Беларусаў у сакавіку чакае неабходнасць разабрацца з падаткамі. Чыноўнікі змогуць прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Таксама зменяцца правілы ацэнкі плацежаздольнасці, увядуцца абмежаванні адносна тых, хто можа рэпрэзентаваць Беларусь за мяжою. Гэта і не толькі – у нашым аглядзе.
Новыя паўнамоцтвы старшыняў выканкамаў
1 сакавіка пачынае дзеяць указ № 74 «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». Дакумент дазволіць кіраўнікам выканкамаў прызначаць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў. Таксама ён пашырае фінансавыя магчымасці выканкамаў, дае ім права «актыўна залучаць грамадзянаў і арганізацыі ў агульную справу для навядзення парадку ў краіне», дазваляе браць удзел ва ўзгадненні рашэнняў для спынення дзейнасці важных для раёну аб'ектаў або прыпыненні дзейнасці арганізацыяў.
Крэдыты падаражэюць
Нацыянальны банк зацвердзіў значэнні разліковых велічыняў стандартнай рызыкі (РВСР) на сакавік. Яны зменены ўпершыню са жніўня 2024 года. Паводле новых крэдытаў у рублях, акрамя ільготных, нададзеных юрыдычным асобам, РВСР складзе 12,87 % гадавых (было 12,5 %), фізічным – 18,18 % гадавых (было 17,71 %). У звязку з ростам РВСР вырастуць і крэдыты, верхняя мяжа адсоткавых ставак якіх гэтая велічыня абмяжоўвае.
Паспець разабрацца з падаткамі
Фізічныя асобы, якія атрымалі ў 2024 годзе даходы, што падлягаюць падаткаабкладанню, абавязаныя не пазней за 31 сакавіка падаць у падатковую дэкларацыю для падаходнага падатку. Часцей за ўсё гэта датычыць даходаў, атрыманых за мяжой і з-за мяжы, ад продажу транспартавых сродкаў, аб'ектаў нерухомасці, а таксама ад дывідэндаў, паводле працоўных і грамадзянска-прававых дамоваў, калі такія даходы за падатковы перыяд перавысілі ў сукупнасці 200 000 рублёў.
Да 1 сакавіка ІП, адвакаты і натарыусы мусяць выплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы за 2024 год. Таксама выплата ўнёскаў у ФСАН датычыць рамеснікаў, самазанятых на адзіным падатку і ўладальнікаў аграсядзібаў.
Новыя правілы ацэнкі плацежаздольнасці
Банкі, лізінгавыя і мікрафінансавыя арганізацыі з 1 сакавіка пры заключэнні дамоваў з грамадзянамі будуць ацэньваць іхную крэдытаздольнасць (плацежаздольнасць), выкарыстоўваючы аднолькавыя падыходы. У прыватнасці, паказнік пазыковай нагрузкі пры заключэнні з дагавораў лізінгу і мікрапазыкі, як і пры наданні крэдытаў, не павінен перавышаць 40 %. Пры заключэнні дамовы лізінгу жылога памяшкання паказнік фінансавага пакрыцця не павінен перавышаць 90 %.

Акрамя таго, фінансавыя арганізацыі пры ацэньванні плацежаздольнасці мусяць будуць параўноўваць даход грамадзяніна, які застаўся пасля выплаты ўсіх плацяжоў, з памерам бюджэту пражыткавага мінімуму. Калі даход апынецца меншы за БМП, грамадзянін павінен быць праінфармаваны. Пры заключэнні дамовы мікразайму пад заклад рухомай маёмасці на суму да 10 базавых велічыняў паказнік пазыковай нагрузкі можа не разлічвацца.
Новыя тарыфы на роўмінг замест адмены
Улады Беларусі і Расеі гадамі абмяркоўваюць магчымасць адмяніць роўмінг паміж краінамі. Але пакуль толькі могуць прапанаваць «камфортныя тарыфы на роўмінг», якія пачнуць дзеяць з 1 сакавіка. Як заяўляецца, для беларускіх і расейскіх абанентаў на тэрыторыі дзвюх краінаў будуць даступныя паслугі ў тарыфах, супастаўных з коштам паслуг у хатняй сетцы. На працягу каляндарнага месяца абаненты змогуць выкарыстаць не менш за 300 хвіліназ бясплатных уваходных галасавых выклікаў і не менш за 5 Гб перадачы даных. Беларускія мабільныя аператары ўжо абнавілі свае тарыфы для гэтага.
