навіны

Беларусы не абавязаныя ўдзельнічаць у суботніку. Вось як іх абараняе закон

Суботнік 20 красавіка 2024 года. Фота: ЖКХ Минск Официально / Telegram
Суботнік 20 красавіка 2024 года. Фота: ЖКХ Минск Официально / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У ініцыятыве «Гэта наш горад» расказалі, ці абавязаныя беларусы ўдзельнічаць у суботніках і як ад гэтага можна абараніцца, калі няма ахвоты браць удзел. Рэспубліканская акцыя пройдзе ўжо ў гэтую суботу.

У ініцыятыве падкрэсліваюць, што, паводле пастановы Савету Міністраў, суботнік праводзіцца «выключна на добраахвотнай аснове», а ў працоўным заканадаўстве Беларусі няма паняцця «суботнік» як абавязковай падзеі.

,,

«З добраахвотнага статусу суботніку выцякае галоўнае права работніка: адмовіцца ад удзелу без якіх-небудзь негатыўных наступстваў. Кожны працаўнік мае права вызначыць, ці будзе ён удзельнічаць», – адзначае ініцыятыва «Гэта наш горад».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: gomelzlin.by

«Атлант» сыходзіць у прастой, а «СтанкаГомель» адпачывае за «свой кошт»

навіны

Паколькі арт. 137 Працоўнага кодэксу абвяшчае, што выходныя дні належаць работніку і ён вольны распараджацца імі сам, то «адмова ад суботніку не лічыцца дысцыплінарнай правінай і не можа пацягнуць пакаранняў».

«Наймальнік не мае права патрабаваць ад работніка выйсці на суботнік пад пагрозай якіх-небудзь захадаў уздзеяння – прымусовая праца забароненая законам», – кажуць у ініцыятыве.

Там адзначаюць, што «нават калі вы папярэдне пагадзіліся ўдзельнічаць, вы маеце права перадумаць і не з'явіцца – нявыхад на добраахвотны суботнік у свой выходны не лічыцца прагулам і не цягне дысцыплінарнай адказнасці».

Калі суботнік праводзіцца ў ваш працоўны час, ён разглядаецца як частка працоўнага працэсу. Але пры гэтым удзел у ім усё адно ёсць добраахвотным, бо «наймальнік не можа прымусіць работніка выконваць не свае службовыя абавязкі пад выглядам суботніку ў працоўны дзень».

Той, хто не хоча ўдзельнічаць у суботніку нават у працоўны час, мае права заявіць пра гэта. У выніку вам давядзецца выконваць свае звычайныя працоўныя абавязкі ў гэты дзень, калі вы на працы.

Што датычыць пералічэння на суботнік нейкіх фінансавых сродкаў, то «сума і факт ахвяравання – цалкам на жаданне работніка».

,,

«Калі службовая асоба прадпрыемства паспрабуе сілком абавязаць вас удзельнічаць, яму пагражае адміністратыўная адказнасць. Закон прадугледжвае штраф для вінаватых службовых асобаў памерам ад 2 да 20 базавых велічынь за прымус работніка да ўдзелу ў суботніку», – тлумачыць ініцыятыва «Гэта наш горад».


Калі суботнік праводзіцца ў працоўны час, а вы не хочаце аддаваць заробленых грошай, вам абавязаныя выплаціць ваш заробак за гэты дзень у звычайным парадку. За нявыплату заробленых грошай у такім выпадку наймальнік можа быць аштрафаваны на 4–50 базавых велічынь (ч. 3 арт. 10.12 КаАП).

Сёлета рэспубліканскі суботнік пройдзе 12 красавіка. Летась на акцыі сабралі больш як 15,8 млн рублёў. Гэта на 13,1 % больш, чым у 2023 годзе. У суботніку афіцыйна ўзялі ўдзел 2,4 млн чалавек.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10