Шуфлядка

Выспы, неаготыка і рэкі з белым пяском. Топ-5 маршрутаў па Беларусі на доўгія выходныя

Грумбіненцкі пляж на Блакітных азёрах. Фота: Алег Рамейка / golubyeozerabelarus.by
Грумбіненцкі пляж на Блакітных азёрах. Фота: Алег Рамейка / golubyeozerabelarus.by
podpis źródła zdjęcia

Ужо на гэтым тыдні беларусаў чакаюць доўгія выходныя: калі дадаць да святаў два дні свайго адпачынку, можна зладзіць сапраўдныя канікулы на восем дзён. Нядаўна «Белсат» расказваў, куды танна злётаць з візай, а цяпер прапануем пяць маршрутаў, куды паехаць на прыроду і зачапіць па дарозе славутасці.

Выганашчанскі заказнік – некранутая прырода, Цар-дуб, Агінскі канал і азёры з белым пяском

Выганашчанскі заказнік у 2,5 разу меншы за Белавежскую пушчу, а на 94 % яго тэрыторыі ніколі не ступала нага чалавека. Але нават пакінутай адкрытаю для турыстаў часткі хопіць на тыдзень прыгодаў, і яшчэ на гады ўспамінаў. І ўсё гэта ўсяго за тры гадзіны язды ад Менску і за дзве – ад Берасця.

На тэрыторыі заказніку шэсць азёраў. Раім наведаць Выганашчанскае (Выганаўскае) – велізарнай працягласці, але пры гэтым неглыбокае (максімальная глыбіня ўсяго 2,7 метра), а таксама Бабровіцкае – памерам меншае, але глыбейшае (да 8 метраў). На абодвух азёрах ёсць дробныя пясчаныя берагі, дзе ў добрае надвор'е можна выкупацца, а ў халоднае – пасядзець на ціхай прыстані ды паназіраць за бабрамі і чаплямі, якіх тут вельмі шмат.

Тут можна сустрэць практычна ўсю фаўну Беларусі – ад аленяў і барсукоў да рысяў і ваўкоў. Але больш за ўсё тут птушак: бэрдўотчары з усяго свету з'язджаюцца ў заказнік, каб паназіраць за 221 відам птушак. Зорка запаведніку – велізарная барадатая кугакаўка.

Барадатая кугакаўка ў заказніку. Фота: vygon.by
Барадатая кугакаўка ў заказніку. Фота: vygon.by

На возеры Выганашчанскае ёсць важны гістарычны аб'ект – суднаходны Агінскі канал, які раней злучаў Чорнае і Балтыйскае мора і лічыўся інжынерным цудам XVIII стагоддзя.

Яшчэ адзін важны пункт, якога нельга абысці: на могілках у вёсцы Бабровічы можна абняць адзін з найстарэйшых дубоў Беларусі. Ягоны ўзрост складае каля 600 гадоў, вышыня – 18 метраў, а ахоп – амаль 7,5 метра. Да 2022 года побач расло шмат іншых векавых дубоў, але іх ужо спілавалі.

Бонус да маршруту – закінутыя ДАКі часоў Першай сусветнай вайны і музей – хата палешука.

Лепш ехаць у заказнік невялікай кампаніяй і браць экскурсавода: цэны тут куды ніжэйшыя, чым у турыстычнай Белавежскай пушчы, а да самых цікавых выспаў можна дабрацца толькі на чоўне. Акрамя таго, работнікі заказніку настолькі любяць сваю справу, што з лёгкасцю складуць маршрут асабіста для вас і проста засыплюць па дарозе цікавымі фактамі. Раім браць ад гэтай паездкі ўсё: дакладней, «экстрэмальны маршрут» з начлегам на выспе ля вогнішча.

У Бярэзінскім запаведніку можна паназіраць за бусламі і іншымі птушкамі. Фота: berezinsky.by
У Бярэзінскім запаведніку можна паназіраць за бусламі і іншымі птушкамі. Фота: berezinsky.by

Байдаркі і балоты Бярэзінскага запаведніку, жыццё ў лесе, неаготыка і магіла Багушэвіча

Усяго за паўтары гадзіны язды ад Менску знаходзіцца адзіны запаведнік краіны – Бярэзінскі, – дзе ў натуральным асяроддзі можна сустрэць лася, зубра, мядзведзя (іх тут больш за 75 асобінаў!), ваўка і рысь. Месца не тое каб невядомае, але ў ім ёсць шмат невідавочных варыянтаў, незнаёмых турысту. Калі заняцца арганізацыяй загадзя, можна зладзіць сапраўды незабыўны адпачынак (дзень у дзень вам наўрад ці ўдасца знайсці нешта годнае).

Па дарозе туды звярніце ўвагу на 122-і кіламетр трасы М3. Пад ёй ёсць адмысловыя тунэлі для перамяшчэння жабаў і іншых земнаводных: падчас міграцыі гэтыя тунэлі ратуюць жыццё тысячаў істотаў. Вы можаце смела прапусціць усе музеі на тэрыторыі запаведніку, а таксама сумны заапарк з жывёлінамі ў цесных вальерах і зарэзерваваць экскурсію з гідам. Пераконваем, што час сумных экскурсіяў скончыўся: цяпер там можна зладзіць сапраўднае сафары!

Напрыклад, раім адправіцца на пяцігадзінную экскурсію «Людзі на балоце», паслухаць «салаўіныя ночы», сплавіцца па рацэ на байдарках або паназіраць за барсукамі ці бурымі мядзведзямі ў іх натуральным асяроддзі (назіраць можна за рознымі жывёлінамі ў залежнасці ад пары года). Ці наогул скласці індывідуальны маршрут па ўсім запаведніку на свой густ. Бярыце фотаапарат, маладога гіда – і смела вывучайце рэдкія расліны ды назірайце самых рэдкіх жывёлінаў і птушак на адлегласці выцягнутай рукі.

Комплекс «Кардон Доўгае», аточаны з усіх бакоў лесам і велізарным возерам. Фота: lepelles.by
Комплекс «Кардон Доўгае», аточаны з усіх бакоў лесам і велізарным возерам. Фота: lepelles.by

Калі застануцца сілы, раім заехаць у вёску Бірулі паглядзець на археалагічны комплекс з курганам IX стагоддзя ці на старадаўнія могілкі ва Ушачах, дзе знаходзіцца магіла Рыгора Барадуліна і амаль егіпецкая піраміда – капліца-пахавальня Завішаў. Там жа – драўляная школа, дзе калісьці вучыўся Кандрат Крапіва. За паўгадзіны язды ад Ушачаў размешчаны аграгарадок Багушэвічы з невялікім, але вельмі прыгожым неагатычным касцёлам Божага Цела – калісьці гэта была фамільная пахавальня мясцовых князёў.

Экскурсія зацягнецца мінімум на дзень, таму варта загадзя падбаць пра начлег – усё ж гэта вядомая турыстычная зона. Але замест таго каб спыняцца ў сядзібах пры запаведніку, раім выдаткаваць паўгадзіны на дарогу і трапіць у сапраўдны рай для інтраверта. За 15 кіламетраў ад Лепелю, у вёсцы Слабодка, ёсць комплекс мясцовага лясгасу «Кардон Доўгае», акружаны з усіх бакоў лесам і з велізарным возерам проста перад комплексам. Калі вы ранняя пташка, то абавязкова сустрэнеце непадалёк ад дому аленяў і лісаў. На адасобленай тэрыторыі ёсць тры хаткі, якія змесцяць ад чатырох да дванаццаці чалавек. Бонусам – лазня, альтанкі, катамараны, ровары, лодкі і вуды для рыбалкі.

600-гадовы дуб у вёсцы Бабровічы. Фота: ruinsandmore.com
600-гадовы дуб у вёсцы Бабровічы. Фота: ruinsandmore.com

Нясвіжскі замак, масаж стопаў у Завітанскім лесе, дом Адама Міцкевіча і абдыманкі з рыссю

Рэзідэнцыя Радзівілаў у прадстаўленні не мае патрэбы – там абавязаны пабываць кожны беларус. Таму раскажам, што паглядзець у ваколіцах пасля гэтага.

