26 красавіка спаўняецца 39 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая прынесла Беларусі шкоды на 32 гадавыя бюджэты і шматлікія людскія страты ў выніку забруджвання краіны радыенуклідамі. Нязгода з замоўчваннем наступстваў трагедыі кіраўніцтвам краіны вылілася ў з’яўленне найбольш вядомага масавага шэсця ў найноўшай гісторыі Беларусі – «Чарнобыльскага шляху». «Белсат» сабраў топ-5 «Чарнобыльскіх шляхоў».
1989. Першы «Чарнобыльскі шлях» адбыўся… 30 верасня

Першая масавая акцыя, прысвечаная чарнобыльскай катастрофе, наступствы якой замоўчвалі камуністычныя ўлады СССР, ладзілася ў Менску 26 красавіка 1989 года і называлася «Гадзіна смутку і маўчання». Падчас яе ўвечары на плошчы Незалежнасці (тады – Леніна) сабралася паводле розных падлікаў каля 10 тысяч чалавек. Людзі стаялі са свечкамі пад чорнымі харугвамі з назвамі пацярпелых ад катастрофы рэгіёнаў Беларусі. На плошчы гучаў жалобны звон, а ў адзенні прысутных панаваў чорны колер.
Першы ж уласна «Чарнобыльскі шлях» адбыўся 30 верасня 1989 года ў сталіцы і быў арганізаваны Беларускім Народным Фронтам. Сама ідэя шэсця належыць актывістцы БНФ з Магілёўскай вобласці Наталлі Рославай, а назву прыдумаў палітык Зянон Пазняк.

Улады паспрабавалі збіць колькасць удзельнікаў за кошт абвешчанага на гэты дзень суботніку, грошы ад якога павінны былі накіраваць у фонд чарнобыльцаў – жыхароў пацярпелых ад забруджвання рэгіёнаў Беларусі.
Да месца збору каля метро «Парк Чалюскінцаў» і гадзіннікавага заводу прыбылі больш за 30 тысяч чалавек, якія прайшлі праз цэнтр Менску да сённяшняй плошчы Незалежнасці. Каля траціны ўдзельнікаў шэсця складалі жыхары забруджаных радыенуклідамі рэгіёнаў Беларусі, якія дабіраліся да сталіцы на аўтобусах. Акрамя шматлікіх чорных харугваў, што луналі ў Менску і 26 красавіка 1989 года, цяпер над морам людзей панавалі бел-чырвона-белыя сцягі.
Цягам усяго шляху да шэсця далучаліся новыя людзі, а ў галаве калоны ішоў гісторык Міхась Ткачоў. Перад ім несла транспаранты моладзь і ішлі дзеці Радаслава Вячорка і Стась Сакалоў, далей крочылі палітыкі Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык, пісьменнікі Алесь Адамовіч і Эрнэст Ялугін.
Каля педагагічнага інстытуту (сёння ўніверсітэту) была зладжаная імправізаваная трыбуна, на якой выступілі лідар БНФ Зянон Пазняк, прафесар Станіслаў Шушкевіч, гісторык Міхась Ткачоў і акадэмік Яўген Велехаў з Масквы.
Пісьменнік Алесь Адамовіч у сваім выступе звяртаў увагу, што «з 10 атамных бомбаў, якія скінуў Чарнобыль на людзей, сем выбухнулі ў Беларусі», але дзейная ўлада замоўчвае наступствы і таму патрэбны «экалагічны Нюрнбэрг»:
,,«Цяпер у забруджанай зоне пакладзены новы асфальт, замест драўляных пабудаваныя каменныя дамы – мільёны рублёў выкінутыя на вецер, бо людзей адтуль трэба было даўно выселіць. Судзіць трэба не толькі безадказнае кіраўніцтва, але і сістэму, якая каторы раз ставіць нас на край прорвы».
Наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС ацэньваюцца для Беларусі ў 235 млрд долараў, або 32 бюджэты краіны на 1985 год.
Пасля «Чарнобыльскага шляху» ў Чырвоным касцёле адбылася прэс-канферэнцыя, на якой упершыню агучылі вынікі даследаванняў уплыву малых дозаў радыяцыі, чаго ўлады заклікалі не баяцца. Дзякуючы «Чарнобыльскаму шляху», БНФ удалося дамагчыся з’яўлення ў Беларусі заканадаўчай базы для дапамогі пацярпелым ад чарнобыльскай аварыі і ўвядзення забароны на пражыванне на «адносна забруджаных» тэрыторыях. Аднак і сёння ў Беларусі ў зонах радыеактыўнага забруджвання працягваюць жыць больш за 930 тысяч чалавек, з якіх 181 тысяча – дзеці да 17 гадоў.
Пасля «Чарнобыльскага шляху» беларуская дыяспара пачала збор сродкаў для Беларусі. Гэтак, Чарнобыльскі фонд пад кіраўніцтвам сённяшняй старшыні БНР Івонкі Сурвілы сабраў для жыхароў нашай краіны лекі на мільён долараў.
1996. Самы гарачы «Чарнобыльскі шлях»
«Чарнобыльскі шлях» 1996 года зрабіўся найбольш вядомай акцыяй «Вясны-1996», якая пачалася з Дня Волі і ператварылася ў серыю безупынных акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй і падпісанай 2 красавіка Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам РФ Барысам Ельцыным дамовы «Аб утварэнні супольнасці Расеі і Беларусі».
Усяго сабралася, паводле розных падлікаў, ад 30 да 60 тысяч чалавек, больш за сто з іх у выніку пацярпелі ад дзеянняў спецназу, а больш за дзвесце былі затрыманыя, у тым ліку амаль усё кіраўніцтва БНФ і шматлікія актывісты, сярод іх Юрый Хадыка і Вячаслаў Сіўчык. Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык пасля гэтага вымушаныя былі пакінуць Беларусь і да сёння застаюцца ў эміграцыі.

