Дэпартамент міграцыі Літвы ў 2024 годзе прызнаў пагрозай нацыянальнай бяспецы 598 беларусаў і 125 расейцаў, піша Delfi са спасылкай на міграцыйную службу.
Таксама летась 179 беларусам з 598, прызнаных пагрозай нацыянальнай бяспецы, Літва не выдала часовы дазвол на жыхарства, яшчэ 232 – не працягнула яго. 175 грамадзянам Беларусі дазвол на жыхарства ў Літве быў ануляваны.
Акрамя таго, тром беларусам не выдалі дазвол на сталае жыхарства ў Літве, а дзевецярых – пазбавілі яго.
З расейцаў 35 чалавек не атрымалі ВНЖ, 36-і дакумент не працягнулі. 24 грамадзяніна Расеі пазбавілі атрыманага раней часовага дазволу на жыхарства. У сталым дазволе на жыхарства Літва адмовіла 16 расейцам. Усім гэтым людзям забаранілі ўезд у краіну.
29 студзеня ўрад Літвы вырашыў працягнуць закон аб абмежаваннях для беларусаў і расейцаў да 2 траўня 2026 года. Ён быў прыняты ў 2023 годзе і ўключаў у сябе забарону для расейцаў на ўезд у краіну, набыццё нерухомасці і інш.
У 2024 годзе ў закон унеслі забарону на завоз у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і харчоў, вырабленых у Беларусі ці Расеі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu