4 студзеня ў Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны вецер, што можа прывесці да абрыву электралініяў і парушэння забеспячэння электрычнасцю.
Белгідраметэацэнтр прагназуе, што 4 студзеня надвор'е будзе воблачнае з праясненнямі. На большай частцы краіны чакаецца кароткачасовы снег. Месцамі магчымыя завеі, а на асобных участках дарог утворыцца галалёдзіца. У шмат якіх раёнах вецер будзе паўднёва-заходні і заходні хуткасцю 5–10 м/с, з парывамі да 15–20 м/с.
У звязку з моцнымі парывамі ветру МНС абвясціла аранжавы ўзровень небяспекі і папярэджвае пра магчымыя абрывы правадоў сувязі і электралініяў, падзенне дрэваў, а таксама спыненне забеспячэння электрычнасцю.
Тэмпература паветра сёння складзе ад 0 да 6 градусаў марозу.
У найбліжэйшыя дні захаваецца халоднае надвор'е: 5 студзеня тэмпература панізіцца да мінус 7 градусаў, 6 студзеня – да мінус 6.
Аднак з 7 студзеня чакаецца пацяпленне: тэмпература паветра падымецца, чакаюць ад 0 да 2 градусаў марозу.
Раман Шавель belsat.eu