«Alliance4Europe» і «Science Feedback» прадставілі справаздачу, прысвечаную няздольнасці буйных тэхналагічных платформаў выконваць санкцыі ЕЗ у дачыненні расейскіх і беларускіх прапагандыстаў.
Справаздача, з якой можна азнаёміцца тут, створаная на падставе выпадкаў, прадстаўленых «Science Feedback», «Alliance4Europe», «Democracy Reporting International», «Logically Facts», «Alliance for Securing Democracy – German Marshall Fund», «Prose Intelligence», «Södertörn University» і італьянскай Федэрацыяй правоў чалавека (FIDU). Яна сталася магчымаю дзякуючы платформе «Counter Disinformation Network», што аб’ядноўвае больш як 30 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, універсітэтаў, навінавых і фактчэкінгавых арганізацыяў і незалежных экспертаў, у асноўным з Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
Папярэднія справаздачы ў 2024 годзе ўжо адзначалі распаўсюджанасць санкцыянаваных суб’ектаў на платформах Meta, Google, TikTok, Telegram і X. Гэтыя справаздачы былі перададзеныя адпаведным платформам, але санкцыянаваны кантэнт не быў выдалены, выключэннем была толькі сацыяльная сетка TikTok.
Усяго выяўлена каля 370 патэнцыйных новых парушэнняў санкцыяў (у дадатак да папярэдніх 250), перадусім старонак у сацыяльных сетках з агульнай колькасцю падпісчыкаў больш як 23 мільёны карыстальнікаў. На ўсіх платформах, акрамя TikTok, 83 % уліковых запісаў падсанкцыйных арганізацыяў або асобаў, пра якія паведамлялася, застаюцца даступнымі ў ЕЗ.
Таксама былі заўважаныя новыя выпадкі ўхілення ад санкцыяў, што кажа пра тое, што гэтая праблема шырока распаўсюджаная і патэнцыйныя намаганні платформаў у барацьбе з ёю недастатковыя, гаворыцца ў справаздачы. Там адзначаецца, што з парушэннем аўтарскіх правоў медыяплатформы змагаюцца нашмат больш эфектыўна.
Шмат прапагандысцкіх уліковых запісаў, у тым ліку тых, што трапілі пад санкцыі, падобна, карыстаюцца праграмамі манетызацыі некаторых платформаў, у прыватнасці, размеркаваннем даходаў ад рэкламы (Telegram, YouTube) або падпіскаю (Facebook). Гэта дазваляе ім знаходзіць альтэрнатыўнае фінансаванне.
,,«Увогуле, улічваючы лёгкасць, з якой быў знойдзены такі незаконны кантэнт, каманды забеспячэння адпаведнасці Meta, Google, X / Twitter, TikTok і Telegram павінны высветліць, чаму яны, відаць, не прынялі дастатковых захадаў для абмежавання доступу», – заяўляюць аўтары справаздачы.
Як абыходзяць санкцыі БТ і МЗКЦ
Большасць вядомых падсанкцыйных беларускіх дзяржаўных медыяканалаў маюць афіцыйную, бесперашкодную прысутнасць у ЕЗ на ўсіх платформах. На гэтых платформах выяўленыя 90 імаверных парушэнняў. Пры гэтым яны, падобна, пачуваюцца вальней за прапагандыстаў з Расеі.
«Хоць прававы рэжым для дзвюх краінаў аднолькавы, беларускія санкцыі прыцягнулі значна менш грамадскае ўвагі, чым тыя, што ўжываюцца да расейскіх суб’ектаў. Гэта неадпаведнасць прапануе цікавы тэст на тое, у якой ступені платформы непублічна робяць праактыўныя крокі для захавання рэжыму санкцыяў ЕЗ», – гаворыцца ў справаздачы.
Паводле яе, на ўсіх даследаваных платформах, з частковым выключэннем TikTok, афіцыйныя акаўнты найбольш вядомых санкцыянаваных беларускіх медыяў шырока дасяжныя, з вельмі невялікай колькасцю выяўленых прыкметаў мадэрацыі. Акрамя таго, іншыя падсанкцыйныя суб’екты, што не ёсць медыямі, у тым ліку тыя, што займаюцца вытворчасцю вайсковай тэхнікі, таксама маюць моцную прысутнасць на гэтых платформах, што, верагодна, супярэчыць забароне «надаваць ім эканамічныя рэсурсы», – гаворыцца ў дакуменце. Там адзначаецца, што «беларускія санкцыі – гэты сляпая пляма, калі гаворка ідзе пра захаванне платформамі рэжыму санкцыяў ЕЗ».
,,«Распаўсюджанасць з’явы і вядомасць знойдзеных акаўнтаў указвае на тое, што рэжым санкцыяў ЕЗ у дачыненні беларускіх суб’ектаў у значнай ступені ігнаруецца», – падкрэсліваюць аўтары справаздачы.
У дакуменце адзначаецца, што беларускія падсанкцыйныя медыі відавочна нацэленыя на еўрапейскую аўдыторыю. У прыватнасці, былі выяўленыя акаўнты Белтэлерадыёкампаніі, што выпускаюць кантэнт на літоўскай і польскай мовах. Пры гэтым, напрыклад, у акаўнце радыё «Беларусь» ёсць відэа пра тое, што пратэсты Еўрамайдану 2013-2014 гадоў ва Украіне былі арганізаваныя ЦРУ, МІ-6 і «Масадам». Ёсць там і выступы польскага суддзі Томаша Шмыта пра тое, што Польшча нясе адказнасць за распальванне вайны ва Украіне. А замацаванае відэа падрабязна распавядае, як грамадзяне Польшчы могуць атрымаць грамадзянства Беларусі.
Таксама афіцыйны дадатак Белтэлерадыёкампаніі, якая ў спісе санкцыяў ЕЗ з 2022 года, застаецца ў вольным доступе ў краме «Google Play» у ЕЗ з больш як 100 000 спампаванняў. Дадатак прапануе прамыя трансляцыі асноўных беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, уключаючы каналы 1, 2, 3 і 5, і працягвае атрымліваць абнаўленні ў «Play Store». Апошняе абнаўленне было ў кастрычніку 2024 года.
«Гэта выклікае сур’ёзныя асцярогі наконт прыватнасці, бо патэнцыйна можа даць беларускім дзяржаўным службоўцам доступ да персанальных звестак еўрапейскіх карыстальнікаў, у тым ліку імёны, нумары тэлефонаў і іншую аналітычную інфармацыю», – гаворыцца ў справаздачы.
Сярод падсанкцыйных беларускіх кампаніяў сваю прысутнасць на медыяплатформах маюць сярод іншага ЗАА «140 рамонтны завод», што спецыялізуецца на вытворчасці, капітальным рамонце і мадэрнізацыі бранятанкавай зброі і тэхнікі, уключаючы многія віды савецкай састарэлай тэхнікі, што ўжывалася Расеяй у вайне супраць Украіны. Прысутнічае ў сацсетках Еўразвязу і Менскі завод колавых цягачоў, што толькі ў 2024 годзе паставіў расейскаму вайскова-прамысловаму комплексу 200 вагонаў з колавай тэхнікаю і камплектнікамі.
Якуб Хруст belsat.eu