Яўген Магда: «"Стары свет" шукае магчымасці для больш эфектыўных дзеянняў»


У Малдове стартаваў другі саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. У ім прымаюць удзел лідары 47 краінаў Еўропы і кіраўнікі інстытутаў Еўразвязу. Ягоная галоўная мэта – дэманстрацыя сваёй падтрымкі Украіне і Малдове. Расея і Беларусь запрашэння на мерапрыемства не атрымалі. Падрабязней пра гэтую падзею паразмаўляем з палітолагам Яўгенам Магдам у жывым эфіры «Белсат».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці з’яўляецца агульнаеўрапейскім урадавым форумам, які стварылі ў 2022 годзе пасля ўварвання Расеі ва Украіну з мэтай абʼяднанання краін для вырашэння актуальных праблемаў у бяспецы, стабільнасці і энергетычнай устойлівасці. Акурат гэтым тэмам сёлета і будуць прысвечаныя чатыры круглыя сталы, два з якіх – пытанням бяспекі, кіберпагрозам і арганізаванай злачыннасці.

«Тут краіны, якія не толькі зʼяўляюцца чальцамі Еўразвязу. Тут шырокае прадстаўніцтва, я б сказаў, прадстаўніцтва палітычнай Еўропы, – распавядае палітолаг пра свае адносіны да падзеі. – Ідэя стварэння еўрапейскай супольнасці належыць Эманюэлю Макрону, яна паступова развіваецца, гэта таксама факт, і гэта толькі другі саміт, якому меней году, таму чакаць ад яго… ну, вы ж не чакаеце ад груднога дзіцяці, што яно скончыць школу. Тут, натуральна, іншыя катэгорыі сучаснага палітычнага часу, але, я думаю, гэты фармат ёсць пацверджаннем таго, што Еўразвяз і еўрапейскія палітыкі думаюць пра тое, якім будзе свет пасля сканчэння вайны. Бо зразумела, што яна зменіць сённяшні фармат міжнародных адносінаў. Таму “стары свет” шукае магчымасці для больш эфектыўных дзеянняў».

Правядзенне саміту ў Малдове мае сімвалічнае значэнне на фоне вайны ва Украіне, бо яна можа стаць, па меркаванні прадстаўнікоў Еўразвязу, наступнай ахвярай Расеі.

Еўрапейскія лідары ​​збіраюцца на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Малдове. Бульбаака, Малдова. 1 чэрвеня 2023 года.
Фота: UKRAINIAN PRESIDENTIAL PRESS SER / Reuters / Forum

Малдова стала незалежнай рэспублікай у 1991 годзе. Аднак прарасейскіх сепаратыстаў у Прыднястроўі на ўсходзе краіны гэта не спыніла: пры падтрымцы Расеі ў аднабаковым парадку яны абвесцілі сваю незалежнасць. Расея ў сваю чаргу размясціла ў там вайскоўцаў, якіх называе «міратворцамі», і штогод выдаткоўвае мільёны долараў на падтрыманне нестабільнай сітуацыі ў рэгіёне. У вёсцы ж Кобасна размешчаны найбуйнейшы расейкі арсенал часоў Другой сусветнай вайны.

«Калі казаць пра расейскія войскі на тэрыторыі Малдовы, то маюцца пэўныя чыннікі гэтага. Такія, як 20 тон боепрыпасаў. І вывесці іх дастаткова складана, таму што Малдова мяжуе толькі з Украінай і з Румыніяй. Іншых межаў у яе няма. Вывозіць праз марскі порт Джурджулэшты – гэта значыць вывозіць гэтыя боепрыпасы праз усю Малдову, сумнеўна, што яны зараз у такім ідэальным стане. […] Прыднястроўе выкарыстоўваюць як фактар ціску і фактар прапаганды: з гэтай тэрыторыі працуе шмат ананімных тэлеграм-каналаў на тэрыторыю Украіны, на тэрыторыю Малдовы», – распавядае Яўген Магда.

23 чэрвеня 2022 года Еўразвяз надаў Украіне і Малдове статус кандыдатаў на ўступленне, што эксперт называе лагічным, улічваючы досвед Украіны, а таксама «маштабным дасягненнем» для гэтых краінаў.

«Але Малдова да гэтай пары застаецца дастаткова нейтральнай, таму што яна не можа змяніць сваю Канстытуцыю, бо Мая Санду не мае зараз канстытуцыйнай большасці».

На саміце ўздымалася таксама і беларуская тэма. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падкрэсліў рост небяспекі з боку нашай краіны з-за размяшчэння на яе тэрыторыі ядравай зброі, пра што нядаўна Лукашэнка дамовіўся з Пуціным і нават заявіў, што гэтая зброя ўжо едзе ў Беларусь.

«Калі казаць пра тое, што можна зрабіць, я нядаўна казаў, што дастаткова правесці кансультацыі ў межах Люблінскага трохкутніку. Я думаю, што да іх варта было б дадаць Беларускія дэмакратычныя сілы, іх прадстаўнікоў. Гэта было б патрэбна, таму што гэта сапраўдная пагроза, і Люблінскі трохкутнік як нефармальная, але, на маю думку, перспектыўная арганізацыя павінная працаваць на папярэджанне, бо Еўразвяз, як і NATO, мае права высоўваць санкцыі толькі постфактум, таму што існуе прэзумпцыя невінаватасці – а гэта акурат пастка сучаснай палітыкі. А супольнымі высілкамі мы б змаглі зрабіць нашмат болей», – мяркуе палітолаг.

У рамках саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці акрамя 4 круглых сталоў запланаваныя двухбаковыя і шматбаковыя сустрэчы. Напрыклад, лідараў Азербайджану, Арменіі, Францыі і Германіі. Трэці саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці запланаваны на кастрычнік 2023 года і пройдзе ў Іспаніі.

Марыя Голдстэйн, belsat.eu

Стужка навінаў