Дарэчы, у гэты дзень Аляксандр Лукашэнка сабраў і свой мітынг працоўных калектываў, на які прымусова звезлі каля 10 тысяч чалавек. Дакладна тое ж паўтаралася і ў жніўні 2020 года.
На самым пачатку «Чарнобыльскага шляху» на праспекце Скарыны (сёння – Незалежнасці) быў спалены абліты бензінам расейскі трыкалор. Шэсце ж рушыла а 17:20 ад Акадэміі навук. У галаве калоны неслі абраз Маці Божай, а наўкола было багата чорных харугваў і бел-чырвона-белых сцягоў.
На плошчы Якуба Коласа каля кавярні «На ростанях» у гэты час ужо выстройваўся спецназ. Ён перагарадзіў праспект міліцэйскімі «жыгулямі». Угаварыць вызваліць праспект ад аўтаў паспрабавалі дэпутаты Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Дабравольскі, але іх нават не выслухалі. Тады да кардону з міліцыянтаў падцягнуліся хлопцы, побач з якімі луналі сцягі «Белага легіёну» і УНСО. Яны перакулілі два міліцэйскія аўты, пасля чаго кінуліся на спецназ з голымі рукамі. Спецназ махаў дручкамі і спрабаваў выціснуць удзельнікаў шэсця тарчамі. Але няўзброеная моладзь не толькі не адступіла, але і дала бой, прарваўшы ланцуг спецназу. Калона прайшла як нож праз масла. Аднак спецназ не сунімаўся, і калі частка калоны праходзіла побач з перакуленымі аўтамі, міліцыянты заціснулі людзей з абодвух бакоў і пачалі збіваць тых, хто апынуўся ў пастцы.

Тады моладзь з галавы калоны, якая адышла ўжо на метраў сто, развярнулася і кінулася зноў на спецназ. Тут ужо міліцыянты апынуліся ў атачэнні і не маглі зарганізавацца, бо ім у спіну паляцелі камяні. Нарэшце, ім дазволілі адысці. У ліку ста пацярпелых тады былі і журналісты замежных медыяў: Цэзары Галіньскі з «Gazety Wyborczej», які цяпер працуе кіраўніком рэдакцыі партала belsat.pl і Эдвард Тарлецкі з радыё «Свабода».
Шэсце ж рушыла далей, але каля вуліцы Казлова сустрэла новы кардон, гэтым разам з вайсковых цяжкавікоў і трамваяў. Да міліцыянтаў падышлі палітык Ігар Карпенка, які быў намеснікам старшыні Вярхоўнага Савету, і Юрый Хадыка, навуковец і адзін з арганізатараў «Чарнобыльскага шляху». Сілавікі пагадзіліся прапусціць шэсце, калі яно накіруецца ў бок Палацу спорту. Менавіта там і прайшоў мітынг, які завяршыўся а 20:30. А ўвечары міліцыянты выйшлі на паляванне і без разбору забіралі і збівалі ўсіх маладзёнаў, якіх сустракалі на сваім шляху.
2000. Апошні вялікі «Чарнобыльскі шлях»
Спачатку «Чарнобыльскі шлях» павінен быў прайсці ўжо традыцыйным маршрутам да плошчы Незалежнасці, але ў такім выглядзе ён быў забаронены. У той жа час з’явілася прапанова зладзіць мітынг на плошчы Бангалор, з чым арганізатары і пагадзіліся пры ўмове, што шэсце рушыць туды ад плошчы Якуба Коласа.

