навіны

Спецпрадстаўнік Трампа па Украіне прапануе замарозіць лінію фронту

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбурэнні ў выніку расейскага авіяўдару ў будынку Дзяржпрому ў Харкаве, які знаходзіцца пад абаронай ЮНЕСКА. Харкаў, 29 кастрычніка. Фота: Тарас Мельничук / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбурэнні ў выніку расейскага авіяўдару ў будынку Дзяржпрому ў Харкаве, які знаходзіцца пад абаронай ЮНЕСКА. Харкаў, 29 кастрычніка. Фота: Тарас Мельничук / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Будучы спецыяльны прадстаўнік ЗША па Украіне і Расеі Кіт Келаг у сваім «мірным плане» прапануе замарозіць лінію фронту. Ён таксама выступае за прымус Кіева і Масквы да перамоваў і частковае зняцце санкцый з Расеі.

Васьмідзесяці гадовы Кіт Келаг, былы дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы, які павінен заняць пасаду спецыяльнага прадстаўніка па Украіне ў новай адміністрацыі ЗША, крытыкаваў дзеянні Белага дома. Ён заяўляў, што адміністрацыя Джо Байдэна занадта позна і ў недастатковых аб’ёмах накіроўвала зброю Украіне ў рамках абароннай дапамогі, паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на CNN.

Кіт Келаг лічыць, што Украіне трэба было даваць больш зброі яшчэ да пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расеі і адразу пасля яго, каб забяспечыць ейную перамогу.

Паводле ягоных словаў, «мяккі» падыход Трампа да расейскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна нібыта можа дазволіць дасягнуць пагаднення.

Келаг таксама адзначае, што ЗША не павінны ўцягвацца ў новыя канфлікты, бо іх уласныя запасы зброі аслабленыя праз дапамогу Украіне. Гэта можа стаць праблемай у выпадку канфлікту з Кітаем наконт Тайваня.

Генерал падкрэслівае, што перспектывы членства Украіны ў NATO вельмі аддаленыя. Пры гэтым прапанова прыняць Украіну ў альянс у знак «сімвалічнай салідарнасці» павінна быць прыпыненая на нявызначаны тэрмін у абмен на шырокамаштабнае мірнае пагадненне з гарантыямі бяспекі.

Свой «мірны план» Келаг прапануе зрабіць афіцыйнай палітыкай ЗША па спыненні агню і ўрэгуляванні канфлікту праз перамовы.

Згодна з ім падтрымка ЗША, у тым ліку фінансавая, будзе надавацца, хутчэй за ўсё, у якасці пазыкі і будзе залежаць ад перамоваў Украіны з Расеяй. Украіна будзе атрымліваць дастаткова зброі для абароны і стрымлівання расейскай агрэсіі, але не для актыўнага наступлення.

Келаг прапануе замарозіць лінію фронту шляхам увядзення рэжыму спынення агню і стварэння «дэмілітарызаванай зоны». За гэта Расея атрымае частковае змякчэнне санкцый, а поўнае зняцце будзе магчымым толькі пасля падпісання мірнага пагаднення, якое задаволіць Украіну.

Разам з тым Украіне не прапануюць адмовіцца ад спроб вярнуць акупаваныя тэрыторыі, але гэтыя спробы павінны адбывацца выключна дыпламатычным шляхам.

Келаг прызнае, што дыпламатычны прарыў будзе магчымы, хутчэй за ўсё, толькі пасля сыходу Пуціна.

У той жа час аўтар публікацыі CNN звяртае ўвагу, што Келаг, падобна, прытрымліваецца думкі, што вайна ва Украіне звязаная з каштоўнасцямі, якія Злучаным Штатам не трэба падтрымліваць, а значыць, яны павінны адступіць перад ядравай пагрозай Пуціна. Гэта супярэчыць, гаворыцца ў публікацыі CNN, цяперашняму адзінству, у якім Захад аддае прыярытэт каштоўнасцям уласнага ладу жыцця і бяспекі, грунтуючыся на ўроку 30-х гадоў пра тое, што ўгодлівыя дыктатары не спыняюцца.

«Гэта змрочны кампраміс для змрочнай вайны. Але гэта можа не пакласці канец, а замест гэтага адкрыць новую старонку, дзе адзінства і падтрымка Захаду пачнуць разбурацца, а Пуцін, як за сталом перамоваў, так і на фронце, наблізіцца да сваіх мэт», – гаворыць аўтар публікацыі ў CNN, каментуючы «мірны план» Келага. 

Нагадаем, што 27 лістапада абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп абвясціў пра прызначэнне Кіта Келага на пасаду спецыяльнага прадстаўніка па Украіне і Расеі. А 28 лістапада Келаг заявіў, што плануе нястомна працаваць для дасягнення міру.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10