навіны

Рабочая партыя Курдыстану самараспукаецца і спыняе збройнае 47-гадовае змаганне

Жанчыны-ўдзельніцы РПК. Фота: Kurdishstruggle / Flickr
Жанчыны-ўдзельніцы РПК. Фота: Kurdishstruggle / Flickr
podpis źródła zdjęcia

Рабочая партыя Курдыстану (РПК), што дзесяцігоддзямі змагалася за нацыянальную аўтаномію курдаў Турэччыны і была абвешчаная ўладамі краіны (а таксама Еўразвязам і NATO) тэрарыстычнай, заявіла пра самароспуск.

Паводле курдскага тэлеканалу «Rudaw», пастанову пра самароспуск прыняў 12-ты з'езд партыі, што прайшоў 57 траўня. Згодна з заяваю, РПК распусціць сваю арганізацыйную структуру, спыніць збройную барацьбу і завершыць дзейнасць пад ранейшай назваю.

,,

«Барацьба РПК разбурыла палітыку адмаўлення і знішчэння, скіраваную супраць нашага народу, і прывяла курдскае пытанне да пункту, дзе яно можа быць развязанае з дапамогаю дэмакратычнай палітыкі, такім чынам выканаўшы сваю гістарычную місію», – гаворыцца ў заяве партыі.


Курдскія жанчыны – байцы Пешмэргі, звязаныя з іранскай сепаратысцкай Партыяй свабоды Курдыстану (PAK), на базе ў невядомым месцы ў правінцыі Арбіль, сталіцы аўтаномнага курдскага рэгіёну на поўначы Іраку, так званага Іракскага Курдыстану. 1 снежня 2022 года. (Фота: Safin Hamed / AFP / East News)
Хэпі-энд для Беларусі. Чаму беларусаў можа навучыць досвед Курдыстану? навіны

Сустаршыня пракурдскай Партыі дэмакратыі і роўнасці народаў Тунджэр Бакірхан заявіў, што паколькі «курдскае пытанне дагэтуль тлумачылі існаваннем узброенай структуры», «цяпер, калі гэтай структуры няма, не засталося ніводнай прычыны, каб не будаваць дэмакратычную Турэччыну».

У сваю чаргу турэцкія ўлады заявілі, што рашэнне РПК павінна быць выкананае цалкам – як унутры краіны, так і за яе межамі, уключаючы поўнае расфармаванне ўсіх структураў і аддзяленняў арганізацыі. Дарадца прэзідэнта Мэхмэт Учум назваў пастанову партыі завяршэннем ключавога этапу пераходу да «Турэччыны без тэрору» і заявіў, што наступным крокам стануць усёабдымныя рэформы ў сферы дэмакратыі і права.

Заява не азначае, што спыніцца змаганне

Рабочая партыя Курдыстану была створаная ў 1978 годзе Абдулой Аджалянам на падставе ідэяў курдскага нацыяналізму і марксізму-ленінізму з мэтай стварэння незалежнага Курдыстану. У збройным змаганні супраць Турэччыны за мінулыя дзесяцігоддзі загінулі больш як 40 тыс. асобаў з усіх бакоў, уключаючы цывільных, а каля трох мільёнаў былі змушаныя пакінуць свае дамы. У 2005 годзе Рэджэп Эрдаган, незадоўга да гэтага абраны прэмʼер-міністрам, пачаў змякчаць пазіцыю ўладаў адносна курдаў. Адышоў ад марксізму і Аджалян.

Заява пра самароспуск паследавала за заклікам лідара партыі Абдулы Аджаляна, які з 1999 года адбывае пажыццёвае зняволенне. У канцы лютага ён у выніку закулісных перамоваў выпусціў зварот, у якім заклікаў партыю прыняць рашэнне аб складанні зброі і самароспуску.

,,

«Эрдаган увойдзе ў гісторыю як чалавек, які завяршыў канфлікт, і гэта можна нават прадаць як перамогу Турэччыны. РПК доўгі час была сімвалам курдскай барацьбы супраць Анкары, і паўплывала на іншыя фракцыі курдаў у рэгіёне, у розны час ведучы вайну то на поўначы Іраку, то на паўночным усходзе Сірыі, то на паўднёвым усходзе Турцыі», – піша ў сваім тэлеграм-канале «Пески Аравии» аналітык Ілія Куса.


Аднак ён дадае, што самароспуск РПК «не азначае, што стасункі паміж туркамі і курдамі цяпер стануць выдатнымі, або што курды не будуць і далей змагацца за свае правы». Паводле яго, гэта таксама не азначае аўтаматычнага роспуску ваенізаваных атрадаў сірыйскіх курдаў, з якімі ў Анкары таксама канфлікт. Як і развязання пытання аб статусе курдаў і іх правамі ў Турэччыне, Іраку, Іране і Сірыі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10