Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1129 дзён. Перспектываў хаця б часовага спынення агню не відаць, Расея рыхтуе новы наступ. Што адбываецца на вайне і вакол яе – у аглядзе «Белсату».
Паводле зводкі Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулы дзень былі зафіксаваныя 209 баявых сутыкненняў – колькасць баёў зменшылася ў лютым, але стала расці ў сакавіку. Найбольш баёў па-ранейшаму на пакроўскім кірунку, шмат таксама на купянскім, ліманскім, тарэцкім, навапаўлаўскім і ў Курскай вобласці Расеі.
Маніторынгавы праект «Deep State» адзначае невялікія прасоўванні расейскіх войскаў у трох месцах на Данбасе, утрыманне ініцыятывы ўкраінскімі войскамі на асобных участках каля Пакроўску. Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны заўважае прасоўванні ўкраінскіх войскаў каля Баравой, Тарэцку, Пакроўску і Курахава, расейскіх – каля Ліману, Тарэцку і Пакроўску, а таксама на захадзе Запарожскай вобласці. У нядаўнім інтэрв’ю «Le Figaro» прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказваў, што Расея рыхтуе вясновы наступ на Сумскую і Харкаўскую вобласці.
З расейскіх стратаў ЗСУ налічылі за мінулы дзень 1860 вайскоўцаў забітымі або цяжка параненымі, 17 падбітых танкаў, 16 браняваных машынаў, 122 артылерыйскія сістэмы, 1 сістэму залпавага агню, 201 аўтамабіль.
За мінулы дзень расейскія войскі нанеслі па Украіне 98 авіяўдараў 157 авіябомбамі, учынілі 6430 абстрэлаў, з іх 222 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, ужылі 2911 дронаў-камікадзэ рознага тыпу. За ноч расейскія войскі запусцілі па Украіне 163 ударныя беспілотнікі тыпу іранскіх «Shahed», з іх 89 былі збітыя, а 51 – «лакацыйна страчаныя» без наступстваў. Расейская атака прывяла да пажараў у Адэскай і Палтаўскай вобласцях, у Палтаве і Днепрапятроўскай вобласці была пашкоджаная энергетычная інфраструктура.
Украіна таксама, падобна, атакавала Расею беспілотнікамі: Міністэрства абароны Расеі заявіла пра атаку дзясяткамі беспілотнікаў па сямі вобласцях, у Саратаве абмяжоўвалі працу аэрапорту.
Украіна і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў у Саудаўскай Аравіі 25 сакавіка абвяшчалі, што яны і Расея пагадзіліся спыніць удары па энергетычнай інфраструктуры. Расея выказала іншую версію таго, на што дамовіліся, але сярод іншага заявіла пра спыненне ўдараў па энергетыцы Украіны прамінулым днём, з 18 сакавіка і на 30 дзён. Як да гэтай заявы, так і пасля яе ўдары па энергетычнай інфраструктуры не спыніліся.
Зяленскі дзень раней казаў, што чакае абяцанай рэакцыі ЗША на ўдары Расеі па ўкраінскай энергетыцы. Маўляў, калі Амерыка адкажа на гэта, то будзе давер да Амерыкі і яе прэзідэнта, а калі замест адказу і санкцыяў будзе толькі абмяркоўвацца паслабленне санкцыяў супраць Расеі, даверу не будзе. Ён таксама заявіў, што гатовы да любога фармату перамоваў, у тым ліку да беспасярэдніх з Уладзімірам Пуціным, але «Пуцін проста хоча вайны». Наступны раўнд перамоваў Расеі і ЗША чакаецца «прыблізна ў сярэдзіне красавіка», сцвярджаюць крыніцы расейскага дзяржаўнага агенцтва ТАСС.
Працу над новымі санкцыямі пакуль распачаў толькі Еўразвяз. 27 сакавіка ў Парыжы адбылася сустрэча лідараў краінаў, якія падтрымліваюць Украіну. Яна была ў тым ліку сустрэчаю патэнцыйнай «кааліцыі ахвочых» увесці міратворцаў ва Украіну, але, як піша «The New York Times», Францыя, Злучанае Каралеўства, Італія і Польшча разышліся ў бачанні місіі. Тым не менш бакі пагадзіліся працягнуць падтрыманне Украіны – нават калі без дапамогі ЗША. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і брытанскі прэм’ер Кір Стармэр завочна засцераглі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа: Пуцін «гуляе ў гульні» са Штатамі і не хоча спыняць агню.
Штаты тым часам прапануюць Украіне ўсё новыя ўмовы пагаднення аб карысных выкапнях. Паводле «Bloomberg» і «Financial Times», новая версія прадугледжвае кантроль ЗША над усімі прыроднымі рэсурсамі Украіны на ўсёй яе тэрыторыі, атрыманне прыбытку са здабычы выкапняў і выплату адсоткаў, а таксама шмат іншых умоваў, але не гарантыяў бяспекі. Зяленскі адзначаў, што ўмовы стала мяняюцца, пра ўгоду казаць рана, але Украіна гатовая абмяркоўваць яе, каб не даваць ЗША падставаў спыняць дапамогу і абмен звесткамі выведкі. Украінскае выданне «Європейська правда» заяўляе, што новая дамова пераходзіць усе раней узгодненыя «чырвоныя лініі».
Пуцін жа 27 сакавіка прапанаваў увесці ва Украіне вонкавае кіраванне пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, ЗША і Еўразвязу, каб правесці новыя выбары і прывесці да ўлады ўрад, з якім ён зможа весці перамовы. Пуцін таксама выступіў на падтрыманне прэтэнзіяў прэзідэнта ЗША Трампа на Грэнландыю. На прапанову пра вонкавае кіраванне Украінаю не адказвалі на афіцыйным узроўні, але прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША сказаў «Reuters», што кіраванне Украінаю вызначаецца яе Канстытуцыяй і воляю народу. А дарадца прэзідэнта Украіны Дмытро Лытвін у X параіў Пуціну «прыняць таблеткі».
Алесь Наваборскі belsat.eu