Усяго сабралася больш за 30 тысяч чалавек, якія прайшлі ўзгодненым з уладамі маршрутам. Аднак падчас шэсця здарылася прыкрая сітуацыя: сілавікі ў чорным напалі на некалькі дзясяткаў чалавек на плошчы Якуба Коласа, а таксама затрымалі гукавую апаратуру. На наступны дзень міліцыянты быццам бы «папрасілі прабачэння», але гэта сведчыла пра пэўны пералом. Пасля 2000 года ніводзін «Чарнобыльскі шлях» больш не набіраў тых маштабаў, якія меў у 1989 і 1996–2000 гадах, і праводзіўся паводле вызначанага ўладамі сцэнара – са зборам на плошчы Бангалор.
2012 год. «Не – Чарнобыльскай АЭС»
Шэсце ў 2012 годзе праходзіла пад знакам пагрозы, супраць якой і задумвалася сама акцыя. Рэч у тым, што ў Беларусі распачыналася будаўніцтва АЭС у Астраўцы, а свет у гэты час перажываў наступствы аварыі на найлепшай японскай станцыі – Фукусіме-1, – якая адбылася 11 сакавіка 2011 года.

Але гэта не дапамагло зрабіць шэсце масавым, як было ў 1990-ыя: сабраліся ўсяго каля 1,5 тысячы чалавек. Акцыя была дазволеная ўладамі, шэсце прайшло ад Нацыянальнай акадэміі навук да парку Дружбы народаў, дзе адбыўся мітынг і ўскладанне кветак да царквы ў гонар абраза Маці Божай «Адшуканне загінулых».
Плошчу перад Акадэміяй навук загадзя абгарадзілі турнікетамі і запускалі на пляц толькі пасля правярання амапаўцамі, пры гэтым яны праглядалі нават надпісы на плакатах. Побач на ўсялякі выпадак дзяжурылі мікрааўтобусы з сілавікамі. Сярод прысутных арганізацыяў была і расейская партыя «Яблоко», якая ўзняла расцяжку «Нет – АЭС». Некалькі актывістаў «Гавары праўду» зладзілі перформанс, раздаючы харчы і кажучы, што тыя былі вырабленыя з прадукцыі, якая вырасла на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. На чале калоны ішлі Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч, якія неслі абраз Маці Божай ахвяраў Чарнобылю.
Акрамя лозунгаў супраць Астравецкай АЭС, гучалі і лозунгі за вяртанне льготаў чарнобыльцам, якія былі адмененыя ў 2007 годзе, а ў 2009 годзе ў Беларусі ў дакументах увогуле знікла паняцце «ліквідатар», замененае на ўсяго толькі «пацярпелы». Нягледзячы на поўнае выкананне дамоўленасцяў арганізатараў шэсця з уладамі, сілавікі ўсё роўна затрымалі падчас акцыі каля 40 чалавек.
Астравецкую АЭС абяцалі пабудаваць да 2018 года, але ў выніку запусцілі толькі ў жніўні 2020 года. Яна ўвесь час прыцягвае да сябе ўвагу праз праблемы з бяспекаю і выклікае асаблівы непакой у нашых суседзяў, літоўцаў.

2023. «Не – ядравай зброі ў Беларусі»
У 2023 годзе «Чарнобыльскі шлях» упершыню шырока прайшоў за мяжой. Яго ўдзельнікамі былі прадстаўнікі беларускай дыяспары. Ён ахапіў 12 гарадоў Еўропы, а таксама Таронта (Канада) і Нью-Ёрк (ЗША). Шэсці праходзілі пад лозунгам «Не – ядравай зброі ў Беларусі». Такая пагроза пачала нарастаць пасля заявы Уладзіміра Пуціна 25 сакавіка, што Аляксандр Лукашэнка неаднаразова прасіў яго пра ядравую зброю. А 31 сакавіка ўжо сам самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў перад Нацыянальным сходам, што быццам бы ў Беларусі ўжо ёсць самая страшная зброя ў свеце, якая «ў два-тры разы мацнейшая за Хірасіму і Нагасакі».
Галоўныя падзеі «Чарнобыльскага шляху» ладзіліся ў Варшаве і Вільні. У сталіцы Літвы шэсце прайшло ад Лукішскай плошчы да скверу імя Барыса Нямцова, дзе размешчаная расейская амбасада, а ў сталіцы Польшчы – ад помніка Мікалаю Каперніку да мемарыялу ў гонар адкрывальніцы радыеактыўнасці Марыі Складоўскай-Кюры.
,,«Няма нічога больш важнага, чым сёння паказаць сваю салідарнасць з беларусамі, з тымі, хто ў нашай краіне не можа свабодна сказаць: "Не – ядравай зброі ў Беларусі". Але мы ведаем гэтыя лічбы: 76 % беларусаў выступаюць супраць размяшчэння ў краіне ядравай зброі. Гэта азначае, што тэма ядравай бяспекі аб'ядноўвае беларусаў нашмат больш, чым пратэсты ці нават выбары», – казала падчас выступу прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык.
Усяго ў 2023 годзе ў «Чарнобыльскім шляху» ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Сёння шэсці зноў адбудуцца ў розных гарадах свету.
Барыс Булат belsat.eu