На 13 – 19 % за апошні год падаражэла падпіска на самыя тыражныя прапагандысцкія выданні. Для параўнання: агульны рост спажывецкіх цэнаў за гэты ж перыяд склаў 5,5 %.
«Позірк» параўнаў цэны ў падпісных каталогах «Белпошты». Выявілася, што цана камплекту «СБ. Беларусь сегодня» на першую палову 2025 года павялічылася на 7,4 % (з Br 117,60 да Br 126,30), «Народнай газеты» – на 9,1 % (з Br 89,40 да Br 97,56), «7 дней» – таксама на 9,1 % (з Br 55,20 да Br 60,24), «Знамени юности» – на 9 % (з Br 52,38 да Br 57,12), «Сельской газеты» – на 7,4 % (з Br 108 да Br 116,04), «Звязды» – на 7,1 % (з Br 109,20 да Br 117), «Рэспублікі» – на 6,9 % (з Br 108,60 да Br 116,10).
Цана паўгадовага камплекту штотыднёвіка «Аргументы и факты» ў параўнанні з другою паловаю 2024 года вырасла на 8,1% (з Br 61,50 да Br 66,50). «Экономическая газета» патаннела на 15,8 % (з Br 564,18 да Br 474,84). За апошні год агулам падпіска на найбольш тыражныя прапагандысцкія выданні падаражэла на 13–19 %.
Пры гэтым агульны рост спажывецкіх цэнаў за апошнія паўгода (лістапад да траўня 2024-га) склаў 1,8 %, за год (лістапад 2024-га да лістапада 2023-га) – 5,5 %.
Надзея Вольная belsat.eu