Палітолаг Магда: Пуцін робіць з беларусаў мішэнь і закладнікаў ядравай пагрозы


Тактычную ядравую зброю ў Беларусь з вялікай верагоднасцю прывязуць, аднак Пуцін яе скарыстае для шантажу краінаў Еўропы, а з беларусаў зробіць закладнікаў. Аб гэтым сказаў украінскі палітолаг Яўген Магда ў інтэрвʼю «Белсату».

Яўген Магда ў студыі «Белсату». Скрыншот з відэа: «Белсат» / YouTube

26 траўня ў інтэрв’ю «Белсату» палітычны эксперт з Украіны Яўген Магда пракаментаваў намер Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ўвесці ў Беларусь расейскую ядравую зброю. Палітолаг лічыць, што тактычная ядравая зброя (ТЯЗ) на тэрыторыі Беларусі будзе з высокай верагоднасцю. Ён узгадаў словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што на тэрыторыі краіны захаваны сховішчы для ядравай зброі, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы. Аднак Магда зазначыў, што гэта зброя будзе мець не столькі вайсковы характар, столькі характар псіхалагічнага ціску, прычым гэта ціск не на Украіну, а на яе заходніх саюзнікаў, перш на Польшчу, Латвію і Літву.

Украінскі палітолаг таксама пагадзіўся з меркаваннямі, якія выказалі ў каментары «Белсату» адносна намеру размясціць у Беларусі расейскую тактычную ядравую зброю расейскія апазіцыйныя палітыкі Гары Каспараў і Міхаіл Хадаркоўскі. Гары Каспараў у прыватнасці лічыць, што гэта працяг палітыкі ядравага шантажу, з дапамогай якога Уладзімір Пуцін будзе спрабаваць выклікаць рэакцыю заходніх палітыкаў, каб спыніць Украіну і яе контрнаступ на расейскія войскі. Хадаркоўскі ж лічыць, што размяшчэнне ТЯЗ у Беларусі паклікана паказаць спробу інтэграцыі Беларусі ўнутр пуцінскай Расеі. Другі важны момант – Пуцін можа такім чынам можа пазбегнуць пачатку глабальнай ядравай вайны, а замест гэтага скарыстаць Беларусь для лакальнага ядравага ўдару і тым самым перанесці магчымы ядравы ўдар у адказ на тэрыторыю Беларусі. У сваю чаргу Яўген Магда канкрэтызаваў, што Пуцін хоча пераўтварыць 9 млн беларускіх жыхароў у закладнікаў. Паводле Магды, асаблівы цынізм такога падыходу звязаны з тым, што ядравымі закладнікамі становяцца людзі, якія і без таго раней вельмі моцна пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Пры гэтым украінскі эксперт сумняецца, што будуць моцныя пратэсты супраць увядзення зброі, бо паліцэйскі рэжым такім пратэстаў проста не дапусціць. Яўген Магда таксама выказаў меркаванне, што можа быць Аляксандр Лукашэнка мае свае планы адносна ядравай зброі.

«У Лукашэнкі, як мне здаецца, дзесь ёсць такая думка, у стылістыцы яго калгаснай геапалітыкі. Што вось зараз Лукашэнку дазволяць пакінуць ядравую зброю ў Беларусі і калі Пуцін пацярпіць паразу ў вайне, то боегалоўкі ўсё роўна застануцца ў Беларусі і ён такім чынам павялічыць сваю субʼектнасць. Але я думаю, што гэта трошкі наіўныя разлікі, таму што Захад занадта добра ведае Лукашэнку, каб у такім разе дазволіць яму кантраляваць зброю, якая можа стаць элементам агульнаеўрапейскага шантажу», – патлумачыў Яўген Магда.

Беларусам украінскі палітолаг параіў назіраць за інфармацыяй з адкрытых крыніцаў аб тым, якія носьбіты тактычнай ядравай зброі існуюць зараз у Беларусі. Бо тое, што можа выпусціць ядравыя боегалоўкі, знаходзіцца ўжо на тэрыторыі Беларусі. Гэта перш ракетны комплекс «Іскандэр». Беларускай арміі ўжо перададзены дывізіён такіх ракет, а беларускія вайскоўцы прайшлі навучанне ў Расеі і вяртаюцца зараз на радзіму і будуць заступаць на баявое дзяжурства.

«І тут узнікае цікавае пытанне, як яны будуць дзейнічаць, атрымаўшы загад выпусціць тактычную ядравую боегалоўку з «Іскандэра», якім яны кіруюць з беларускаю сімволікаю па адной з суседніх краінаў. Бо ўдар у адказ прыйдзецца па тэрыторыі Беларусі. І гэта рэальная пагроза», – заявіў палітолаг.

Цалкам інтэрвʼю Яўгена Магды можна паглядзець на відэа.

Як паведамлялася раней, 25 траўня ў Менскуміністры абароны Беларусі і Расеі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу падпісалі дакументы, што вызначаюць парадак утрымання расейскай нестратэгічнай ядравай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Віктар Хрэнін заявіў, што размяшчэнне нестратэгічнай расейскай ядравай зброі ў Беларусі ёсць адказам «на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краінаў». Міністр абароны Беларусі таксама распавёў, што Расея паставіць у нашую краіну аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», зенітныя ракетныя сістэмы С-400. Таксама РФ пераабсталявала самалёты Су-25, што могуць выкарыстоўваць ядравую зброю. Сяргей Шайгу падчас падпісання дакументаў заявіў, што Расея не мае намеру перадаваць кантроль над нестратэгічнай ядравай зброяй Беларусі. Ці выкарыстоўваць яе, будзе вызначаць Масква.

Hавiны
Хрэнін і Шайгу падпісалі дакументы наконт ядравай зброі
2023.05.25 11:17

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў