Дзяўчыну, асуджаную на 12 гадоў за паўтары таблеткі экстазі, судзяць за сутэнёрства


25-гадовую Дарʼю Бялову асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі за паўтары таблеткі экстазі. Яе затрымалі ў верасні 2016 года ў Менскім аэрапорце, калі дзяўчына прыляцела ў Беларусь з Кіпра. Цяпер яна знаходзіцца ў турме, а яе абвінавацілі па новай крымінальнай справе аб арганізацыі прастытуцыі.

На сайце галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менску паведамляецца, што «са снежня 2015 году да лютага 2016 году дзяўчына прыцягнула і спрабавала вывезці ў горад Эркан Паўночнага Кіпру для заняткаў прастытуцыяй 28-гадовую жыхарку Менску. Вядома таксама, што дзяўчына разам з саўдзельнікамі з Беларусі, Расеі і Украіны завербавала больш за 10 беларусак, а таксама грамадзянак Лівана, Малдовы, Казахстана, Украіны і Расеі».

Абмеркаванне прысуду Дарʼі Бяловай у ток-шоу «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат»

(гісторыю Дар’і глядзіце з 26:00)

Па тэме:

«Дарʼя сапраўды прадала мяне, але ў судзе я не прызналася»

Бюро журналісцкіх расследаванняў «Факт» апублікавала матэрыял пра абвінавачванне Дар’і па новай крымінальнай справе. Журналісты паразмаўлялі з дзеўчынамі, што выступаюць сведкамі на судзе. Адна з іх кажа, што бачыла Дарʼю ўпершыню на самім паседжанні. Асноўная сведка, сяброўка Дарʼі Анастасія Л. кажа, што Дарʼя сапраўды прадала яе ў клуб «Golden Girls» на Кіпры, але сама дзяўчына даведалася пра гэта пазней. І ў матэрыялах па справе яна супраць сяброўкі не сведчыла.

«Былі разліковыя квіткі за мяне, пераводы. Але на судзе я сказала, што яна ні пры чым, што гэта я сама папрасіла. І ў матэрыялах справы я кажу, што я сама паехала і яна мяне не ўгаворвала», – кажа Анастасія Л.

Былы дырэктар клубу «Golden Girls» – Рамадан, муж Дарʼі, наагул, лічыць, што галоўная вінаватая – не яго жонка, а сведка Анастасія Л.

«Л. перакінула ўсю адказнасць на маю жонку і сама ні аднаго дня не правяла ў беларускай міліцыі. Магчыма, у яе там сябры», распавёў Рамадан.

Матэрыялы ГУУС Менску паведамляюць, што падазраваная Дар’я распавядала дзеўчынам, што сама працуе ў клубе і мае добры заробак. Тым часам, лічыцца, што гэтая праца прадугледжвала занятак прастытуцыяй, жорсткія ўмовы працы, а таксама ўжыванне наркотыкаў.

У сеціве ж ёсць абʼявы пра набор дзеўчын у клуб «Golden Girls» ад асобы пад іменем Максім з расейскім нумарам тэлефону, які ўжо не працуе.

Суд па гэтай справе – закрыты, новая крымінальная справа была заведзеная 27 сакавіка, паводле сайта ГУУС Менску. Пакуль ідуць судовыя разбіральніцтвы і следчыя мерапрыемствы. Вядома, што па крымінальным артыкуле 171 « выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй або стварэнне ўмоў для заняткаў прастытуцыяй», па якім абвінавачваецца Дарʼя Бялова, 12 гадоў за паўтары таблеткі экстазі 25-гадовай дзяўчыне могуць павялічыць яшчэ на адзін тэрмін пазбаўлення волі да дзесяці гадоў.

ВЧ, belsat.eu паводле fkt.by

Стужка навінаў