Па-першае, гэта самая незвычайная экасцежка ў краіне. Экасцежак па ўсёй Беларусі больш за 70, самыя вядомыя – на балоце Ельня і на Блакітных азёрах. А вось адна з найбольш незвычайных знаходзіцца ўсяго за 15 хвілінаў язды ад Нясвіжскага замку. Экалагічная сцежка «Чароўны свет Завітанскага лесу» – гэта дзясяткі інтэрактыўных гульняў, загадак, перашкодаў, саламяныя хаты, лабірынт. Там жа ёсць Басаногая сцежка па розных прыродных матэрыялах, дзе можна атрымаць масаж стопаў! Тут дакладна спадабаецца дарослым і дзецям, плюс на шляху вельмі шмат месцаў для адпачынку.

Побач з замкам таксама размешчаная сядзіба Якуба Наркевіча-Ёдкі – беларускага Нікалы Тэслы. Тут жа навуковец арганізаваў санаторый «НадНеман», дзе прымяняў вынайдзеныя ім метады электратэрапіі і электраграфіі на мясцовых жыхарах. Тут жа месцілася першая ў Беларусі метэаралагічная станцыя. Магіла навукоўца знаходзіцца на сямейных могілках ля дому. Цяпер сядзібу аднаўляюць за кошт ахвяраванняў мясцовых жыхароў і турыстаў.

Басаногая сцежка для масажу стопаў у Завітанскім лесе. Фота: izi.travel
Басаногая сцежка для масажу стопаў у Завітанскім лесе. Фота: izi.travel

За 40 хвілінаў язды, у Наваградку, ёсць адразу два дамы, звязаныя з іншым вядомым беларусам – Адамам Міцкевічам. Дом-музей Адама Міцкевіча існуе дагэтуль збольшага дзякуючы таму, што яго сто гадоў таму аднавіла Польшча. А за 18 кіламетраў ад гораду, у вёсцы-прывідзе Завоссе, стаіць драўляны дом XVIII стагоддзя, дзе калісьці нарадзіўся паэт. Цяпер у музеі няма аніводнай ягонай асабістай рэчы, з тых часоў тут засталіся толькі ліпа і невялікая сажалка непадалёк.

Паблізу, у лесе, можна знайсці таксама загадкавы трохметровы манумент, тры крыжы з фігурай арла, паходжанне якога дагэтуль выклікае спрэчкі. Там жа – ДАКі Першай сусветнай вайны і зарослая вузкакалейка, якая ідзе на шмат кіламетраў па ўсёй мясцовасці.

За гадзіну язды ад замку, у вёсцы Дзекалы, знаходзіцца адзіная аграсядзіба ў Беларусі, дзе жывуць некалькі дзясяткаў выратаваных рэдкіх жывёлінаў. У «Нацюрліх» можна ўбачыць ваўкоў, хатнюю рысь, янотаў, лісаў, буслоў, соваў і нават мядзведзя! У адрозненне ад заапаркаў, у іх вельмі годныя ўмовы пражывання. Бонусам – смачная гарбата і выпечка ад гаспадароў.

Апошняя кропка маршруту знаходзіцца ў невялікім паселішчы Паўлінава: гэта закінутая сядзіба Бохвіцаў у неагатычным стылі, пабудаваная ў 1906 годзе. Сядзіба стаіць на невялікім возеры з крышталёва блакітнай вадой.

Рысь Вялес у аграсядзібе «Нацюрліх». Фота: instagram.com / agrousadba_naturlich
Рысь Вялес у аграсядзібе «Нацюрліх». Фота: instagram.com / agrousadba_naturlich

Блакітныя азёры, Гервяты і вельмі шмат помнікаў неаготыкі

Калі вы маеце намер правесці першыя цёплыя дні абавязкова ля вады, дык лепш зрабіць гэта ў нацыянальным парку «Блакітныя азёры» на Нарачы, чым на Браслаўскіх азёрах. Адпачывальнікаў тут крыху меней, а славутасцяў паблізу – больш.

У ваколіцах вёскі Альшэва ёсць 14 азёраў, адсюль жа пачынаецца экалагічная сцежка нацыянальнага парку, якую можна наведаць самастойна або з гідам. Ёсць тры маршруты рознай складанасці, для ўсіх на сайце парку ёсць аўдыягід. Знаходзіцца на тэрыторыі запаведніку можна толькі на вызначаных для шпацыру экасцежках, так што варта таксама браць гіда, які пакажа самую халодную крыніцу Еўропы, шчолачнае возера, серавадародную крыніцу і яшчэ прымусіць часцей глядзець пад ногі, дзе растуць розныя рэдкія расліны.

Увесь маршрут праходзіць па вельмі пагорыстым сасновым лесе, таму на раніцу прыемны боль у цягліцах вам забяспечаны.

На сцежцы можна будзе сустрэць чатыры возеры: Глубля, Глубелька (у форме сэрца), Мёртвае, Ячмянёк. Дарэчы, ад возера Глубля і пайшла назва заказніку: яно яскрава-блакітнага колеру дзякуючы адкладам сапрапелю на дне. 

Возера Глубелька. Нацыянальны парк «Блакітныя азёры» на Нарачы, Беларусь. Фота: Уладзіслаў Аляксеявец / wikipedia.org
Возера Глубелька. Нацыянальны парк «Блакітныя азёры» на Нарачы, Беларусь. Фота: Уладзіслаў Аляксеявец / wikipedia.org

Па бурнай рацэ Страча можна адправіцца ў экстрэмальны сплаў на байдарках: вас чакаюць перакаты, вадаспады і шматлікія перашкоды, таму будзьце гатовыя шмат разоў вымакнуць.

У вёсцы Нарач абавязкова зазірніце ў неагатычны касцёл Святога Апостала Андрэя 1902 года пабудовы.

Ад'ехаўшы на 40 хвілінаў ад парку, у Гервяты, можна палюбавацца адной з самых прыгожых архітэктурных пабудоваў Беларусі – касцёлам Святой Тройцы, а побач з ім – выдатным вадзяным млынам XIX стагоддзя. За тры кіламетры ад касцёлу захавалася капліца Святога Станіслава – адна з рэдкіх каталіцкіх капліцаў XIX стагоддзя.

За 15 хвілінаў язды ад Нарачанскага нацыянальнага парку, у вёсцы Засвір, можна знайсці руіны кляштару кармелітаў і некалькі драўляных цэркваў. А ў вёсцы Шэметава можна паглядзець на руіны сядзібы Скірмунтаў – адной з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі, якой больш за стагоддзе валодалі вядомыя сем'і ВКЛ і Рэчы Паспалітай. На жаль, як і большасць старадаўніх сядзібаў у Беларусі, яна практычна разбураная.

Касцёл Святой Тройцы. Гервяты, Беларусь, 2018 год. Фота: Сяргей Плыткевіч / planetabelarus.by
Касцёл Святой Тройцы. Гервяты, Беларусь, 2018 год. Фота: Сяргей Плыткевіч / planetabelarus.by

Драўляная экасцежка «Святыя крыніцы» і векавыя дубы ўсяго за паўгадзіны ад Менску

Зусім неахвота ехаць далёка? Тады экасцежка «Святыя крыніцы», што за 45 кіламетраў ад Менску, акурат для вас!

На гэтай экасцежцы непадалёк Радашковічаў ёсць 14 крыніцаў, якія сцякаюцца ў ручаі і ўпадаюць у невялікую рэчку Удру, што нясе сваю ваду праз шматлікія вадаспады і рэкі ў Балтыйскае мора.

Экасцежка «Святыя крыніцы». Фота: 34travel.me
Экасцежка «Святыя крыніцы». Фота: 34travel.me

Выкарчаваныя і парослыя зялёным мохам дрэвы, спеў птушак і хлюпанне балота пад нагамі ствараюць атмасферу закінутага казачнага лесу. Быццам ты і не каля сталіцы.

За паўгадзіны язды месціцца Лысая гара – другая паводле вышыні ў краіне пасля Дзяржынскай. З яе адкрываецца нядрэнны від на наваколле. Раім з яе спусціцца да вёскі Карпілаўка, каб паглядзець на два шматвяковыя дубы, якія згадваюцца ў апавяданні «Дуб-дзядуля» Ядвігіна Ш. А непадалёк – і руіны сядзібы пісьменніка.

Тэса Анэйда / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10