамогі ў рэабілітацыі палітвязняў, як гэта робіць Нямеччына.

Святлана Ціханоўская і кіраўнік МЗС Швецыі Табіяс Більстрэм 6 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Таксама Швецыя падтрымлівае еўрапейскую перспектыву Беларусі.

Апроч таго, на сустрэчы абмяркоўвалася стратэгія адносна Беларусі і ўзмацненне ціску на рэжым, яго адказнасць за злачынствы. Абмяркоўваліся і праблемы з атрыманнем беларусамі палітычнага прытулку ў Швецыі ды пытанне пашпартоў Новай Беларусі.

Hавiны
Амбасадарка Швецыі з’ехала з Беларусі, напісала мілы развітальны ліст
2022.08.18 17:38

У верасні спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Польшчы ў справе ўзаемаадносінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі быў прызначаны былы амбасадар гэтай краіны ў Менску Артур Міхальскі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў