На канале «Беларусь 1» выйшаў прапагандысцкі фільм, у якім паказалі двух грамадзянаў Польшчы і аднаго беларуса, якія нібыта ўжо больш за 10 гадоў завербаваныя польскімі спецслужбамі і атрымлівалі грошы за звесткі пра Беларусь.
У фільме гаворыцца, што польскую выведку цікавілі стратэгічнае партнёрства ў рамках Саюзнай дзяржавы, звесткі пра перадыслакацыю вайсковых фармаванняў і ўдзел у вучэннях, у тым ліку Саюзнай дзяржавы.
Для гэтага нібыта і былі завербаваныя грамадзянін Беларусі Дзмітрый Пазнякоў і двое грамадзянаў Польшчы Томаш Бяроза і Ежы Жывалеўскі.
У фільме гаворыцца, што Дзмітрый Пазнякоў скончыў факультэт СПА Вайсковай акадэміі Беларусі, служыў камандзірам узводу СПА 38-ай брыгады ў Берасці, а затым быў намеснікам вайсковага каменданта Берасцейскай вайсковай камендатуры, выкладаў на кафедры супрацьпаветранай абароны вайсковага факультэту БДУ. Пазнякова нібыта з 2011 года завербавалі польскія спецслужбы.
У Томаша Бярозы від на жыхарства ў Беларусі. Прапагандысты сцвярджаюць, што ў 2010 годзе ён быў завербаваны польскімі спецслужбамі і выконваў іх даручэнні ў Беларусі. Нібыта вёў назіранне, пакідаў грошы ў схованках. У зняволенні ён застаецца са жніўня 2022 года і асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі. Мужчына распавядае, што ў яго двое непаўналетніх дзяцей.
Ежы Жывалеўскага прапагандысты называюць кантрабандыстам і кажуць, што ён быў завербаваны ў пачатку нулявых. Жыў у Горадні і быццам збіраў звесткі пра вайскоўцаў і Памежны камітэт, асуджаны за агентурную дзейнасць на 19 гадоў пазбаўлення волі.
Арсен Рудэнка belsat.eu