Стаўкі медычных работнікаў вырастуць, але не ўсіх
Міністэрства аховы здароўя абяцае медыкам павышэнне ставак (але не ўсім). Гэтак, надбаўка за працу ў сферы аховы здароўя медработнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі з 1 сакавіка складзе 130 % акладу, медычным работнікам прыёмнага аддзялення і (палат) для пацыентаў з інсультам – 110 % акладу, медычным работнікам з сярэдняй спецыяльнай медычнай адукацыяй выязных брыгадаў – 120 % акладу, з 1 верасня – 130 %, з 1 снежня – 145 %, фельчарам выязных брыгадаў, якія выязджаюць па выкліку самастойна без дактароў, – 170 %.
Участковым медычным сёстрам, братам, памочнікам доктара ў амбулаторна-паліклінічнай дапамозе тэрытарыяльных участкаў, медычным сёстрам і братам агульнай практыкі, фельчарам, медычным работнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у тым ліку прынятым на пасаду служачага з прымяненнем наймення «старэйшы» надбаўка з 1 сакавіка складзе 110 % акладу, медработнікам з сярэдняй спецыяльнай медычнай адукацыяй, галоўнай медычнай сястры, галоўнаму медычнаму брату – 95 % акладу.
Абмежаванні ўдзелу ў спаборніцтвах
З 1 сакавіка набудзе моц указ № 459 «Аб рэпрэзентацыі Рэспублікі Беларусь на міжнародных захадах» за 9 снежня 2024 года. Згодна з ім, выкарыстанне словаў «Рэспубліка Беларусь», «Беларусь», «нацыянальны», «беларускі» ў назвах культурніцкіх, спартовых і адукацыйных імпрэзаў, мэта якіх – адабраць асобаў для іхнага рыхтавання да ўдзелу і (або) ўдзелу ў міжнародных імпрэзах ад імя Беларусі, дапускаецца толькі ў тым выпадку, калі арганізатарам захады выступае дзяржаўная арганізацыя.
Нацыянальная школа прыгажосці атрымлівае статус адзінага каардынатара ў арганізацыі і правядзенні нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь», адбораў прадстаўнікоў краіны для ўдзелу ў міжнародных конкурсах прыгажосці.
Рэпрэзентаваць Беларусь у міжнародных культурніцкіх, спартовых, адукацыйных імпрэзах стане магчыма толькі пры ўмове праходжання нацыянальнага адбору, скіравання ўдзельнікаў дзяржаўнай арганізацыяй або паведамлення дзяржаўнага органу пра намер узяць удзел у такой імпрэзе.

Больш рэгулявання коштаў на лекі
З 1 сакавіка спіс лекавых сродкаў, кошты на якія рэгулюе дзяржава, вырасце амаль утрая, то бок на 17 пазіцый, да 54. У абноўлены пералік увайшлі амоксіцылін, дыклафенак, кетаралак, мельдоній, фенібут ды іншыя.
Продаж ювелірных вырабаў
З 1 сакавіка юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць ліцэнзіі на дзейнасць, звязаную з каштоўнымі металамі, змогуць прадаваць праз інтэрнэт-крамы ювелірныя вырабы, вырабленыя ў Беларусі і маркіраваныя пэўным кодам. Новае правіла будзе дзеяць да 30 чэрвеня 2026 года.
Новы чартарны рэйс у ААЭ
На 2 сакавіка з Менску ў Рас-эль-Хайму (ААЭ) запланаваны старт новай чартарнай праграмы «Белавія» і «Тайм Ваяж». Беларусь і ААЭ на сёння звязваюць авіярэйсы ў Дубай. Каля 30 % усіх беларускіх турыстаў, якія адпачываюць у ААЭ, едуць у Рас-эль-Хайму.
Канікулы і дзень адчыненых дзвярэй
З 23 да 30 сакавіка беларускіх школьнікаў чакаюць вясновыя вакацыі. А 22 сакавіка ўва ўсіх ВНУ і каледжах Беларусі пройдзе адзіны дзень адчыненых дзвярэй з удзелам арганізацыяў – замоўцаў кадраў.
У Менску мяняюць маршруты транспарту
У звязку з адкрыццём новых станцыяў трэцяй лініі метро з 1 сакавіка ў Менску зменіцца схема руху некалькіх маршрутаў грамадскага транспарту. Гэтак, будзе запушчаны новы гарадскі аўтобусны маршрут № 56, які звяжа ДС «Дружную» з чыгуначнай станцыяй Менск-Паўднёвы. Акрамя таго, змяняецца траса аўтобусных маршрутаў №№ 73, 45 і 4, а маршрут № 82С заменяць тралейбусным маршрутам № 82.
Макар Мыш / АБ belsat.eu