навіны

Гарэла нават каля саркафагу ў Прыпяці: пажары на мяжы з Украінай узнікаюць адзін за адным, але ўлады гавораць не ўсё

Пажар на поўдні Беларусі.
Пажар на поўдні Беларусі. Фота: Мінлясгас
podpis źródła zdjęcia

Гарачае надвор’е і сухое паветра спрыяюць новай хвалі пажараў на поўдні Беларусі. Асабліва напружаная сітуацыя – у Лельчыцкім раёне на Гомельшчыне. Летась тут таксама гучала трывога з прычыны агню, але цяпер маштабы і частата выпадкаў набываюць сістэмны характар. Некаторыя пажары пераходзяць з тэрыторыі суседняй Украіны, а ў асобных выпадках – застаюцца без тлумачэння прычынаў з боку ўладаў.

Як паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, 21 красавіка зноў адбыўся лясны пажар у Мілашэвіцкім лясгасе. У гэты ж дзень пра пажар паведамілі і са Столінскага раёну, што суседнічае з Лельчыцкім.

 

Цікава, што за дзень да гэтага, 20 красавіка, міністэрства ўжо расказвала пра ліквідацыю трансмежнага пажару ў тым самым Мілашэвіцкім лясгасе. Тады прычынай назвалі пераход агню з тэрыторыі Украіны. Паводле афіцыйнай інфармацыі, пажар пашкодзіў дзясяткі гектараў ляснога фонду. А вось пры чарговым узгаранні пра ўкраінскі след ужо не згадваецца. Пра канкрэтныя прычыны загарання – таксама ні слова.

 

Спадарожнікавыя звесткі NASA: агонь па абодва бакі мяжы

 

Пры гэтым, як заўважыў «Флагшток», спадарожнікавая сістэма маніторынгу пажараў FIRMS NASA адлюстроўвае інтэнсіўныя ачагі ўзгарання не толькі ў Лельчыцкім і Ельскім раёнах Беларусі, але і на ўкраінскай Жытоміршчыне і нават у Кіеўскай вобласці. Асобна зафіксаванае адкрытае гарэнне 21 красавіка проста на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС – каля саркафагу ў горадзе Прыпяць.

Скрыншот мапы пажараў NASA за 20–22 красавіка 2025 года. Фота: Флагшток
Скрыншот мапы пажараў NASA за 20–22 красавіка 2025 года. Фота: Флагшток

Але ў гэты ж дзень, раніцаю 22 красавіка, у тэлеграм-канале Мінлясгасу з'явілася наступнае паведамленне:


«Памятаеце, мы паказвалі вам, як напярэдадні гарэлі лясы ў Палескім лясгасе? Дзякуючы зладжаным дзеянням работнікаў лясной гаспадаркі і МНС пажар удалося лакалізаваць. Ранішнімі фотаздымкамі і відэа з намі падзяліўся першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун. Другія содні запар ён працягвае працаваць у самым складаным з пункту гледжання пажарнай небяспекі рэгіёне».


Ні пра які пажар ля Чарнобылю ні ў гэты дзень, ні ў папярэдні, як і пра сітуацыю з радыяцыйнай абстаноўкай афіцыйны тэлеграм-канал ведамства не пісаў.

 

Пажар у Лельчыцкім раёне 21 красавіка 2025 года. Фота: Мінлясгас
Пажар у Лельчыцкім раёне 21 красавіка 2025 года. Фота: Мінлясгас

Пры гэтым на мапе NASA бачна, што яшчэ адзін буйны пажар узнік ля стыку межаў Беларусі, Украіны і Расеі – побач з вядомым манументам Дружбы народаў. Там дакладна гарэла памежная паласа на расейска-ўкраінскім баку. Што адбываецца цяпер – пакуль невядома.

 

На поўдні Беларусі ўзровень пажарнай небяспекі застаецца максімальна высокім. Але справа не толькі ў прыродзе. У мясцовых пабліках і ад відавочцаў паступаюць сігналы, што ўзгаранні маглі быць справакаваныя вайсковымі дзеяннямі, у тым ліку абстрэламі на мяжы Расеі і Украіны. Асабліва калі гаворка пра тэрыторыю, дзе ажыццяўляецца ўзмоцнены памежны кантроль і куды звычайныя грамадзяне не маюць доступу.

 

Таксама не варта забываць, што частка беларускіх лясоў на мяжы з Украінай застаецца пад кантролем вайскоўцаў. І акурат у гэтых раёнах рэгулярна фіксуюцца новыя ачагі агню.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10